Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>М.Чаргінец: “Беларусь не плянуе ўвядзеньня ядзернай зброі на сваю тэрыторыю”


Алесь Дашчынскі, Менск Камэнтуючы заяву амбасадара Расеі ў Менску пра магчымае разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, старшыня міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі Мікалай Чаргінец заявіў, што ў цяперашняй сытуацыі гэтае пытаньне нельга вырашыць.

“Для таго, каб вырашаць гэтае пытаньне, трэба весьці перамовы, трэба сустракацца і абмяркоўваць. Ніякіх размоваў ні ўнутры Беларусі, ні на міжнароднай арэне, ні на беларуска-расейскіх перамовах, на гэту тэму не было. Таму ставіць гэта пытаньне як пытаньне, якое рашаецца ці абмяркоўваецца, нельга.

Таму, што меў на ўвазе паважаны амбасадар Расеі ў Менску спадар Сурыкаў, мне цяжка сказаць, і я думаю, што трэба зьвяртацца да яго”.

Карэспандэнт: “А ці хацела б Беларусь мець на сваёй тэрыторыі расейскую ядзерную зброю?”

Чаргінец: “Беларусь не хацела б мець на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю – ні расейскую, ні амэрыканскую, ні іншую. Яна ёсьць адзінай краінай у сьвеце, якая дабраахвотна, без усялякіх умоваў, не атрымаўшы за гэта ні цэнта, вывела са сваёй тэрыторыі ракетную ядзерную зброю.

Пасьля гэтага, праўда, былі парушэньні гэтых абавязаньняў з боку ЗША, якія абяцалі дапамагчы Беларусі ў ліквідацыі шахтаў пускавых установак міжкантынэнтальных балістычных ракет. Яны гэтага не зрабілі.

Былі нейкія папрокі адносна Беларусі, нават насьмешкі, калі яна вылучала прапановы аб стварэньні бязьядзернай зоны ў Эўропе, заклікала краіны-суседзі ўзяць на сябе такія абавязаньні. Усё гэта заставалася без рэакцыі.

Беларусь - бязьядзерная дзяржава. Яна не плянуе ўвядзеньня ядзернай зброі на сваю тэрыторыю. І ніякіх перамоваў у гэтым пытаньні не вядзе”.

Карэспандэнт: Ці можна разглядаць тады як правакацыю заяву расейскага пасла?

Чаргінец: “Не, я не сказаў бы. У нас жа кожны мае права выказваць сваю думку. Колькі нам давялося цярпець такіх заяваў з боку розных палітыкаў Эўропы, якія вінавацяць Беларусь у любых грахах. Гэтаксама і з боку амэрыканскіх палітыкаў і вышэйшых службовых асобаў. Таму мы да гэтага ставімся спакойна, з годнасьцю, разумеючы, што кожны можа гаварыць усё, што ён хоча. Але адны выступы павінны ацэньваць палітыкі, а іншыя – можа, нават лекары. Таму я не разглядаю гэта як правакацыю. Кожны мае права гаварыць, у тым ліку амбасадар Расеі. Але ніякіх перамоваў на гэту тэму паміж Беларусьсю і Расеяй не вялося і не вядзецца”.

• А.Саньнікаў: "Лукашэнка павінен адрэагаваць на заяву Сурыкава, 28.08.2007 • Станіслаў Шушкевіч: “Расея ўсё больш вяртаецца на пазыцыі былога СССР”, 27.08.2007 • Расея марыць вярнуць у Беларусь ядзерную зброю?, 27.08.2007
XS
SM
MD
LG