Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошты вырастуць амаль на ўсё


Ігар Карней, Менск Неўзабаве беларусаў чакае падвышэньне коштаў практычна на ўсе харчовыя і нехарчовыя тавары. Як заявіў сёньня на сустрэчы з журналістамі намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч, гэта зьвязана з новымі рэаліямі ў гандлёвых дачыненьнях з Расейскай Фэдэрацыяй, а таксама з каньюнктурай на ўсясьветных рынках.

Намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч кажа, што падвышэньне коштаў на прыродны газ, імпартаваны з Расеі, пакуль што істотна не адбіўся на дабрабыце беларусаў.

Паводле чыноўніка, асноўны цяжар пасьля росту кошту на газ на 114% узяў на сябе рэальны сэктар эканомікі:

“Ня столькі на насельніцтва мы імкнуліся перакласьці ўсё падаражаньне... Натуральна, што большую нагрузку панёс рэальны сэктар. Падвышэньне на газ са студзеня 2007-га для рэальнага сэктару склала 89,5%. Для насельніцтва — 20%, у электраэнэргіі — гэтаксама 20%. У цеплавой энэргіі тарыфы зьмененыя на 12%.

Улічваючы сацыяльную скіраванасьць палітыкі ў дзяржаве, зразумела, што рэальны сэктар павінен несьці большую нагрузку, каб згладзіць падаражаньне для насельніцтва і каб ні ў якім выпадку не дапусьціць зьніжэньня росту рэальных грашовых прыбыткаў”.

Ці стане раскошай і грамадзкі транспарт?

Прадстаўнік міністэрства прызнаў: хутка трэба чакаць коштавых скачкоў практычна ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі.

За восем месяцаў гэтага году кошты на нафтапрадукты, якія рэалізуюцца праз АЗС, вырасьлі на 15%. Ад 30 жніўня кошт праезду ў гарадзкім транспарце ў Менску падскочыць на 20% (ад 500 да 600 рублёў), у рэгіёнах праезд замест ранейшых 420 рублёў будзе каштаваць паўтысячы рублёў за паездку.

Паводле Ўладзімера Адашкевіча, нягледзячы на тое, што сёлета будзе намалочана зерня болей, чым летась, Беларусі давядзецца набыць за мяжой каля 200 тысяч тон элітных гатункаў харчовай пшаніцы, а таксама фуражнае зерне.

Таму ўжо ў верасьні плянуецца падвышэньне цаны на хлеб — у сярэднім на 3%, а на муку — на 4,5%. Уладзімер Адашкевіч таксама сказаў, што на 2% у жніўні і таксама на 2% у верасьні павысяцца цэны на малако.

За хлебам і малаком — камунальныя плацяжы?

Эканамічны аналітык Валянцін Мацкевіч зважае на той факт, што і хлеб, і малочныя харчы — стратэгічная група тавараў, якія ў самыя складаныя пэрыяды мусяць быць агульнадаступнымі:

“Гэта найбольш важныя тавары, якія вельмі моцна кантралююцца. І калі ўлады наважыліся на такі крок, то справа сур’ёзная. Канечне, і хлеб, і ўсё астатняе завязанае на энэрганосьбітах. Трымаць наколькі маглі — трымалі, кошты не падымалі вельмі доўга.

Але чакаць ласкі ўжо няма адкуль, неўзабаве далучацца і іншыя сфэры. У першую чаргу, камунальныя паслугі. Бадай, гэта самае складанае пытаньне. Пры тым, што кошты і без таго высокія, набліжаецца ацяпляльны сэзон, кастрычнік. І ад падвышэньня нікуды не падзецца. Таму наступным крокам, канечне, будзе карэктыва ў камунальных плацяжах. Трапіць сюды і вада: каб яе здабыць і перапампаваць, энэргія патрэбная. Энэргарэсурсы патрэбныя ўсюды”.

Кошт газу на 2008 год — таямніца?

Што чакаць ад 2008 году, калі кошты на газ будуць адкарэктаваныя ў бок падвышэньня? Намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч спадзяецца на плён ад перамоваў з кіраўніцтвам Расеі.

“Ёсьць у нас розныя варыянты зьмены кошту на газ. Але сёньня ніхто вам не назаве канкрэтнай цаны на газ, якая будзе прапанаваная Расеяй Беларусі ад 2008 году. Скажу чаму. Ёсьць пэўныя моманты.

Сёлета ў траўні ў Расеі прынятая ўнутраная пастанова наконт рэгуляваньня коштаў у Расейскай Фэдэрацыі. Там шмат новых момантаў, у якіх закладзеныя падыходы да ўсталяваньня кошту для расейскіх суб’ектаў гаспадараньня, і ў гэтым кантэксьце ў нас ёсьць і свае падыходы, і напрацоўкі, і чаканьні. Таму ёсьць разьлікі на розныя варыянты. Але канкрэтна сёньня цану газу на 2008 год ніхто не назаве. І я таксама”.

Аднак усё больш прадпрыемстваў, не чакаючы плённых перамоваў у Маскве, імкнуцца прэвэнтыўна падвысіць кошты на сваю прадукцыю. Прыкладам, ад сёньня на 3% павысіліся кошты на гарэлку.

Менск, 28.08.2007. Намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч: падаражэе ўсё... Намесьнік міністра эканомікі: падаражэе ўсё...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG