Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 жніўня 1937 году ў Менску адбыўся першы масавы расстрэл


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня споўнілася 70 гадоў ад першага масавага расстрэлу прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. 27 жніўня 1937 году ў Менску закатавалі групу археолягаў, настаўнікаў, каталіцкіх сьвятароў — разам больш за пяцьдзясят чалавек. Сёньня ў Курапатах адбылася жалобная імпрэза ў памяць ахвяраў сталінскага тэрору.

Людзі з кветкамі й сьвечкамі сабраліся каля крыжа, усталяванага ў памяць забітых археолягаў. Гэта адзіны ў Курапатах імянны крыж, які нагадвае пра забітых 70 гадоў таму. Уласнымі сіламі яго ўсталявалі цяперашнія археолягі і адзін зь ініцыятараў жалобнай імпрэзы — Мікола Крывальцэвіч:

“Тры вядомыя беларускія археолягі Сяргей Дубінскі, Аляксандар Ляўданскі і Аляксандар Каваленя. Гэта былі найвыдатнейшыя спэцыялісты, а іх зьвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Польшчы і расстралялі 27 жніўня 1937 году. Безумоўна, гэта была велізарная страта. Нашая археалягічная навука пасьля гэтага адрадзілася толькі ў 1960-я гады”.

Дасьледнікі гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў заяўляюць, што ў гэты дзень адбыўся першы масавы расстрэл прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

Леанід Маракоў кажа, што сёньня вядомыя імёны пяцідзесяці закатаваных у гэты дзень:

“Ва ўнутранай турме НКВД было расстраляна шмат каталіцкіх сьвятароў, некалькі археолягаў, літаратараў, настаўнікаў і сялян-аднаасобнікаў. Разам больш за пяцьдзясят чалавек, а праўдападобна, што сто. Гэта адбылося 27 жніўня, 70 гадоў таму”.

Паводле Леаніда Маракова, масавыя рэпрэсіі ў Беларусі працягваліся да лістапада 1938 году. Расстрэлы прымяркоўваліся да дня кастрычніцкай рэвалюцыі, Новага году, Дня чырвонай арміі і Першамаю.

Гісторык Ігар Кузьняцоў кажа, што ўзмацненьне рэпрэсіяў сталася вынікам новай хвалі змаганьня савецкай улады з так званымі “ворагамі народу”:

“Упершыню ў гісторыі рэпрэсіўнай палітыкі савецкай дзяржавы былі ўведзеныя так званыя генацыдныя разнарадкі. Першая генацыдная разнарадка па Беларусі была такая: 2 тысячы — да расстрэлу і 5 тысяч — да высылкі ў лягеры тэрмінам ня менш за 5 гадоў. І хваля расстрэлаў расла”.

Дасьледнікі заяўляюць, што ад жніўня 1937-га да лістапада 1938 году толькі ў Менску забілі каля 10 тысяч чалавек, а арыштавалі да 100 тысяч. Паводле розных зьвестак, за гэты пэрыяд у Беларусі закатавалі ад 50 да 250 тысяч чалавек.

• Мартыралёг Беларусі
XS
SM
MD
LG