Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 27 жніўня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах сайту Onliner.by абмяркоўваюць сёньняшнія заявы расейскага амбасадара Аляксандра Сурыкава пра тое, што Расея не выключае разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі. Меркаваньні ўдзельнікаў:

“Угу. А Шушкевіча Валэнса рэкамэндаваў за Нобэлеўскую прэмію міру за вывад гэтай самай зброі”.

“Ну, значыцца, на нас скіруюць свае ракеты тыя, каму трэба. Каб зьнішчыць на ўзьлёце”.

“Няўжо Расея ўклалася ў будаўніцтва АЭС?”

Блогер Arshanski разважае аб тым, ці варта было вылучаць Станіслава Шушкевіча на Нобэлеўскую прэмію:

“Сярод усіх закідаў былому сьпікеру Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня найчасьцей закідаюць “завал” рэфэрэндуму ў 1992 годзе. (…) Але тут ёсьць нюанс. Шушкевіч ня проста пабаяўся ўзяць на сябе адказнасьць за прызначэньне даты рэфэрэндуму. На той час ён актыўна дзейнічаў для таго, каб рэфэрэндум не адбыўся.

Напярэдадні разгляду пытаньня ў Вярхоўным Савеце кіраўнік парлямэнту паехаў у Воршу – сустрэцца з рабочым лідэрам Міколам Разумавым, які ўвесну 1991 году вывеў людзей на рэйкі й на некалькі дзён перакрыў чыгунку. На час паездкі Шушкевіча ў Воршу Разумаў быў ужо асобай, блізкай да палітычнага ўзбочча, але памяць намэнклятуры была моцная: чынавенства баялася, што адмена рэфэрэндуму (за яго правядзеньне сабралі прызнаных подпісаў больш, чым патрабаваў закон, ВС павінен быў толькі прызначыць дату) зноў выведзе людзей на вуліцы, на рэйкі. Каб пераканацца ў тым, што гэтага не адбудзецца, Шушкевіч і паехаў у Воршу. Гэта быў сьвядомы крок тагачаснага беларускага лідэра, скіраваны на тое, каб ня даць правесьці дэмакратычныя зьмены ў верхавіне ўлады. Ці варты такі чалавек Нобэлеўскай прэміі?”

На форумах парталу TUT.by зноў абмяркоўваюць кватэрнае пытаньне: менчукі перасталі набываць жытло, бо кватэры сталі занадта дарагія, цьвердзіць “Комсомольская правда в Белоруссии”. Што пра гэта думаюць удзельнікі форумаў?

“Так, мы такія, перасталі. Мы ўклаліся ў акцыі “Газпрому”.

“Скажам, было б за што плаціць. За 72 тысячы прапануюць нікчэмную пляніроўку савецкага часу”.

“Я ня думаю, што расейцы тут проста пачкамі кватэры скупаюць. Дом пабудавалі, у ім кватэры ад 100 000 даляраў – і адразу прыляцелі расейцы... і адразу ўшчэнт набылі ўвесь дом. Вядома, набываюць расейцы ў Менску кватэры, але не ў такіх колькасьцях, каб церазь іх так цэньнік узьняўся. Некаму ўверсе вельмі выгадна, каб быў высокі цэньнік за квадратны мэтар, то была прыдумана цудоўная казачка пра злых, але заможных расейцаў”.

“Грошы адмывае мафія. Узятыя ў выглядзе адкатаў зь бюджэту. Каб потым на іх скупляць заводы-палацы-параходы. І сказаць: грошы мае чыстыя, узяліся ад чыстага бізнэсу – гандлю нерухомасьцю”.

Аляксандар Брэчак у сваім блогу на сайце telegraf.by піша пра тое, што Расея нядаўна зноў заявіла пра неабходнасьць выдаткаваць амаль 3 мільярды расейскіх рублёў на абсталяваньне “заходняй мяжы саюзнай дзяржавы”:

“І які нам рэзон па ўсёй краіне й на заходніх межах адлоўліваць натоўпы нелегальных мігрантаў, якія ўсімі відамі транспарту масава скіроўваюцца з боку Расеі й неабсяжнай Эўразіі ў Эўропу? Каму трэба, тыя няхай іх і ловяць... (…) Адзіная падстава, якой можна растлумачыць імкненьне беларускай улады і надалей умацоўваць заходнюю мяжу, – атрыманьне дадатковых прыбыткаў у бюджэт у выглядзе мыта ды іншых збораў".

У блогу R_a_t__k_i_n_g’a зьявіўся фатаздымак кубінскага лідэра Фідэля Кастро. Праўда, з твару ён крыху нагадвае Аляксандра Лукашэнку. “Фідэль Кастра жывы, – піша гаспадар блогу. – Яго сёньня паказвалі на БТ”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG