Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятрас Вайцякунас: “Не павінна быць межаў, якія нас падзяляюць”


Іна Студзінская, Менск У выходныя ў Літве адбыўся вялікі міжнародны музычны фэстываль “Be2gether” — “Будзем разам”, дэвіз якога — “Музыка адчыняе межы”. На ім былі заўважаныя міністар замежных справаў Літвы Пятрас Вайцякунас, прадстаўнікі дыпляматычных установаў эўрапейскіх краінаў — пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, кіраўнік аддзяленьня швэдзкага пасольства ў Менску Стэфан Эрыксан. Прычым, яны прыехалі як прыватныя асобы разам зь сем’ямі — адпачыць, паслухаць музыку.

Міністар замежных справаў Літвы Пятрас Вайцякунас у 2005-2006 гадах працаваў амбасадарам Літвы ў Беларусі і мае самыя лепшыя пачуцьці да суседняй краіны, яе народу:

“Вось я і сумую па іх. Адмыслова прыехаў на фэстываль — можа, якую беларускую групу пачую”.

Паводле словаў міністра, фэстываль — не палітызаванае мерапрыемства, гэта выключна музычны праект, своеасаблівая спроба адчыніць мяжу ключом музыкі. Ён перакананы, што праз музыку і мастацтва можна разьвязваць праблемы, зьвязаныя зь межамі:

“Ідэя фэстывалю такая: мы павінны жыць разам. Не павінна быць межаў, якія нас падзяляюць. Не павінны быць такія высокія кошты на візы. І мы хочам гэта паказаць і беларусам, і літоўцам, іншым эўрапейцам — што эўрапейскія нацыі павінны жыць разам”.

Як вядома, з 2008 году Літва ўвойдзе ў Шэнгенскую зону, і кошт візы для беларусаў мае вырасьці да 60 эўра.

Міністар замежных справаў Літвы Пятрас Вайцякунас ня раз выказваў заклапочанасьць гэтым на розных эўрапейскіх самітах, форумах, з самых высокіх трыбунаў:

“Мы таксама ня радыя, што кошты настолькі павысяцца для нашых суседзяў-беларусаў. А для расейцаў ужо 25 эўра. Мы ўвесь час спрабуем дамаўляцца. Нам патрэбная большая падтрымка і большая актыўнасьць з боку нашага суседа”.

Нарвілішкі, 26.08.2007, фэстываль
Be2gether, міністар замежных справаў Літвы ятрас Вайцякунас

Што да прэвэнтыўнай заявы Міністэрства замежных справаў Беларусі ад 9 жніўня, у якой беларускае замежнапалітычнае ведамства зьвяртала ўвагу на тое, што літоўскі бок прымае на сябе поўную адказнасьць за “захаваньне рэжыму дзяржаўнай мяжы і недапушчэньне інцыдэнтаў”, міністар замежных справаў Літвы Пятрас Вайцякюнас сказаў так:

“Я думаю, што яны ацэняць, што фэстываль быў накіраваны на ўзмацненьне прынцыпаў добрасуседзтва. Я б з задавальненьнем паразмаўляў са сваім калегам міністрам Мартынавым, але, напэўна, яго тут не сустрэну”.

Перад адкрыцьцём фэстывалю ў Нарвілішках быў заўважаны амбасадар Беларусі ў Літве Ўладзімер Дражын. Іншых беларускіх афіцыйных асобаў на фэстывалі не было.

Літоўскі міністар пашкадаваў, што не сустрэў на фэсьце “Be2gether” свайго беларускага калегу 26.08.2007 Сёньня на фэстывалі “Be2gether” выступяць тры беларускія гурты 25.08.2007 Фэстываль “Be2gether” ладзіцца і для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі 24.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG