Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Ініцыятары Эўрапейскага маршу парвалі партрэт У.Пуціна</B>


Любоў Лунёва, Менск Сябры аргкамітэту Эўрапейскага маршу “За Свабоду” чакаюць, што акцыя, заплянаваная на 14 кастрычніка, зьбярэ некалькі тысяч чалавек. Моладзевыя актывісты, якія ўваходзяць у аргкамітэт маршу, падчас сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі рвалі партрэты прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Яны патлумачылі, што гэтак пратэстуюць супраць палітыкі расейскага кіраўніцтва.

Яўген Афнагель, які перад прысутнымі парваў партрэт Уладзімера Пуціна, патлумачыў свае дзеяньні:

“Расейскі амбасадар у Беларусі дазволіў сабе, мякка кажучы, несяброўскія выказваньні на адрас нашай краіны. У інтэрвію ён казаў, што ў Беларусі магчымае разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі.

Ні расейскае міністэрства замежных справаў, ні расейскі ўрад, ні расейскі прэзыдэнт ніяк не адрэагавалі на гэтую заяву, не абверглі яе. Таму мы робім выснову, што гэта пазыцыя расейскага ўраду, пазыцыя расейскага прэзыдэнта.

На знак пратэсту супраць такога стаўленьня да нашай краіны мы рвалі партрэты прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімера Пуціна. Беларуская моладзь абірае Эўропу, абірае незалежную Беларусь, а з усходняга боку ўвесь час зыходзіць пагроза незалежнасьці нашай краіны”.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі моладзевыя актывісты былі адзетыя ў сінія майкі зь лягатыпам Эўрапейскага маршу.

Мікіта Сасім расказаў пра хаду агітацыйнай кампаніі напярэдадні акцыі, якая мае прайсьці 14 кастрычніка:

“Распаўсюджваецца вельмі шмат друкаваных матэрыялаў — гэта й стыкеры, і газэты. Акрамя гэтага, людзям папросту распавядаюць пра Эўрапейскі марш, тлумачаць, што гэта за акцыя і для чаго яна патрэбная.

Зразумела, што ёсьць пэўныя цяжкасьці. Толькі дарогай на прэс-канфэрэнцыю затрымалі нашых двух актывістаў — толькі за тое, што ў іх былі сінія стужкі. Зразумела, што ёсьць праблемы, што ўлады будуць перашкаджаць нам, але ж я думаю, што ўсё будзе добра і беларускі народ даведаецца пра акцыю, і людзі прыйдуць”.

Зьміцер Хведарук, самы малады сябар аргкамітэту, расказаў, што неўзабаве арганізатары зьвернуцца да кіраўнікоў сілавых структураў і навучальных установаў з заклікам спыніць перасьлед дэмакратычнай моладзі.

“Падрыхтавалі адмысловы зварот, каб папярэдзіць іх пра адказнасьць. Калі яны будуць працягваць запалохваць моладзь, каб не выходзіла на вулічныя акцыі, у тым ліку на акцыю ў падтрымку эўрапейскіх каштоўнасьцяў, то за гэта яны будуць несьці адказнасьць.

Мы ў заяве напісалі пра тое, што ў Польшчы, калі выйшаў закон аб люстрацыі, то той, хто супрацоўнічаў са спэцслужбамі, мае цяпер праблемы з уладкаваньнем на працу, мае цяжкасьці ў штодзённым жыцьці, яму папросту цяжка глядзець людзям у вочы, якія жылі побач зь ім і ня ведалі, хто ён такі”.

Сацыяльны марш, які арганізатары плянавалі правесьці 30 верасьня, пераносіцца на лістапад — пасьля таго, як адбудзецца Эўрапейскі марш “За Свабоду”.

• 30 верасьня будзе днём актыўных дзеяньняў, 21.08.2007 • Ці змогуць маршы апазыцыі паўплываць на грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне?, 16.08.2007 • Ці змогуць маршы апазыцыі паўплываць на грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне?, 16.08.2007 • Апазыцыя аб’ядноўваецца, каб правесьці “Эўрапейскі марш за свабоду”, 14.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG