Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За рамонт школы бацькам трэба было плаціць заўсёды”


Галіна Абакунчык, Менск Празь некалькі дзён у беларускіх школьнікаў пачынаецца новы навучальны год. На што пайшло найбольш грошай у бацькоў падчас падрыхтоўкі дзяцей да школы? Апытаньне на вуліцах Менску.

Спадарыня: “Мы падручнікі дадатковыя набываем, каб дадатковыя заняткі праводзіць для большага разьвіцьця. А таксама на платныя гурткі”.

Спадар: “На ўсё — на рамонт школы, кабінэтаў, клясаў. Заўсёды дапамагаем школе”.

Карэспандэнтка: “З чым для вас былі зьвязаны найбольшыя выдаткі пры падрыхтоўцы дзіцяці да школы?”

Спадарыня: “Мы сыходзілі зь першай клясы з садочка — там зрабілі рамонт. Прыйшлі ў школу ў другую, неадрамантаваную клясу — і таксама вымушаныя былі рабіць рамонт. Ёсьць такая практыка ў школах. Канечне, нас папярэджваюць, што нібыта гэта ўсё добраахвотна. І хто катэгарычна адмаўляецца, то з таго грошы не бяруць. Але, у існасьці, мы робім рамонт”.

Спадарыня: “Самая вялікая цяжкасьць на сёньняшні дзень — набыць дзецям камізэлькі. Бо пінжакі яны носяць зь вялікаю неахвотаю — то там цісьне, то там цісьне. А ў крамах нічога няма”.

Спадарыня: “І што нам застаецца? Пайсьці ў іншую краму, набыць тканіны, тканіны на падкладку, гузікаў, і ўсё пашыць самім. Гэта прыкладна сто тысяч рублёў, а мо і больш будзе каштаваць”.

Спадарыня: “На сшыткі мы аддалі каля ста тысяч, нагавіцы, чаравікі — на ўсё каля 600 тысяч. Для звычайнай беларускай сям’і — да прыкладу, я настаўніца і зарабляю 700 тысяч, гэта вельмі цяжка”.

Спадарыня: “У асноўным на адзеньне і гурткі. Канечне, ёсьць цэнтры пазашкольнай працы, і там шмат ёсьць бясплатных. Але мы хочам на плаваньне, да прыкладу. Танцы таксама абавязкова платныя. І, канечне, адзеньне, канцылярскія тавары цяпер адбіраюць усе грошы”.

Карэспандэнтка: “Якія ў вас найбольшыя выдаткі пры падрыхтоўцы дзіцяці да школы?”

Спадар: “Пераходны год у нас ужо быў, і што тычыцца выдаткаў на рамонт клясы, то гэта мы ўсё ўжо зрабілі. Але цяпер усё будзе наноў, і гэта будзе абмяркоўвацца пасьля 1 верасьня”.

Спадарыня: “Канечне, сродкаў, якія дае гарвыканкам на рамонт школаў, не хапае. Школы ж ня новыя, патрабуюць грунтоўнага рамонту. Але так было заўсёды”.
XS
SM
MD
LG