Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: абласная арганізацыя руху БНФ на мяжы ліквідацыі


Радыё Свабода Жыльлёва-камунальная ўправа Ленінскага раёну Магілёва не пагадзілася здаваць у арэнду абласной арганізацыі руху БНФ “Адраджэньне” памяшканьне пад офіс. Такую пастанову камунальнікі матывавалі тым, што прапанаванае памяшканьне будзе здавацца ў арэнду толькі праз аўкцыён.

Пра тое, што памяшканьне будзе выстаўляцца на аўкцыён, Рыгора Кастусёва загадзя ніхто не паінфармаваў. У сьпісе памяшканьняў, які ён атрымаў у гарвыканкаме амаль два месяцы таму, пра аўкцыён не было згадкі. Сёньня ён наведаў гарвыканкам:

“Сёньня пабыў у гарвыканкаме ў супрацоўнікаў аддзелу кіраўніцтва камунальнай маёмасьцю, куды мяне направілі са ЖРЭУ, да канкрэтнага чалавека, з канкрэтным пытаньнем і з канкрэтнай задачай. Гэты чалавек кажа: я ня ведаю, як гэта будзе адбывацца.

Я мяркую, што гэта адбываецца проста таму, што ва ўлады ўзьнікла задума канчаткова ліквідаваць нашу арганізацыю. Я, як бачу, гэтыя намаганьні ідуць пакуль што пасьпяхова”.

Супрацоўнікі жыльлёва-камунальнай управы пацьвердзілі, што памяшканьне па вуліцы Ленінскай, 26, на якое прэтэндавала грамадзкая арганізацыя, будзе здавацца ў арэнду праз аўкцыён, і, калі хто наважыцца ўдзельнічаць, апошняе слова застанецца за гарвыканкамам.

“Ёсьць управа маёмасьці — яны будуць вырашаць, я ўсяго толькі балянсаўтрымальнік”, — зазначыла кіраўніца жыльлёва-камунальнай управы Ленінскага раёну Магілёва Алена Майданюк.

Пытаньне, ці плянавалі раней выставіць прапанаванае грамадзкай арганізацыяй памяшканьне на аўкцыён, камунальнікі праігнаравалі.

У аддзеле аўкцыёнаў гарвыканкаму паведамілі, што наступны аўкцыён заплянаваны на 4 верасьня. У аддзеле не згадалі выпадкаў, каб грамадзкая арганізацыя ўдзельнічала ў камэрцыйных аўкцыёнах.

Пры канцы траўня былы офіс абласной арганізацыі руху БНФ “Адраджэньне” апячаталі міліцыянты. Ад таго часу арганізацыя застаецца безь юрыдычнага адрасу. Калі ня знойдуць іншага памяшканьня, ва ўправы юстыцыі аблвыканкаму будуць юрыдычныя падставы скасаваць рэгістрацыю арганізацыі.

Рыгор Кастусёў намагаўся знайсьці офіс у магілёўскіх бізнэсоўцаў. Тыя, аднак, баяцца кантактаваць з апазыцыйнай арганізацыяй — і кажуць пра тое адкрыта.

Ліквідацыя абласной арганізацыі руху БНФ “Адраджэньне” прывядзе да страты ўсіх яе суполак у Магілёўскай вобласьці.

• Ідэолягі будуць кантраляваць друкаваную прадукцыю разам зь міліцыяй, 12.03.2007 • Магілёў: Міліцыянты ўварваліся ў офіс Партыі БНФ, 07.03.2007
XS
SM
MD
LG