Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Вольга Іпатава, Віка Трэнас, Ганна Кісьліцына


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Аўтары: Валянціна Аксак, Ганна Кісьліцына, Міхась Скобла. Рэдактар: Сяргей Абламейка

ЛІТПРАЦЭС

ВІКА ТРЭНАС: “СУПРАЦОЎНІЦТВА З ВЫДАНЬНЕМ ЛЮБОЙ СКІРАВАНАСЬЦІ КАШТОЎНАЕ ДЛЯ МЯНЕ Ў ЛІТАРАТУРНЫМ ПЛЯНЕ”

Цяпер ёй – дваццаць два гады. Вершы пачала пісаць у дванаццаць, у пятнаццаць займела першую публікацыю, у дваццаць – першую кнігу. А ў самыя рамантычныя шаснаццаць абрала сабе далёкі ад падлеткавай узьнёсласьці псэўданім – Трэнас. Пра тое, чаму маладая паэтка абрала сабе такое журботна-жаласнае літаратурнае імя і многае іншае, зь Вікаю Трэнас гаворыць наша карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Паэтка абрала сабе гучны псэўданім Трэнас, што з грэцкае мовы перакладаецца як “лямант” або “плач па памерлых”. Так піша пра вашае літаратурнае імя паэт Зьміцер Вішнёў. Але можна ўжыць яшчэ адзін беларускі адпаведнік грэцкага слова трэнас – румза. І, ведаючы ўсе гэтыя значэньні, многія адгаворвалі вас ад такога псэўданіму. Вам самой як сёньня творыцца з такім плаксівым імем?”

Віка Трэнас: “Я згодная з тым, што сапраўды гэтае слова можа ўтрымліваць адмоўную канатацыю і, магчыма, нават падавацца некаму не зусім адпаведным і мне, таму што выглядаю я даволі не плаксіва (я так спадзяюся). І ўвогуле я хачу быць баявым чалавекам і вельмі актыўна ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці, а не сядзець каля вакна і плакаць. Для мяне, канечне, у першую чаргу гэтае слова азначала мастацкі твор Мялеція Сматрыцкага. Твор гэты настолькі мяне ўразіў, што псэўданім прыжыўся сам па сабе. І калі так атрымалася само сабой, то ня варта было супярэчыць гэтаму ходу падзей”.

Аксак: “Ваша першая паэтычная кніга “Цуд канфіскаванага дзяцінства”, якая два гады таму выйшла ў выдавецтве “Логвінаў”, вытрыманая ў адзінай стылёвай інтанацыі, настроі, але разьбітая, так бы мовіць, графічна – частка вершаў напісана кірылічным шрыфтам, а частка лацініцай. Да таго ж кірылічныя вершы вы пішаце і паводле наркамаўскіх правілаў, і паводле клясычнага правапісу. Ці вызначыліся вы ўжо з гэтым, ці па-ранейшаму правапіс і шрыфт залежаць ад настрою?”

Трэнас: “Калі шчыра, адказаць не магу, таму што і цяпер лічу, што самае галоўнае, што ў нас ёсьць, наша мова. А якімі літарамі яна аформлена – гэта ў адносінах да паэзіі пытаньне другаснае. Якасьць паэзіі не залежыць ад таго, якім правапісам яна напісаная. І любы чалавек, тым болей творца, мае права на выбар любога правапісу. І чым болей ён мае гэтых правапісаў у сваім арсэнале, тым лепей. Лічу, што ўсе гэтыя правапісы ўсё ж такі, як ні круці, ідуць на карысьць нашай мове. Гэта сьведчыць пра тое, што яна жывая, што яна разьвіваецца, як бы то ні было”.

Аксак: “У інтэрнэце вас называюць ня толькі паэткаю, якая любіць пахуліганіць, чытаючы свае вершы, але і пэрспэктыўным крытыкам. І сапраўды вы ўжо шмат напісалі пра сваіх маладых калегаў. Крытыка патрабуе сур’ёзнага аналітычнага розуму і засяроджанасьці, за вамі ж замацаваўся імідж дзяўчынкі са сьвістком. Ён не замінае вам у крытычнай іпастасі?”

Трэнас: “Калі мае шаноўныя калегі і сябры гавораць пра мяне як пра дзяўчынку са сьвістком, яны маюць на ўвазе чалавека, які прысутнічаў у маёй асобе сем гадоў таму. А гісторыя ўзьнікненьня гэтага эстэтычнага ходу ўжо сапраўды пайшла ў народ. Гэта было пад час аднаго з маіх першых выступаў у Доме літаратара, дзе я выступала апошняй. Перада мной выступала вельмі многа людзей, і натуральна, што большая частка слухачоў ужо сышла да пачатку майго выступу, астатнія драмалі. І тады ў мяне ўзьнікла ідэя выйсьці і сьвіснуць у сьвісток, каб усе прачнуліся і мяне пачулі. Канечне, эфэкт быў дасягнуты. Вось такая перадгісторыя. А цяпер мой імідж не асацыюецца зь ёй. І мала за тое, калі я спрабую пісаць крытыку, то я пішу гэта як філёляг, а не як паэт. Таму што артыкулы павінны быць зараджаныя лягічным парадкам, а не эмацыйным”.

Аксак: “Вы ня толькі актыўная ўдзельніца многіх моладзевых літаратурных імпрэзаў, але і часта рассылаеце інтэрнэт-абвесткі пра іх. Гэткая роля літвястункі ў вас добраахвотная ці то нейкі службовы абавязак?”

Трэнас: “Я атрымліваю вельмі многа інфармацыі пра самыя розныя імпрэзы, прычым гэта датычыцца як традыцыйных нейкіх сьвятаў, так і нейкіх нонканфармісцкіх імпрэзаў. Калі шчыра, мяне перапаўняе гонар за такі жывы літаратурны працэс. Я проста не магу прайсьці міма яго, і нават свой ЖЖ-дзёньнік стварыла дзеля таго, каб у ім разьмяшчаць такога кшталту інфармацыю, якая пашырае і наша чытацкае кола, і наш кругагляд”.

Аксак: “Нагодай для нашай гутаркі стала праведзенае вамі апытаньне маладых літаратараў пра творчасьць і асобу Янкі Купалы, надрукаванае ў часопісе “Маладосьць”. Вашае імя даволі часта сустракаецца цяпер на старонках гэтага афіцыйнага часопіса, які ўлада гвалтоўна ўключыла ў падцэнзурны ёй холдынг. Вас гэта не бянтэжыць?”

Трэнас: “Мяне бянтэжыць толькі адзін момант. Пісьменьнік мусіць займацца адной справай – пісаць. Ніякія астатнія акалічнасьці не датычныя яго ў прамым сэнсе. Ён прадукуе мастацкі прадукт. Таму для мяне супрацоўніцтва зь любым выданьнем любой накіраванасьці менавіта ў літаратурным пляне каштоўнае. Для мяне важна рабіць літаратуру, рабіць літаратурны працэс, дапамагаць разьвівацца гэтаму працэсу. Мне здаецца, што роля пісьменьніка заключаная менавіта ў гэтым”.

Аксак: “А напрыканцы давайце пра каханьне. “Я дурная, ты дурны. І нашто нам дзеці”. Ваш гэты верш некаторыя прыхільнікі называюць самым любімым вершам пра каханьне. А ў вас самой які любімы верш пра гэта”.

Трэнас: “Гэта верш Уладзімера Караткевіча “Насьледаваньне Байрану”. Я думаю, што ён найбольш адпавядае маёй схаванай рамантычнай асобе. Хаця і лічыцца, што я – экспрэсіўны авангардны аўтар, але ўнутры я такая мяккая, пушыстая і рамантычная”.

АЎТАР І ТВОР

ВОЛЬГА ІПАТАВА: “ПАМІЖ НАМІ Й ЭМІГРАНТАМІ СТАІЦЬ САВЕЦКАЯ БЕЛАРУСЬ”

Бібліятэка Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” папоўнілася новым выданьнем – у ёй выйшла кніга Вольгі Грыцук “Мы стваралі сваю Беларусь: жыцьцё й дзейнасьць Аляксея Грыцука”. Гэта ўжо трынаццатая кніга ў згаданай сэрыі, якая ахапляе жыцьцё й дзейнасьць беларускай эміграцыі. З укладальніцай кнігі пісьменьніцай Вольгай Іпатавай гутарыць Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадарыня Вольга, гэта ўжо другая кніга, падрыхтаваная вамі й выдадзеная ў “Бібліятэцы Бацькаўшчыны”. Два гады таму ў гэтай сэрыі выйшаў жыцьцяпіс Міколы Ганька. Хто ён – герой новай кнігі?”

Вольга Іпатава: “Герой кнігі, якую мне давялося скласьці, – Аляксей Грыцук. Калі я з удавой Міколы Ганька Марыяй працавала над кнігай пра яе мужа, я ўвесь час у ягоных успамінах натыкалася на постаць Грыцука, які аказаў вялікі ўплыў на ўсіх беларусаў, якія прыехалі пасьля Другой усясьветнай вайны ў Канаду працаваць па кантракце. Ганько працаваў на фэрме, а Грыцук – лесарубам у канадыйскіх лясах. І гэта пры тым, што ён скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт! Нашай інтэлігенцыі давялося пачынаць на Захадзе ўсё спачатку. Грыцук памёр трыццаць гадоў таму, але ў мяне было ўражаньне, што ягоная душа – як звон, які працягвае гучаць і прымушае адгукацца маю душу. Ён проста апантана (я другога слова не магу знайсьці) любіў Беларусь. І, апынуўшыся ў цяжкіх варунках за акіянам, ён там ствараў сваю Беларусь. А чаму Грыцук быў змушаны эміграваць? Падчас нямецкай акупацыі ён на Беласточчыне, адкуль сам паходзіў, стварыў каля васьмідзесяці (!) беларускіх школак. Вядома, што яго чакала ў СССР...”

Скобла: “А якія матэрыялы, якія тэксты й дакумэнты ўвайшлі ў кнігу?”

Іпатава: “Я перагледзела ўсё, што захавалася ў сямейным архіве Грыцукоў, і выбрала тое, што мне падалося найбольш цікавым. У тым ліку і ўрыўкі з дысэртацыі Грыцука, прысьвечанай Максіму Багдановічу. Гэта вельмі глыбокае дасьледаваньне, яно павінна абавязкова ўлічвацца нашымі багдановічазнаўцамі. І гэта пры тым, што пісаў Грыцук без патрэбных у падобных выпадках матэрыялаў. Іх проста не было ў дасьледчыка пад рукой. З савецкай Беларусі неабходную кнігу здабыць было няпроста. А з сабой, зразумела, ніякай бібліятэкі ён ня вывез. Яны ўсе ехалі ў Канаду літаральна з адным чамаданчыкам. Напрыклад, Мікола Ганько паехаў на эміграцыю з адной запасной кашуляй і паэмай Коласа “Сымон-музыка”... Сваю дысэртацыю Грыцук пісаў на ўзроўні інтуіцыі, незвычайнай інтуіцыі любові, я проста дзіўлюся. Зьмешчаныя ў кнізе таксама артыкулы Грыцука па гісторыі, успаміны пра яго, кніга ілюстраваная цікавымі фатаздымкамі”.

Скобла: “Назва кнігі, пра якую мы гаворым, – “Мы стваралі сваю Беларусь”. У чым адрозьненьне паміж той Беларусьсю, якою мроіла-летуцела наша эміграцыя, і тою, пра якую марылі беларусы тут, на радзіме?”

Іпатава: “Мне здаецца, гэта тая самая мара. Гэта мара пра краіну, у якой народ гаворыць на роднай мове, у якой беларускія школкі, дзіцячыя садкі, у якой школьнікі вывучаюць не чужую, а сваю гісторыю. Але тут ёсьць адна істотная акалічнасьць. Паміж беларускай эміграцыяй і намі, беларусамі, якія жывуць на радзіме, стаіць савецкая Беларусь. А гэта – тысячы забітых інтэлігентаў, тысячы спаленых кніг... І мы, магчыма, стаім на больш трагічным узвышшы, чым стаяць эмігранты. Яны бачылі й бачаць Беларусь, скажам так, без наступстваў бальшавіцкага панаваньня”.

Скобла: “Мікола Ганько, Аляксей Грыцук – чужыя жыцьці, чужыя лёсы... А вам не шкада часу на падрыхтоўку чужых кніг? Гэта ж ненапісаныя старонкі кніг вашых...”

Іпатава: “Па-першае, мне падаецца вельмі важным вяртаць у духоўную наасфэру Беларусі культурныя здабыткі нашых папярэднікаў. Па-другое, гэта натхняе. Чытаеш старыя дакумэнты, пабляклыя старонкі і разумееш, што яшчэ б гадоў дзесяць-дваццаць, і ўсё гэта страцілася б незваротна... Гэта натхняе і дае сілы жыць і працаваць над сваімі творамі. І па-трэцяе, сваіх кніг я сёньня ў Беларусі выдаць не магу. А працаваць для Беларусі мне хочацца”.

Скобла: “А над чым “сваім” вы сёньня працуеце?”

Іпатава: “Толькі што закончыла чарнавы варыянт раману “Знак вялікага магістра”, цяпер еду ў вёску, буду адшліфоўваць. Твор пра эпоху вялікага князя Вітаўта. Веданьне даўняй гісторыі дае нам магчымасьць бачыць паралелі з днём сёньняшнім. Вітаўт змагаўся за незалежнасьць Вялікага Княства, адрываючы яго ад іншай краіны. Гэта сёньня гэтак важна – асэнсоўваць, што ёсьць незалежнасьць краіны, якім коштам яна даецца! Так што я працую над раманам з вялікім натхненьнем”.

ВОЛЬГА ІПАТАВА. З КНІГІ “ЗАДАРОЖЖА”

* * * Прысьвячаю Марысі Юрцэвіч-Навумчык у Саўт-Рывэры

Ледзь вымавяць: “Добры дэн”. І зноўку ў тэлек вачыма. Даніла – у школе ён Дэн, І Джон – ён Янук у Айчыне.

Хай госьці з зямлі “Беларусь” Расказваюць нешта ў застольлі... “Паслухаць іх, бацька, прымусь.” “Іх, маці, разбэсьцілі ў школе.”

Уздрыгвае ў маці рука, І ў бацькі сьлязіна ірвецца... Ды што гэтым хлопцам рака, Што Ясельдай дзесьці завецца?

Іх сіла, імпэт малады Ўвальюцца ў Амэрыкі жылы. Ня зьведаь ім, як назаўжды Радзіма абвесьціць чужымі.

Над іхняй калыскай гулі Другія і ветры, і дрэвы... Растуць на далёкай зямлі Галінкі крывіцкага дрэва.

ПРАЛЬЛЯ

Надзі Кудасавай

Белай кудзельлю дзень ляжыць на цёплай траве. Тут, дзе мала людзей, мудрая пральля жыве.

Скокне вавёрка раз, змоўкне, слухае ціш. Быццам спыніўся час – моўчкі і ты сядзіш.

Амэрыканскі стандарт роднага не заглушыў. Дадзены Надзі дар – адпавядаць душы.

Нітку яна прадзе, быццам нітуе час Стойкасьцю у бядзе, сілаю, каб ня згас.

Куфар прыадчыні – колькі у ім сьвятла! Фарбы – нібы агні. Вышыла – як жыла.

Як выпрабоўваў лёс! Каб не ўтрымала ніць. Сольлю саліла сьлёз – здолела не ўпусьціць.

Круціцца калаўрот... Вечны імклівы час... Мудрае пральлі род хай уратуе нас.

НА БЕЛАРУСКІХ МОГІЛКАХ У АМЭРЫЦЫ

Магілы... Іх калісьці аплявалі, Абвінавацілі ва ўсіх грахах. За што? Адкажа кветка палявая, Адкажа вецер: “Беларусь кахаў”.

Тут Юрка Віцьбіч, тут Рыгор Крушына... Іх словы й сёньня выкрасае час. Чаму прыстанкам стала ім чужына? Адкажа надпіс: “Я памёр за вас”.

На іх кар’ерны ўжо ня зробяць шанец, Чужацкі іх ня згоніць прэч хаўрус. Спытае люд: “Хто тут? Амэрыканец?” Але зямля адкажа: “Беларус”.

КРЫТЫКА

У кніжнай сэрыі “Наша ніва” нядаўна адначасова пабачылі сьвет дзьве анталёгіі айчыннай прозы: “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю: беларускае жаночае апавяданьне” і “Паветраны шар: беларускае мужчынскае апавяданьне”. У “жаночым” зборніку – 17 аўтарак, сярод якіх ужо вядомыя Марыя Вайцяшонак, Наталка Бабіна, Ева Вежнавец... Кнігу рэцэнзуе крытык Ганна Кісьліцына.

Аднойчы на абмеркаваньні працы, прысьвечанай гендэрным аспэктам айчыннай літаратуры, мая калега – жанчына цьвярозага розуму – зрабіла заўвагу аўтарцы. “Вось, – кажа, – вы тут намякаеце на адвеку прыгнечаны стан беларусак, а я вам запярэчу… Бо, вывучаючы літаратуру ХІХ стагодзьдзя, увесь час сутыкаюся з адным сюжэтам. Прыходзіць дадому п’яная баба, б’е мужа і выганяе з хаты. Пакрыўджаны мужчына просіць дапамогі ў чорта. Але і той атрымаў кухталёў ад разьюшанай жанчыны. Выснова такая – і чорт з беларускай бабай ня зладзіць!”

Гэта я да чаго? А да таго, што, па-першае, менавіта наша краіна – з такімі гісторыямі! – павінна была б прэтэндаваць на статус першарадзімы фэмінізму, па-другое, вобраз беларускай жанчыны, прадстаўлены на старонках сучаснай літаратуры, можа моцна адрозьніваецца ад побытавага ўяўленьня, замацаванага, прынамсі, у фальклёры.

Аднак дастаткова разгарнуць выдадзены “Нашай Нівай” зборнік беларускага жаночага апавяданьня, каб рашуча адмовіцца ад першай тэзы. Бо нічога фэміністычнага, акрамя хіба што патаснай вокладкі а-ля Эдвард-Рукі-Нажніцы ў ёй няма. Ды яшчэ назвы – “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю”… Як ня сілілася, не магу зразумець яе сэнс – ні ў зьвязцы з кнігай, ні ў сувязі зь сёньняшняй грамадзка-палітычнай сытуацыяй. Пытальнік тут можна ставіць да кожнага слова. Але асабліва загадкава гучыць тут дзеяслоў незавершанага трываньня – бо пад адной вокладкай сабраныя “найлепшыя жаночыя апавяданьні 1991–2007 гадоў. А гэта азначае, што “выхад” цягнецца як мінімум пятнаццаць гадоў, а выніку, быццам бы, і ня бачна.

Гісторыі, прадстаўленыя на старонках кнігі, раз за разам ілюструюць фатальную наканаванасьць, асуджанасьць і прынцыповую нязьменнасьць жаночых лёсаў. Асабліва гэта адчуваецца ў апавяданьні Наталкі Бабінай “Тацяна Янаўна і яе агава”, дзе герой-наратар распавядае сумную гісторыю жанчыны, жыцьцё якой амаль містычна пераплялося з “жыцьцямі” кактуса-агавы, што цьвіце толькі адзін раз і памірае, пакідаючы пасьля сябе дачок.

Аднак, як ні дзіўна, мяне болей зацікавіў вобраз самога героя, на якога, так выглядае, аўтарка пераклала свае ўласныя комплексы. Гэты дбайны гаспадар, прафэсійны кветкавод і “цаніцель” жаночага інтэлекту, дэманструе падчас погляды і ўчынкі, якія мала стасуюцца са сьветлай яго паловай. Мілы і неяк па-біблійнаму добры ў адносінах да малазнаёмай старой жанчыны і яе сям’і, ён праяўляе пачварную жорсткасьць – у духу “Крымінальнага чытва” – у адносінах да ўласнай жонкі, маці сваіх дзяцей, якую гэты наваяўлены Санта-Кляўс, называе не іначай, як “плятынавая сучка”.

А чаго вартыя быццам бы мужчынскія развагі пра агіднасьць маладых жанчын, чыя сэксуальнасьць у героя стала выклікаць “ірвотны рэфлекс”! Так і хочацца сказаць тэатральнае “ня веру!”, якое міжвольна ўзьнікае і пры чытаньні другога апавяданьня аўтаркі – “Шкельцы, шкельцы!” У ім – чыста ў духу “Шырокага Саргасававага мора” Джын Рыс – распавядаецца сьлёзавыціскальная гісторыя вар’яцтва вяскоўкі, якая трапіла ў горад.

Аднак калі гісторыя Джын Рыс прасякнута пачуцьцёвасьцю і эротыкай, то нічога эратычнага ні ў Бабінай, ні ў апавяданьні іншых аўтарак – акрамя хіба што Джэці з карнавальнай фантасмагорыяй “Язьмінчыны Калядкі” – пры ўсім жаданьні ня знойдзеш. І тут мне згадваецца папрок Вольгі Гапеевай, маладой спэцыялісткі па гендэрных пытаньнях, кінуты неяк на старонках “АРХЭ”, маўляў, крытыкі “пазбаўляюць жанчын-аўтараў кантролю над дыскурсам” і адмаўляюць ім у эротыцы.

Па-першае, узьнікае думка: можа, менавіта “кантроль над дыскурсам” і мелі на ўвазе ананімныя рэдактары-складальнікі зборніка? Па-другое, яго зьмест пераконвае, што гэта не жанчынам нехта адмаўляе ў эротыцы, а яны самі – бачыць Бог, гэта іх права! – адмаўляюцца ў межах творчасьці ад выяўленьня сваіх сэксуальных памкненьняў.

З усіх тэмаў, якія так ці іначай ўзьнікаюць на старонках кнігі, дамінуе лінія вяртаньня ў сельскагаспадарчы Эдэм. І людзі там лепшыя, і паветра чысьцейшае, і адносіны прасьцейшыя. Аднак, чым бліжэй знаходзіцца рэальная аўтарка ад Страчанага Раю, тым больш скептычна настроена яе гераіня – асабліва выяўляецца гэта ў амаль публіцыстычных нататках Тацяны Барысік, якая па-майстэрску хавае ўласную дабрыню за іроніяй, а іронію маскіруе пад журналісцкі патас.

Аднак пры ўсёй зададзенасьці і абмежаваньнях “вясковай” тэмы ўвогуле, варта сказаць і пра цалкам нечаканыя ўдачы, да якіх з поўным правам можна аднесьці “Шэсьць цудаў Лунінца” Зосі Баброўнік, нізку мініятураў, якія ўражваюць у першую чаргу гарманічнасьцю асобы самой аўтаркі, гарманічнасьцю, якая адчуваецца ў кожным міні-сюжэціку, у кожным вобразе гэтага бясхітраснага, і разам з тым густоўна-вытанчанага тэксту, які хіба што адзіны і прэзэнтуе жаноцкасьць як ідэальнае і пазачасавае.

Зусім іншая гераіня Евы Вежнавец. Таленавітая, нэрвовая, адказная, ранімая гараджанка-сучасьніца, па-добраму вартая жалю сваёй спробай самаратаваньня ў вобразе “рыцара Граэлента з адкрытым забралам і сталёвым кордам”. Гэты “сталёвы корд” нагадвае хутчэй не сымбалічны меч культавай фэміністкі Камілы Пальі, а дзіды Ружовай кветкі ў “Маленькім прынцы”. Яны падкрэсьліваюць ня столькі фэміністычныя погляды аўтаркі, колькі яе відавочную безабароннасьць перад чалавечым зьвярынцам.

Я ня бачу праблемы ў тым, што ў кнізе мала праяўлены фэміністычны дыскурс. Іншая справа – адсутнасьць сучаснасьці як адчуваньня. Адна справа, калі яе няма ў гістарычным апавяданьні Вольгі Бабковай – о, як хацелася б, каб яна стала нашай Мэры Мэйп Джодж, чые “Срэбныя канькі” былі бэстсэлерам майго дзяцінства! Але зьдзіўляе рэдукцыя нашага агульнага “сёньня” ў апавяданьні для “Касмапалітэну” Сьвятланы Сьмірновай, дзе казка пра Папялушку “ўзбагачаная” Купідонам і імпазантным мужчынам з дарагой машынай…

Калі гаварыць пра зборнік з пункту гледжаньня яго канцэптуальнасьці і цэльнасьці, то больш за ўсё кніга нагадвае нізку пацерак, якую нядбайная майстрыца сабрала з таго, што было. Тут і пэрлінка, і млынавыя жорны. Асабліва крыўдна, што многія апавяданьні настолькі старыя, што проста ня могуць прэзэнтаваць імёны сваіх стваральнікаў. Так, “на бязрыб’е” – маю на ўвазе малалікасьць ці поўную адсутнасьць кніг у такіх ужо вядомых і многімі любімых аўтарак – Вайцяшонак, Роўда, Качаткова, Вежнавец – і гэта нешта. Але, як казаў герой О’Генры, “пясок – дрэнная замена аўсу”.

І хоць агулам варта ўхваліць цікавасьць нашаніўцаў і да жанчын, і да жанру апавяданьня, і да самой спробы стварыць анталёгію, варта прызнаць, што “жаночы” зборнік значна саступае аналягічнаму мужчынскаму – “Паветраны шар”, які нядаўна пабачыў сьвет у тым жа выдавецтве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG