Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>К.Касачоў: “Я нічога ня ведаю пра нейкія канкрэтныя пляны ў дысьлякацыі расейскай ядзернай зброі па-за межамі расейскай тэрыторыі”


Алесь Дашчынскі, Менск Старшыня камітэту ў міжнародных справах расейскай Дзярждумы Канстанцін Касачоў (фракцыя “Единая Россия”) заявіў, што на гэтым этапе ня стаў бы надаваць заяве амбасадара Расеі ў Менску А.Сурыкава нейкага надзвычайнага характару.

Але ці азначае гэтая заява, што Расея паспрабуе прымусіць Беларусь парушыць міжнародныя дамоўленасьці, якія яна падпісала ў 1990-ыя гады? На гэтае пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода Канстанцін Касачоў адказаў:

“Наколькі я разумею, наш амбасадар казаў пра існуючы набор магчымасьцяў супрацоўніцтва паміж Расеяй і Беларусьсю ў вайсковай абарончай сфэры як дзьвюх дзяржаваў-суседак і саюзьніцаў.

Я нічога ня ведаю пра нейкія канкрэтныя пляны ў дысьлякацыі расейскай ядзернай зброі па-за межамі расейскай тэрыторыі. Так што пастаноўка гэтага пытаньня носіць чыста тэарэтычны характар.

Ну, а тое, што тычыцца міжнародных абавязаньняў Беларусі, дык рашэньні 1990-х гадоў зводзяцца да адмовы Беларусі ад уласнай ядзернай зброі, і гэтыя рашэньні, безумоўна, не падлягаюць перагляду.

Што тычыцца расейскай ядзернай зброі, дык яе разьмяшчэньне па-за межамі расейскай тэрыторыі, паводле ўзаемнай дамоўленасьці бакоў, ніяк не супярэчыць міжнародным дамовам Расеі і таго боку, які ў такое супрацоўніцтва ўступае. Падкрэсьлю, што я цяпер камэнтую чыста тэарэтычны, юрыдычны бок гэтага пытаньня”.

Карэспандэнт: Якія наступствы можа мець для сьвету разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі?

Касачоў: “Вы мне гэтае пытаньне задаяце, як быццам такое рашэньне ўжо адбылося. Ніякіх такіх рашэньняў, наколькі мне вядома, не існуе. Таму абмяркоўваць нейкія гіпатэтычныя пэрспэктывы я лічу абсалютна заўчасным”.

• А.Саньнікаў: "Лукашэнка павінен адрэагаваць на заяву Сурыкава", 28.08.2007 • Станіслаў Шушкевіч: “Расея ўсё больш вяртаецца на пазыцыі былога СССР”, 27.08.2007 • Расея марыць вярнуць у Беларусь ядзерную зброю?, 27.08.2007
XS
SM
MD
LG