Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэагуюць партыі на папярэджаньне мін’юсту?


Алесь Дашчынскі, Менск Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньні шасьці партыям, сярод якіх Партыя БНФ і БСДП (Грамада). Улады пагражаюць іх ліквідаваць з-за адсутнасьці патрэбнай колькасьці арганізацыйных структураў. Як рэагуюць партыйцы на папярэджаньне мін’юсту?

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што ў адведзены месячны тэрмін будуць зробленыя захады для выпраўленьня хібаў. Партыя зьвернецца ў дзяржаўныя і бізнэсовыя структуры, каб яны далі магчымасьць арэндаваць памяшканьні пад юрыдычныя адрасы. Спадар Вячорка падкрэсьліў:

“Міністэрства юстыцыі добра ведае, што рэальна Партыя БНФ існуе, што рэальна яна прадстаўлена ўсюды. Але ў выніку антыдэмакратычных паправак у заканадаўства аб партыях мы ня можам мець юрыдычныя адрасы. А тым самым афіцыйна зарэгістраваных структураў у жылым фондзе. Мы страцілі, фактычна, бальшыню зарэгістраваных структураў з-за гэтага абсалютна прадуманага антыдэмакратычнага рашэньня”.

Раней Партыя БНФ спрабавала атрымаць юрыдычныя адрасы, а гэта значыць і памяшканьні, у Горадні, Віцебску і Магілёве. Аднак мясцовыя ўлады адмаўлялі ёй у гэтым. Вінцук Вячорка не выключае, што і цяпер вынікі могуць быць збольшага прадказальныя:
В.Вячорка: “Беларускі народны фронт – гэта ёсьць вечны і асноўны кампанэнт беларускага палітычнага абшару”.
“Ніякія рашэньні міністэрства юстыцыі і гэтай улады не паўплываюць на нашу рэальную дзейнасьць. Ад 1988 года па 1991-ы тагачасная камуністычная ўлада не рэгістравала Беларускага народнага фронту. Але мы ўсё роўна дзейнічалі і выконвалі свае праграмныя мэты, імкнуліся да нашых ідэалаў. Так будзе заўсёды. Беларускі народны фронт – гэта ёсьць вечны і асноўны кампанэнт беларускага палітычнага абшару.

Што да матывацыі ўладаў, гэта бясспрэчна падрыхтоўка да палітычнай кампаніі пад умоўнай назвай “выбары ў Палату прадстаўнікоў”.

Прыпыненьне, альбо іншыя рэпрэсіі супраць БНФ, я думаю, канчаткова разаб’е, калі ўжо не разьбіла ілюзій пра магчымасьці нейкім чынам дамовіцца з лукашэнкаўскай уладай”.

БСДП (Грамада) спадзяецца, што папярэджаньне ёй накіравана мін’юстам памылкова, бо партыя мае патрэбную колькасьць структураў. Актывіст партыі Ігар Рынкевіч заявіў, што партыйцы паспрабуюць даказаць, што папярэджаньне не адпавядае рэчаіснасьці.
І.Рынкевіч: “Думаю, што ўжо зараз трэба апазыцыі, дэмакратычным партыям думаць, як працаваць ва ўмовах паўпадпольля”.
“Гэта сплянаваная бюракратыяй, чыноўнікамі мін’юсту акцыя. Гэта адна тэндэнцыя. Перад парлямэнцкімі выбарамі гэта пачынаецца зачыстка. Думаю, што ўжо зараз трэба апазыцыі, дэмакратычным партыям думаць, як працаваць ва ўмовах паўпадпольля. Бо не дазваляюцца масавыя мерапрыемствы, а цяпер яшчэ і свабода асацыяцый разбураецца. Плюс яшчэ драконаўскія нормы аб дзеяньні незарэгістраваных арганізацый, што, у прынцыпе, не адпавядае канстытуцыі і міжнародным прававым актам. Плюс да ўсяго, гэта ёсьць інструмэнт уціску, каб застрашыць тых, хто думае ня так як афіцыйная ўлада”.

Сярод партый, якім вынесена папярэджаньне, таксама Беларуская партыя “Зялёныя”, Беларуская сацыяльна-спартовая партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды і Рэспубліканская партыя.


Ліквідацыя пагражае яшчэ тром апазыцыйным партыям 24.08.2007 Міністэрства юстыцыі не зарэгістравала “Вясну” 24.08.2007 ПКБ ня мае права карыстацца сваімі рахункамі 2.08.2007
XS
SM
MD
LG