Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск пераходзіць з газу на трэскі


Радыё Свабода, Пінск Сёньня на Пінскай цеплаэлектрацэнтралі будуць запушчаныя катлы на трэсках. Ці рацыянальны гэты варыянт? І як быць з радыяцыяй?

“З васьмі газавых катлоў на драўніну пераведзеныя два”, – кажа Андрэй Ткачоў, галоўны інжынэр прадпрыемства. – “Сумарная магутнасьць катлоў складае 10 тон пары за гадзіну. Драўніна будзе пастаўляцца з-пад Лунінца, паводле дамовы зь Берасьцейскім абласным лясгасам”.

“Кацёл на дровах на буйной станцыі сьмеху варты. Гэта вам любы цеплатэхнік скажа,“ – камэнтуюць словы Ткачова ягоныя калегі зь іншага пінскага прадпрыемства.

Такой самай думкі трымаецца і экспэрт зь Берасьцейскага тэхнічнага ўнівэрсытэту, які пажадаў застацца неназваным. “Драўніна - гэта валюта”, – кажа ён. – “Лепш вырабляць з драўніны, нават зь пілавіньня, мэблю, прадаваць за добрыя грошы, а энэргію купляць. Акрамя таго, вакол Пінску няма ўжо лясоў. Вялікае “плячо” дастаўкі аўтаматычна робіць гэты праект нерэнтабэльным”.

Спэцыяліст з сыстэмы аблвыканкаму кажа пра магчымую рэакцыю насельніцтва: “Яны хочуць зімаваць у цяпле, але як што, дык многа незадаволеных. Вось у Літве даходзіла ў свой час да таго, што пры 10 градусах у гарадох зімой сядзелі. А ў нас цёпла! І яшчэ – гэта ж новыя працоўныя месцы для Лунінца, Ганцавічаў. Зь іх беспрацоўем чым кепска?”

Канстанцін Чувах – цеплатэхнік, колісь працаваў на Пінскай ЦЭЦ. “Гэта чыста прапагандысцкі жэст, нешта накшталт кітайскіх доменных печак на падворках”, – кажа ён. – “Акрамя таго, гэтыя катлы ўжо былі ў эксплюатацыі ўлетку. Паляць іх радыеактыўнымі сухастоямі. Возяць адтуль, дзе ўвесь лес сьвеціцца – амэрыканскія спадарожнікі фатаграфавалі адмыслова”.

Не абвяргае гэтага і спэцыяліст з аблвыканкаму : “А чым там людзі ў печах паляць? Трэба ж неяк жыць!”

Пытаю спадара Ткачова: “Ці радыеактыўны ваш попел? І чаму калгасы не хацелі на пачатку лета браць у вас попел на ўгнаеньне?”

Спадар Андрэй з адказам не вагаецца: “Дык яго і цяпер можна будзе браць. Бясплатна. А калгасы не захацелі браць, бо ў іх сэзонная вытворчасьць, а мы працуем круглы год. Ну, і дастаўка - слабое месца. Пад Пінскам у верасьні будзе абсталяваны палігон цьвёрдых адкідаў адмыслова для ўтылізацыі гэтага попелу”, – заканчвае размову ён.



Мапа радыеактыўнага забруджаньня вакол Пінску і Лунінца, выданьне Беларускага картографа-геадэзічнага прадпрыемства, 1993 год. Пэрыяд паўраспаду стронцыю (30 гадоў) пакідае яе актуальнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG