Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Бліц-аналіз падзеяў тыдня</B>


Віталь Цыганкоў, Менск Ці можна сказаць, што беларускія ўлады пасьля нейкай паўзы зноў пераходзяць да больш жорсткага стаўленьня да незалежнага грамадзтва? Віталь Цыганкоў гутарыць з шэф-рэдактарам газэты “Наша ніва” Андрэeм Дынько.

Цыганкоў: “Спачатку гісторыя з арыштам удзельнікаў прэзэнтацыі кнігі Паўла Севярынца ў Берасьці. Потым –міліцыянты на сцэне Вольнага тэатру, затрыманьне ўсіх гледачоў, у тым ліку замежных грамадзянаў. У канцы тыдня ў Нясьвіжы былі затрыманыя актывісты Маладога фронту за надпіс, зроблены на белым плоце, “Беларусь – гэта сьвятое!”. Учора ў Гомелі міліцыя ўварвалася ў дом, дзе адбывалася сустрэча пастара Сабілы з жыхарамі.

Андрэй, ці знаходзіце Вы нейкую лёгіку ў такіх дзеяньнях уладаў? Здаецца, і прэзэнтацыя кнігі, і надпіс на плоце, і “Вольны тэатар” не нясуць непасрэднай пагрозы ўладзе, да таго ж затрыманьні сур’ёзна псуюць міжнародны імідж Беларусі. Тым ня менш, улады ідуць на гэта. Чаму?”

Дынько: “Алесь Чобат калісьці ў “Праскім акцэнце” трапна назваў гэта “калгасным канвэерам для гною”. Сілавых структураў у нас усё больш, людзей там больш, заробкі ў іх растуць, рабіць нешта трэба, і яны шукаюць сабе справу. Зь іншага боку, што нелягічнага ў тым, што яны ловяць незалежны тэатар, не даюць стварыць партыю хрысьціянскім дэмакратам? Кожнае ж такое дзеяньне падрывае сыстэму несвабоды, у якой усё мусіць рабіцца толькі з дазволу намесьнікаў па ідэалёгіі. Гэта лёгіка старой кандовай расейскай імпэрыі – “Трымаць і не пушчаць”.

Цыганкоў: “Падазрэньне выклікае ўсё жывое, усё, што вытыркаецца, што адрозьніваецца ад уладнага шаблёну – няхай гэта палітыка, адукацыя альбо тэатар. З гэтага пункту гледжаньня пагроза для ўлады аднолькавая зь любой сфэры”.

Дынько: “Так, пагроза зыходзіць ад усяго таго, што прыцягвае ўвагу. З “Вольным тэатрам” выйшла проста казка, карцінка на гады: не даюць згуляць спэктакль, арыштоўваюць актораў і гледачоў. Гэта проста ўвойдзе ў падручнікі для гісторыі”.

Цыганкоў: “Вясной, калі суд над маладафронтаўцамі скончыўся іхным вызваленьнем, калі ўлады датэрмінова выпусьцілі Севярынца і Статкевіча, аналітыкі загаварылі пра пэўную, няхай сабе вымушаную зьнешнімі абставінамі, лібэралізацыю беларускага рэжыму. Ці можна цяпер казаць, што гэтае часовае адхіленьне ад генэральнай лініі апошніх гадоў скончылася?”

Дынько: “Я ня бачу вялікіх зьменаў у палітыцы рэжыму. 4 верасьня будзе паказальны дзень – пачнецца працэс над маладафронтаўцамі: Іванам Шылам, школьнікам, які адстойвае ўсё беларускае ў Салігорску, і Настай Азаркай, якая ў Нясьвіжы змагаецца за беларускае.

Нешта памянялася б у краіне, калі б такія суды перасталі адбывацца. Калі б людзей спынілі судзіць толькі за тое, што яны маюць сваю пазыцыю альбо адстойваюць беларускае. А да той пары, пакуль гэтую моладзь, сьветлую моладзь, найлепшую моладзь краіны, цягаюць у суды, то мы можам казаць, што якая была гэтая сыстэма – падманная і фальшывая – такая яна і ёсьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG