Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы — пра падрыхтоўку да школы


Сяргей Астраўцоў, Горадня З чым былі зьвязаныя для вас найбольшыя выдаткі пры падрыхтоўцы дзяцей да школы? Пра гэта наш карэспандэнт гутарыў з бацькамі на гарадзенскім школьным кірмашы.

Спадар: “Усё патрабуе грошай — і адзеньне, і абутак, і сшыткі”.

Карэспандэнт: “А што гэта значыла для вашага сямейнага бюджэту: можна было з заробку ўсё купіць, ці трэба было адкладаць грошы?”

Спадар: “Не, у нас хапае грошай, можна з аднаго заробку купіць. Каштавала ўсё тысяч трыста”.

Спадарыня: “Кампутар у нас ёсьць. Мы ўсё куплялі пакрысе, ня ўсё адразу, але набылі і форму, і астатняе”.

Карэспандэнт: “І колькі форма каштуе на такога дарослага хлопца?”

Спадарыня: “Хіба каля ста тысяч”.

Яе сын: “Сто дваццаць тысяч”.

Спадарыня: “Плюс кашулі. Сто дваццаць — сто пяцьдзясят тысяч рублёў. Мы бязь цяжкасьцяў усё набылі”.

Іншая спадарыня: “Мы яшчэ толькі пачалі рыхтавацца да школы, але я думаю, што найбольш грошай трэба на адзеньне. А разам трэба прыблізна паўмільёна рублёў”.

Карэспандэнт: “А школьнік адзін у вашай сям’і?”

Спадарыня: “Два. На дваіх прыблізна мільён рублёў спатрэбіцца. Для нас гэта прымальная сума”.

Карэспандэнт: “Я бачу, выбіраеце форму для сына, так?”

Малады спадар: “Так”.

Карэспандэнт: “Ён у першую клясу ідзе?”

Малады спадар: “У першую. Патрэбны гарнітур спартыўны, красоўкі, чаравікі, шмат чаго трэба. Я думаю, тысяч трыста трэба выдаткаваць, каб у першую клясу адправіць дзіця. Гэта ня надта страшна для сямейнага бюджэту, але ўсё роўна давялося адкладаць грошы, мы да гэтага рыхтаваліся”.

Спадар: “Цэны цяперашнія — цалкам рэальныя, але патрэбна была папярэдняя падрыхтоўка: давялося адкласьці грошы ў разьліку на тое, што ў школу трэба адправіць двух сыноў. Я думаю, што на дзьвесьце тысяч сёньня школьніка можна адзець, а на школьныя прылады спатрэбіцца яшчэ тысяч сто на дваіх”.

Малады спадар: “Форму, усё трэба купляць. Дзяўчынка ідзе ў другую клясу. Ня ведаю, можа, удасца ўкласьціся даляраў у дзьвесьце. Таму што і абутак трэба купляць, і форма на дзяўчынку тут, я глядзеў, самая танная восемдзесят тысяч каштуе. Ня ведаю як хто, але мне давялося зьбіраць гэтыя грошы на школу, тым больш у нас двое дзяцей. Карацей, давялося адкладаць”.
XS
SM
MD
LG