Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Глыбокім чыноўнікі дамагліся для сваіх дзяцей рускамоўнай клясы


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць У Глыбокім актывісты Руху “За Свабоду” і сябры Партыі БНФ зьбіраюць подпісы супраць стварэньня клясаў з расейскай мовай навучаньня ў сярэдняй школе №3. Шэсьць год запар выкладаньне ў гэтай школе вялося на беларускай мове, аднак сёлета Міністэрства адукацыі распарадзілася, каб сфармаваць дзьве клясы з навучаньнем па-расейску.

Больш за 30 подпісаў пад калектыўнымі лістамі пратэсту супраць русыфікацыі беларускай школы №3 ужо перададзена ў Глыбоцкі раённы аддзел адукацыі. Прадстаўнік стваранага Руху "За Свабоду", намесьнік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч учора сустракаўся з начальнікам аддзела адукацыі Раманам Тарасевічам.

“Я размаўляў зь ім, і спадар Тарасевіч таксама трымаецца думкі, што ў Глыбокім павінна застацца беларускамоўная школа, – расказвае Берніковіч. – Але некалькі чыноўнікаў зь ня самымі лепшымі маральнымі якасьцямі вырашылі зьнішчыць адзіную беларускую школу. Яны таксама зьбіралі подпісы, каб унучак аднаго з гэтых чыноўнікаў пайшоў сёлета ў першую расейскамоўную клясу. У нас горад невялікі, і ёсьць яшчэ дзьве школы з расейскай мовай навучаньня. Аднак калі расейскія клясы будуць ствараць у беларускай школе, то для тых, хто хоча, паступова зьнікне магчымасьць навучацца па-беларуску.”

Глыбокае, 28.08.2007. Падпісныя аркушы, што ўжо трапілі да загадчыка аддзелу адукацыі Падпісныя аркушы, што ўжо трапілі да загадчыка аддзелу адукацыі



Як распавядаюць бацькі выхаванцаў дзіцячага садку №5, ініцыятыва зьбіраць подпісы за расейскамоўнае навучаньне паршаклясьнікаў сыходзіць ад бацькоў – мясцовых камэрсантаў і дзядуляў – дзяржаўных чыноўнікаў: адзін дзядуля – чыноўнік Гандлёвай палаты, другі – дэпутат у абласным савеце.

Дырэктарка глыбоцкай сярэдняй школы №3 Лілія Маўчун таксама не хавае таго, што ініцыятыва стварэньня расейскамоўных клясаў прыйшла "зьверху" – з узроўню, вышэйшага за райаддзел адукацыі:

“У новым законе аб адукацыі напісана, што мова абіраецца паводле жаданьня бацькоў, – гаворыць Лілія Маўчун. – Спаслаўшыся на тое, што ў дзяржаве дзьве мовы, бацькі пайшлі далёка: ні школе, ні настаўнікам, ні раённым уладам не ўдалося іх пераканаць. Яны дайшлі да абласнога аддзелу адукацыі, да міністэрства, і пытаньне вырашылася станоўча. Дзьве клясы выказалі жаданьне – другая і першая – і яны будуць навучацца па-расейску. Выпускацца ўжо таксама яны будуць як расейскамоўныя клясы.”

Сярэдняя школа №3 лічыцца ў Глыбокім прэстыжнай навучальнай установай, бо тут вопытныя настаўнікі і добрая матэрыяльная база. Аднак у райцэнтры ёсьць і яшчэ адна, ня менш прэстыжная – гэта гімназія, куды вучняў прымаюць у пятую клясу. Навучаньне ў ёй таксама вядзецца па-беларуску. Таму Старшыня Глыбоцкага аддзяленьня "Таварыства беларускай школы" Віталь Гарановіч выказвае меркаваньне, што тыя, хто сёлета запатрабаваў навучаньня па-расейску для першаклясьнікаў і другаклясьнікаў у сярэдняй школе №3, праз колькі год паспрабуюць зрусыфікаваць яшчэ й глыбоцкую раённую гімназію. Пра гэта Віталь Гарановіч склаў адмысловую заяву, якую надрукавалі і недзяржаўная газэта "Вольнае Глыбокае", і нават дзяржаўная "раёнка" "Весьнік Глыбоччыны".

Глыбокае, 28.08.2007. Жыхары Глыбокага падпісваюцца за захаваньне беларускай мовы ў СШ №3 Жыхары Глыбокага падпісваюцца за захаваньне беларускай мовы ў СШ №3

Мясцовыя актывісты маюць намер працягваць збор подпісаў за захаваньне статусу беларускамоўных навучальных устаноў. Тым болей, што Глыбокае – гэта на сёньня адзіны райцэнтр Віцебскай вобласьці, дзе працуюць беларускія школы. Амаль усе астатнія школы з беларускамоўным навучаньнем – вясковыя, якія й так паступова зьнікаюць разам з беларускай мовай выкладаньня. Так сёлета на Віцебшчыне зачынілі 19 вясковых школ – у іх проста няма каму хадзіць. Пра гэты аспэкт агульнабеларускай дэмаграфічнай праблемы гаварылася на абласной калегіі настаўнікаў. Праблема захаваньня беларускамоўнага навучаньня на афіцыйных сходах даўно ўжо не ўзьнімаецца.
XS
SM
MD
LG