Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Веру, што недалёкі той час, калі кіраўнік дзяржавы будзе гаварыць па-беларуску”


Радыё Свабода Вадзім Болбас – удзельнік праграмы “У што я веру”

У што я веру? Найперш, у чалавечую мудрасьць, ва ўсёпераможную моц чалавечага розуму!

Веру ў чалавечую дабрыню, зычлівасьць і спагадлівасьць да сваіх блізкіх, да ўсіх людзей, да ўсяго жывога.

Не адзін раз бачыў я ў Варшаве і Менску, у сваім Сьветлагорску каля дзьвярэй шыкоўных офісаў і пад бальконамі старых хрушчовак невялікія місачкі, куды людзі наліваюць малако і іншыя ласункі для дваровых жывёлін – катоў, сабак. Хачу верыць, што кожны чалавек, якога спаткае нядоля, знойдзе спагаду і канкрэтную дапамогу людзей, якія побач зь ім.

Веру ў цудадзейную сілу мастацкага слова. Калісьці слынныя пісьменьнікі-фантасты браты Стругацкія напісалі: “У кожным чалавеку гуманіст змагаецца з высакародным падонкам. І ўсё навокал дапамагае падонку, а да зямлі тысячы гадоў і тысячы парсекаў…”

Я бачу, што сваімі творамі пісьменьнікі, паэты, мастакі, акторы, філёзафы і іншыя творцы штодня, штохвіліны дапамагаюць гуманісту, які жыве ў душы кожнага чалавека, перамагаць высакароднага падонка. Веру ў тое, што такіх творцаў будзе ўсё болей.

Веру ў беларускую паэзію! Веру, што хутка зьявіцца ў нас Паэт па сваім таленце роўны Анатолю Сысу, які так заўчасна пакінуў нас! Магчыма, ён ці яна пачалі ўжо свой шлях у чароўны сьвет Паэзіі.

Веру, што хутка і ў нашай літаратуры зьявіцца свой Нобэлеўскі ляўрэат, чые творы будуць з захапленьнем чытаць на большасьці моваў сьвету.

Веру, што ў чалавецтва хопіць мудрасьці назаўсёды адмовіцца ад распрацоўкі новых і новых відаў зброі, што зьнішчальныя войны назаўсёды застануцца ў мінулым. А чалавецтва і надалей будзе ўдасканальваць свае веды. Веру, што навука здолее вырашыць бальшыню праблемаў, якія ўзьніклі і ўзьнікаюць: энэргетычную і дэмаграфічную, экалягічныя і мэдыцынскія, сацыяльныя і хто ведае яшчэ якія.

Я веру ў Беларусь, маю цудоўную Радзіму. Я бачу сваю Краіну мудрай і вольнай, дэмакратычнай і культурнай, моцнай эканамічна.

Веру, што вышэйшае кіраўніцтва нашай дзяржавы зразумее, нарэшце, што першачарговым яго абавязкам ёсьць зьмяншэньне наступстваў чарнобыльскай катастрофы, што людзі не павінны жыць у радыяцыйным пекле, што з чарнобыльскай зоны будуць адселеныя апошнія яе жыхары.

Веру ў будучы росквіт нашай цудоўнай мілагучнай мовы, беларускай культуры, што недалёкі той час, калі вышэйшы кіраўнік беларускай дзяржавы будзе гаварыць па-беларуску. А ўсьлед за ім астатнія дзяржаўныя чыноўнікі вывучаць ці ўспомняць беларускую мову. І тады наша мова зойме ганаровае месца ва ўсіх сфэрах жыцьця.

А яшчэ я веру ў сябе. Веру, што мне хопіць сілаў і здольнасьцяў вырашаць як свае асабістыя, сямейныя праблемы, так і актыўна ўдзельнічаць у працы на карысьць маіх сяброў, суседзяў, калегаў, на карысьць беларускага грамадзтва.

Веру і ў тое, што пры неабходнасьці мае блізкія, сябры, аднадумцы заўсёды прыйдуць мне на дапамогу!

***

Вадзім Болбас – інжынэр-хімік паводле адукацыі і прафэсіі, эколяг, турыст, журналіст і перакладчык паводле захапленьняў. Жыве ў Сьветлагорску.
XS
SM
MD
LG