Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавіцкая філія “Маладога фронту” вяртае памяць моладзі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Актывісты “Маладога фронту” ў Баранавічах працягваюць кампанію “Вернем памяць моладзі” – рамантуюць крыж у гонар ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, прыбіраюць прылеглую тэрыторыю. Адным з кіраўнікоў акцыі ёсьць Яраслаў Грышчэня. Праз тыдзень чакаецца судовы працэс паводле ягонай палітычнай дзейнасьці.

Сёньня актывісты “Маладога фронту” ў Баранавічах зноў зладзілі талаку на вуліцы Крупскай, дзе ўсталяваны крыж памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Нагадаю, тыдзень таму падчас падобнай акцыі маладафронтаўцы прапалолі і ўскапалі клюмбы вакол крыжа. Учора і сёньня талака прадоўжылася – актывісты адчысьцілі крыж ад розных абразьлівых надпісаў і пачалі прыбіраць прылеглую тэрыторыю. Сёньня закончыўся першы этап працы.

Лідэр баранавіцкіх маладафронтаўцаў Яраслаў Грышчэня кажа: гэта – своеасаблівы сыгнал моладзі, якая занадта захапляецца півам: “Гэтак мы спрабуем ўплываць на сьветапогляд аднагодкаў і людзей старэйшых гадоў” .

“Людзі бачаць, як мы працуем каля крыжа і пытаюць, што мы робім. Калі мы адказваем, што гэты крыж ўсталяваны ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, яны кажуць: “Ого! Я тут дзесяць гадоў жыву і ня ведаў, што тут за крыж такі”.

Хоць на крыжы й напісана: “Ахвярам гвалту”, гэтага недастаткова. Улады ж нічога ня робяць, каб патлумачыць людзям сэнс такіх помнікаў.

А калі вярнуцца да акцыі, то сёньня мы прадоўжылі падрыхтоўку клюмбаў і прыборку ўсяго сквэру, каб у верасьні высадзіць шматгадовыя кветкі, якія заквітнеюць наступнай вясной”.

Нагадаю, супраць Яраслава Грышчэні заведзеная крымінальная справа паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Юнаку пагражае да двух гадоў зьняволеньня. Суд мусіць адбыцца напачатку верасьня, але дакладны дзень яшчэ не прызначаны. Яраслаў Грышчэня кажа, што на будучы працэс не зьвяртае ўвагі і не зьбіраецца спыняць актыўнасьць. Адказваючы на пытаньне, ці не баіцца затрыманьня падчас талакі, Яраслаў згадаў пра апошні кантакт зь міліцыяй.

“Да нас падышоў міліцыянт і спытаў, што мы робім? Патлумачылі пра крыж. А ён: “А ці ёсьць у вас дазвол? Абавязкова патрэбны, гэта ж нейкая палітычная акцыя. Я зараз міліцэйскі аўтамабіль паклічу”. Тады мы спыталі, ці будзе яму прыемна, калі газэты напішуць, што такі вось міліцыянт затрымаў моладзь, якая ўпрыгожвала крыж ў гонар ахвяраў сталінскіх рэпрэсій” Яму стала сорамна і ён сышоў”.

У гонар Янкі Купалы вырастуць яблыні

Таксама супраць маладафронтаўцаў Івана Шылы з Салігорску і Насты Азаркі зь Нясьвіжу заведзеныя крымінальныя справы паводле таго самага артыкулу аб удзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Перад судом яны зьявяцца 4 верасьня. Насту Азарку затрымалі на выходныя падчас вулічнай акцыі пратэсту.

Іван Шыла – на волі. Як і Яраслаў Грышчэня, юнак таксама не спыніў дзейнасьці, у тым ліку ў кірунку культурнага адраджэньня. Хлопец рыхтуе пасадку алеі памяці Янкі Купалы з нагоды 125-годзьдзя славутага песьняра.

“Мы сустракаліся з галоўным архітэктарам гораду і атрымалі дазвол на пасадку алеі. Але гэта трэба рабіць ў другой палове восені, каб дрэвы прыжыліся”.

Ужо вырашана, што ў гонар Янкі Купалы маладафронтаўцы Салігорску пасадзяць яблыні. Алея зьявіцца каля мясцовай царквы.

• Працэс над маладафронтаўцамі пачнецца 4 верасьня , 24.08.07 • “Малады фронт” пад крымінальным перасьледам, 10.08.07
XS
SM
MD
LG