Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клецк: пікет у падтрымку Аляксандара Казуліна забаронены


Вячаслаў Кулік, Менск Старшыня Клецкага райвыканкаму Анатоль Бойка забараніў пікет у падтрымку палітвязьня Аляксандара Казуліна. Заяўнікі прасілі дазволу на правядзеньне пікету 30 жніўня на плошчы імя Маякоўскага.

Як паведаміў Радыё Свабода грамадзкі актывіст Сяргей Панамароў, кіраўнік мясцовай вэртыкалі спасылаецца, што месца для пікету выбрана насупраць так званага “белага дому”, у якім знаходзяцца кабінэты мясцовых чыноўнікаў.

“Старшыня Бойка даводзіць, што пікет нібыта будзе перашкаджаць працы яго падначаленых, – кажа Сяргей Панамароў, – але ж мы якраз мелі на мэце абудзіць цікавасьць чыноўнікаў да лёсу Аляксандара Казуліна і перасьледу з боку ўлады актывістаў апазыцыі”.

Радыё Свабода паведамляла, што супраць Сяргея Панамарова цяпер узбуджаная крымінальная справа. Ён, як рэдактар недзяржаўнага інфармацыйнага бюлетэню “Бойкий Клецк”, абвінавачваецца ў паклёпе на загадчыцу клецкай юрыдычнай кансультацыі Натальлю Семашкевіч.

Летась Сяргей Панамароў напісаў, што Натальля Семашкевіч дапамагала яму атрымаць у арэнду вытворчыя памяшканьні ў горадзе. Спадарыня Семашкевіч палічыла гэта непраўдзівымі зьвесткамі, якія зьяўляюцца паклёпам. Пасьля яе заявы была заведзеная крымінальная справа, але экспэртыза высьветліла, што ніякага паклёпу тут няма.

І вось справа нечакана адноўленая. Старшы дазнаўца Клецкага раённага аддзелу міліцыі Ўладзімер Бяганскі пацьвердзіў «Свабодзе», што крымінальная справа супраць Сяргея Панамарова аб паклёпе на загадчыцу клецкай юрыдычнай кансультацыі Натальлі Семашкевіч вернутая на разгляд.

“Бойкі Клецк”: міліцыянты змагаюцца зь недзяржаўнай прэсай 9.07.2007
XS
SM
MD
LG