Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рух паўстанцаў па некаторым перапынку зноў ажывіўся”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 28 жніўня ў розныя гады мінулага.

“Nowe Zycie”, год 1927. Газэта піша: “Паведамляюць зь Менску ў Маскву, што рух паўстанцаў па некаторым перапынку зноў ажывіўся. Атаман Клім, які на пару тыдняў схаваўся ў лясах каля Слуцку, учыніў некалькі раптоўных нападаў у барысаўскай акрузе ў той момант, калі часткі беларускай чырвонай арміі знаходзіліся на вучэньнях у летніх лягерах. Адразу пасьля таго, як былі атрыманы весткі аб нападах, былі высланы тры каманды міліцыі, якія, аднак, ня здолелі ўвайсьці ў баявы кантакт з атрадам Кліма”.

“Віцебскі пролетарый”, у 1937 годзе надрукаваў такую рэкляму: “29 жніўня пасля рамонту зноў адчыняецца кафэ-кандзіцерская на вул. “Правды”, 4 (тэл. №5-76). Штодзённа ў продажы рознастайныя высокаякасныя кандзіцерскія вырабы ўласнай выпрацоўкі... Штодзённа: кофе, чай, какао, зліўкі, смятана, малако, яечкі і т.д. Прымаюцца заказы на кандзіцерскія вырабы з дастаўкай на дом. Кафэ-кандзіцерская адчынена штодзённа з 8 гадз. раніцы да 1 гадз. ночы”.

На старонках “Культуры” на гэтым тыдні 1997 году Адам Мальдзіс выказваецца аб праекце “Залатое кальцо Беларусі”: “Аптымізм надае тое, што праектам апякуецца такая паважаная арганізацыя, як ААН... Галоўнае — трэба, каб нашыя дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі пераадолелі скепсіс у адносінах да турызму ў Беларусі. Некаторыя лічаць, што турызм — гэта калі мы едзем за мяжу, бо ў Беларусі няма нічога цікавага. А вось калі паездзім з імі разам, пакажам, раскажам, тады гавораць, што ў Беларусі ёсць на што глядзець”.
XS
SM
MD
LG