Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не дазволілі ніводнага пікету ў абарону А.Казуліна


Алег Грузьдзіловіч, Менск З болей як пяцідзесяці заявак на правядзеньне 30 жніўня пікетаў салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным мясцовыя ўлады не дазволілі ніводнага. Аднак такі вынік пачатку грамадзкай кампаніі ў абарону былога кандыдата на прэзыдэнта не спыняе яе арганізатараў.

У арганізацыі кампаніі салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным удзельнічаюць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя камуністаў беларуская ды незалежныя актывісты.

За два дні да правядзеньня заплянаваных пікетаў (а разам падалі болей за пяцьдзясят заявак), 28 жніўня, не атрымалі ніводнага дазволу. “У Гарадзенскай вобласьці, Віцебскай, Гомелі, Слуцку, Узьдзе, Рэчыцы, Рагачове — паўсюдна”, — пералічыў выканаўца абавязкаў старшыні БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч.

Камэнтуючы гэтыя вынікі, Анатоль Ляўковіч назваў іх “арганізаванай блякадай чыноўнікаў” і патлумачыў гэтак:

“Уладу задавальняе сытуацыя, калі старшыня апазыцыйнай партыі і кандыдат на прэзыдэнта знаходзіцца ў турме, а грамадзкасьць пра гэта мала ведае. А пікет усё ж пэўная падзея, асабліва ў рэгіёне. Па-другое, улада спрабуе даказаць сьвету, што ў нас няма палітзьняволеных”.

Арганізатары кампаніі падавалі заяўкі на правядзеньне пікетаў болей як за два тыдні, як і патрабуе закон.

Прычыны адмовы называюць розныя. У Жлобіне спаслаліся на тое, што “Аляксандар Казулін асуджаны паводле Крымінальнага кодэксу”. У Берасьці аказалася, што 30 жніўня на стадыёне “Лякаматыў”, які вызначаны ўладамі для масавых акцыяў, пройдзе дзіцячы турнір па футболе.

У Бабруйску намесьнік старшыні гарвыканкаму Віктар Дзясятнік падпісаў адмову, спаслаўшыся на тое, што для пікетаў у горадзе вызначылі іншае месца — стадыён на вуліцы Ўрыцкага. Тое, што заяўнікі акрамя прапанаваных імі васьмі месцаў пагаджаліся на любое іншае, бабруйскі чыноўнік нібыта не заўважыў.

Я датэлефанаваўся да спадара Дзясятніка. Вось фрагмэнт нашай гутаркі:

Дзясятнік: “Званіце Кавалевічу, ён вядзе гэтыя пытаньні”.

Карэспандэнт: “Але там ваш подпіс стаіць”.

Дзясятнік: “Мой подпіс, але ён вядзе гэтыя пытаньні”.

Карэспандэнт: “А хіба ня вы гэта вырашалі?”

Дзясятнік: “Ня я”.

Карэспандэнт: “І вы не цікавіліся, што падпісваеце?”

Дзясятнік: “Цікавіўся — і што? Патлумачыць нічога не магу. Тэлефануйце яму”.

Аднак да спадара Міхаіла Кавалевіча мне датэлефанавацца ўжо не ўдалося. Сакратарка адказала, што яго няма.

Адмовы на правядзеньне пікетаў атрымалі і ў Менску. Былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч заўважае, што гарадзкія ўлады адмовілі ня толькі заяўнікам, што хацелі правесьці пікет на Карла Маркса, 38, дзе знаходзіцца адміністрацыя прэзыдэнта, але і на плошчы Бангалор, якую афіцыйна вызначылі для падобных акцыяў. “Спаслаліся нібыта на рамонт плошчы, хаця месцаў, дзе нічога не рамантуюць, там дастаткова”, — кажа Ігар Рынкевіч. Як юрыст ён гэтак камэнтуе сытуацыю:

“Не працуе канстытуцыйная норма, артыкул 35-ты, які дазваляе масавыя мерапрыемствы. Гэтымі штучнымі адмовамі проста ігнаруюць правы грамадзянаў як адносна салідарнасьці з Казуліным, гэтак і цалкам адносна выяўленьня пазыцыі, адрознай ад пазыцыі афіцыйнай улады”.

Ігар Рынкевіч мякруе, што аб’яднанай апазыцыі трэба скарэктаваць агульную стратэгію абароны палітзьняволеных, у тым ліку Аляксандра Казуліна.

• Былы адвакат Рынкевіч: “Казуліну адпомсьцілі за праўду пра рэжым”, 13.07.08 • А.Казулін прапануе на Кангрэсе дэмсілаў сфармаваць урад народнага даверу, 23.02.07
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG