Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАІ Менску: 80% сацыяльнай рэклямы ўздоўж дарог – нашая


Радыё Свабода “ДАІ Беларусі мае намер скарыстацца ізраільскім досьведам і ўстанавіць на беларускіх дарогах шчыты з надпісам: “Хто парушае правілы дарожнага руху, у таго прадмет мужчынскага гонару – меншы!”, – пра гэта паведаміла агенцтва “Інтэрфакс”, спасылаючыся на ДАІ Беларусі. “Начная Свабода” высьвятляла: ці сапраўды ДАІ плянуе гэткую рэклямную кампанію?

У Ізраілі рэклямная кампанія “Хто парушае правілы дарожнага руху, у таго прадмет мужчынскага гонару – меншы!” панізіла аварыйнасьць у 7 разоў.

Пра намер правесьці падобную акцыю заявілі прадстаўнікі беларускай ДАІ. Па тлумачэньні мы зьвярнуліся ў аддзел агітацыі і прапаганды ДАІ Менгарвыканкаму. Загадчыца аддзелу Жанна Трайно выказала вялікі сумнеў у магчымасьці такога кірунку сацыяльнай рэклямы ДАІ, пра які раней заяўлялі прадстаўнікі Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі:

“Я ад імя ДАІ гораду заяўляю, што мы ў далейшым, калі будзем працаваць над сацыяльнай вонкавай рэклямай, будзем прытрымлівацца агульначалавечых і этычных нормаў. Можа, нехта проста прыдумаў гэтую “вутку”? Наагул, гэткія ідэі нам у галаву не прыходзілі”.

"Скандальнасьць таксама патрабуе якасьці"

Наколькі эфэктыўная будзе такая сацыяльнай рэкляма? Крэатыўны дырэктар міжнароднага рэклямнага агенцтва “FCB Беларусь” Канстанцін Алейнік кажа, што скандальнае рэкляма па-за межамі Беларусі набывае ўсё большую папулярнасьць з-за высокай эфэктыўнасьці. Агучаная ДАІ рэкляма, на погляд Канстанціна Алейніка, патэнцыйна пасьпяховая, але недаробленая. У прыватнасьці, сама фраза занадта доўгая – яе немагчыма дачытаць, асабліва калі ехаць на высокай хуткасьці:

Алейнік: “Вельмі благі пераклад з іўрыту... Зьяўляецца прэтэнцыёзная брутальнасьць... На іўрыце гэта гучыць значна карацей, а ведаючы добра той мэнталітэт, то й значна весялей гучыць. Гэтая ідэя – станоўчая і пасьпяховая, але патрабуе добрага перакладу ці нават адаптацыі пад мэнталітэт тутэйшы. Тады яна сапраўды будзе працаваць. Магчыма, яна б магла гучаць як “Пантавацца лепш не на дарозе”...

Яскравасьць ці колькасьць?

На думку Канстанціна Алейніка, беларускай сацыяльнай рэкляме бракуе яскравасьці, вобразнасьці і гумару. Затое прынамсі ДАІ гораду спрабуе кампэнсаваць гэта колькасьцю. Кажа Жанна Трайно:

“80 % шыльдаў уздоўж дарог – гэта сацыяльная рэкляма ДАІ. Не пажарных, не крымінальнага вышуку, не АБЭПу. Сярод праваахоўчых органаў мы аддаем сацыяльнай рэкляме найбольш увагі”.
XS
SM
MD
LG