Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алесь Клышка: “Я бачу свае вершы ўва сьне”


Валер Каліноўскі, Прага Госьць “Начной Свабоды” – менскі паэт і кандыдат тэхнічных навук Алесь Клышка.

Каліноўскі: “Сярод вершаў, якія вы чыталі на гэтым тыдні для “Начной Свабоды”, гучала духоўная, патрыятычная і любоўная лірыка. Скажыце, што вас прыцягвае болей, пра што цяпер пішацца?”

Клышка: “Вы ведаеце, я бачу свае вершы ўва сьне. Ідэю напісаньня вершу замаўляюць мае блізкія людзі. І я сам так і не растлумачыў бы, адкуль бяруцца пэўныя словы, пэўныя вобразы... Але ў той жа час гэтая справа робіцца лёгка, непрымусова, а пра вынік можна ўжо меркаваць, як кажуць, чытачам, слухачам...”

Каліноўскі: “А якія тэмы вам больш прыходзяць у сьне?”

Клышка: “Тэмы духоўнасьці. Пэўны час я жыў, як і ўсе людзі, асабліва не зважаў на працу над душою. Як кажуць, вера – гэта дар божы. І 10 год таму я блізка пазнаёміўся з нашым вядомым паэтам Зьнічом, інакам Мікалаем, і нешта зьмянілася ў маім жыцьці. Я больш стаў зьвяртаць увагу на духоўную літаратуру. Гэтая тэма мяне закранула, і большая частка вершаў – у кантэксьце духоўнай паэзіі”.

“Хвалюе тое, што няма аб''яднаньня нацыі і асабліва яе эліты”

Каліноўскі: “Адзін зь вершаў, "Горкі вянок цыбулі", вы прысьвяцілі сьветлай памяці Анатоля Сыса. Што для вас такое "горкі вянок цыбулі", пра што ў вас найбольшы непакой як у паэта і грамадзяніна цяпер?”

Клышка: “Як нарадзіўся гэты верш: у адным з нумароў "ЛіМу" быў надрукаваны партрэт Анатоля, дзе ён быў зь вяночкам цыбулі на шыі. Потым, калі я неаднаразова сустракаўся зь ім, нарадзіўся вобраз чалавека, дзе спалучаюцца і горыч, і веліч. Я згадваю, калі Толя падпісваў мне сваю кніжку вершаў, ён пісаў усім толькі адны словы – "Я цябе люблю". Як бы чалавек сябе не паводзіў, а душа была ўзьнёслая, чыстая, душа сапраўднага паэта.

А што баліць... Калі адразу сказаць – апошняя сустрэча са сваімі сябрамі-пісьменьнікамі: няма дзе сустрэцца, няма свайго куточку, пакою, памяшканьня... Ладзіць вечарыны – трэба шукаць мсеца. Дзякуй богу, на прэзэнтацыю сваіх кніг я знаходжу месца толькі дзесьці ў храмах, дзесьці ў прыхадзкіх дамах, дзе мае знаёмыя сьвятары даюць магчымасьць дзесьці прытуліцца.

Клапоціць тое, што падзяліўся Саюз, і з аднаго боку засталіся людзі, якія табе неабыякавыя і блізкія, з другога боку блізкія людзі. Напрыклад, з таго боку застаўся Віктар Шніп, які пісаў калісьці мне пасьляслоўе да маіх кніг і друкаваў мяне ў “ЛіМе”. Па гэты бок – людзі, якія вельмі ў гаротным стане знаходзяцца, вось гэты горкі вянок... Вось мы яго падзяляем. І, на жаль, пакуль што няма ніякага выйсьця. Нчога ня робіцца, каб выкарыстаць гэты вялікі патэнцыял з аднаго і другога боку, няма аб''яднаньня нацыі і асабліва яе эліты”.

“Я не падзяляю занятак тэхнічнай і лірычнай справай”

Каліноўскі: “Вы зьяўляецеся аўтарам шэрагу тэхнічных вынаходак. Як вы лічыце, што вы вынайшлі ў паэзіі?”

Клышка: “Па-першае, як чалавек творчы я не падзяляю занятак тэхнічнай і лірычнай справай, што дапамагае займацца паэзіяй. Нас, “тэхнароў”, вучылі дакладнасьці, сьцьпласьці, канкрэтыцы. І калі я пачынаю зьвяртацца да паэзіі, я сам сабе задаю такую планку, што мне трэба абмежаванымі словамі, зразумелымі думкамі, яскравымі, выразнымі вобразамі выкласьці нейкія свае пэўныя намаганьні ў паэзіі.

У той жа час, калі я займаюся сваёй тэхнічнай справай, я падыходжу да яе зь лірыкай, сьвятам, музыкай. Я па спэцыяльнасьці ліцейшчык, і наша справа вельмі цяжкая – высокая тэмпэратура ў цэхах, дрэнная экалёгія, і бяз творчасьці, бяз гумару падыходзіць да сваёй справы вельмі цяжка”.

Каліноўскі: “Такім чынам, вашыя дзьве іпастасі паэта і тэхніка аб''ядноўвае творчасьць?”

Клышка: “Толькі так”.

АПЫТАНЬНЕ: каго больш сярод беларусаў – фізыкаў ці лірыкаў?



Каліноўскі: “Дык што, рамантыка ні да чаго не прыводзіць, як сказала адна з удзельніцаў гэтага апытаньня?”

Клышка: “Гэта памылковая думка. Рамантызм у пэўным сэнсе – гэта разьняволенасьць, воля, свабода. Я, як былы турыст і спартсмэн, ведаю, што бяз пэўнай авантурнасьці, бяз пэўнай неабачлівасьці нельга зрабіць сур''ёзны крок. Рамантызм ёсьць і ў паэзіі, і ў працы – навуковыя адкрыцьці рабіліся рамантыкамі! Чалавек браўся за тэму, якая падавалася ўсім бязглуздай, а ён дабіваўся, рабіў вынаходніцтва і высока ўзносіў гэтую ідэю і гэтую справу.

Я б наагул не падзяляў чалавека – відаць, самае сумнае, калі гучыць слова "прагматык". У пэўным сэнсе, прагматызм – добрая справа, ён павінен прысутнічаць у палітыцы, у навуцы, а калі мы вядзем гаворку пра асобу чалавека, гэтай адзінкі божай, то, як казаў інак Мікалай: калі на кожным чалавеку ёсьць паслушаньне, якое Гасподзь яму даў, і чалавек павінен яго выканаць, то вось тут ён павінен скарыстоўваць і рамантызм, і прагматызм, і дакладную тэхнічную падрыхтоўку”.

“Бацькам мы ўдзячныя за нараджэньне, а дзядам – за талент”

Каліноўскі: “Вы нядаўна выдалі кніжку дзёньнікаў свайго дзеда Ёсіфа Голубева пад назвай "Шчасьце маё" – ягоным імем названая вялікая вуліца ў Менску...”

Клышка: “Я раскапаў гэтыя дзёньнікі ў архівах, надрукаваў, 20 год прайшло зь першай публікацыі ў “Советской Белоруссии” да выданьня гэтай кніжкі. Мне было цікава, што адбывалася падчас польскай і нямецкай акупацыі, што пісалі газэты – я дадаў туды, што пісалі менскія газэты пра стварэньне БНР, беларускіх школ, садочкаў. Мяне ўразіла, што калі было абвешчана стварэньне БНР, этнічныя беларусы, якія ў свой час зьехалі ў Сыбір, дасылалі лісты з пажаданьнем вярнуцца ў Беларусь... Я знайшоў у сховішчах фатаздымак Уладзіслава Галубка з подпісам майму дзеду, зь якім ён сябраваў... Калі я прынёс гэтыя фатаздымкі ў гасьцёўню Галубка, яны кажуць – у нас такога няма...”

Каліноўскі: “Вельмі цікавыя запісы, адно што мне было цяжка зразумець, як у гэтай асобе сумяшчаўся камуністычны сьветапогляд і надзвычайная рэлігійнасьць, якая бачная ў гэты дзёньніках?”

Клышка: “Па-першае, вельмі цяжка быць аб''ектыўным да свайго сродніку... Усё хочаш дадаць рысаў, якія адсутнічаюць... І ў той жа час мне вельмі лёгка весьці гаворку пра дзеда. Чытаючы лісты, якія захаваліся – некаторыя зь іх з пазамінулага стагодзьдзя, адрасаваныя дзеду ад яго бабкі – і кожны раз (ён быў паходжаньнем з ніжагародзкай губэрніі) яны пачыналіся словамі: "Гасподзь цябе барані..." Гэта тое зерне, якое было закінута ў сэрца майго дзеда. А зярнятка прарастае, калі ствараюцца пэўныя ўмовы.

Чалавек на той час вельмі інтэлігентны – Г.Бураўкін назваў яго ў прадмове "першым народным інтэлігентам" – ён умеў усё рабіць сваімі рукамі. Вывучаў замежныя мовы, займаўся гальванаплястыкай, быў цудоўны разьбяр па дрэве. 40 год ён працаваў у ліцейным цэху – мне ў спадчыну трапіў ягоны занятак...”

Каліноўскі: “І таксама ягоны паэтычны падыход да жыцьця...”

Клышка: “Я наагул вельмі да яго падобны. Мы бацькам удзячныя за нараджэньне, а дзядам – за талент”.
XS
SM
MD
LG