Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 жніўня 1937 году былі расстраляныя беларускія археолягі


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня спаўняецца 70 гадоў з дня расстрэлу групы вядомых беларускіх археолягаў. 27 жніўня 1937 году ў Курапатах былі забітыя Сяргей Дубінскі, Аляксандар Ляўданскі і Аляксандар Каваленя. Дасьледнікі гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў сьведчаць, што ў жніўні 1937 году распачалося плянавае вынішчэньне беларускай інтэлігенцыі.

Сяргея Дубінскага, Аляксандра Ляўданскага і Аляксандра Каваленю зьвінавацілі ў шпіянажы на карысьць польскай выведкі. Адмыслоўцы сьведчаць, што гэта былі высокаадукаваныя і адданыя справе навукоўцы. Гаворыць археоляг Мікола Крывальцэвіч.

“Яны стварылі аснову акадэмічнай археалягічнай навукі ў Беларусі. Безумоўна, гэта былі найвыдатнейшыя спэцыялісты. І гэта была аснова сучаснай археалёгіі”.

Паводле спадара Крывальцэвіча, пасьля расстрэлу былі забароненыя для друку шэраг навуковых прац і дасьледаваньняў археолягаў. Фактычна, гэта перапыніла разьвіцьцё беларускай археалягічнай навукі.

“Тады ж былі рэпрэсаваныя многія, хто пачынаў займацца археалёгіяй. Вось гэта ўсё ядро спэцыялістаў было вынішчанае. І такім чынам археалягічная навука амаль цалкам была зьнішчаная ў Беларусі”.

Дасьледнікі гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў адзначаюць, што ад жніўня 1937 году ў Беларусі распачаліся масавыя рэпрэсіі супраць навукоўцаў, літаратараў, сьвятароў. Былі ўведзеныя разнарадкі: толькі ў жніўні было заплянавана да расстрэлу 2 тысячы і да высылкі ў лягеры 5 тысяч чалавек, кажа гісторык Ігар Кузьняцоў:

“Зьніжэньне гэтых паказьнікаў не дазвалялася, а перавышэньне заахвочвалася. І пік рэпрэсіяў прыпадае на час ад жніўня 1937-га да красавіка 1938 году. Паводле самых мінімальных падлікаў, за гэты кароткі пэрыяд – менш, чым за год – у Беларусі было расстраляна каля 250 тысячаў чалавек”.

Як паведамляе Ігар Кузьняцоў, знойдзеныя дакумэнты сьведчаць, што выканаўцаў расстрэлаў заахвочвалі званьнямі, узнагародамі, прэміямі, а таксама рэчамі, адабранымі ў ахвяраў. Адзін з такіх пунктаў разьмеркаваньня для супрацоўнікаў НКВД і іхных сем’яў знаходзіўся ў будынку опэрнага тэатру Менску.

У памяць пра закатаваных цяперашнія беларускія археолягі ўсталявалі ў Курапатах крыж. Сёньня яны прыйдуць да крыжа, каб ушанаваць памяць усіх ахвяраў сталінізму.

Менск, 27.08.2007. Крыж закатаваным архэолягам у Курапатах усталяваны побач з “лавай Клінтана” Крыж закатаваным архэолягам у Курапатах усталяваны побач з “лавай Клінтана”

Менск, 27.08.2007. Крыж архэолягам зблізку Крыж архэолягам зблізку

Менск, 27.08.2007. Алея памяці ў Курапатах летам бязьлюдная Алея памяці ў Курапатах летам бязьлюдная

• Мартыралёг Беларусі
XS
SM
MD
LG