Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народ на “Свабодзе”


Радыё Свабода Пра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы “Свабоды” на мінулым тыдні.

Пра вытокі беларуска-расейскіх канфліктаў

Кастусь Сырэль, Вушачы:

“Узрост Аляксандра Рыгоравіча не пакідае ніякай надзеі на зьмену ягонага характару. Так што, паважанае спадарства, нас чакае яшчэ многа канфліктаў ды скандалаў у самых розных сфэрах. Вы запярэчыце мне: а як жа выбары? Забудзьцеся, шаноўныя! Не дзеля таго Рыгоравіч захопліваў уладу, каб аддаць яе праз такую драбязу, як выбары. Нічога, людзі ж перажываюць неяк землятрусы, вывяржэньні вулканаў, цунамі, пажары. Перажывём Рыгоравіча і мы, а калі ня мы, то нашы дзеці і ўнукі.

Нядаўна паслухаў адказы Станіслава Багданкевіча на пытаньні слухачоў “Свабоды”. Ня згодны зь ягонай пазыцыяй наконт таго, што ўрад разам з Сідорскім у нечым вінаваты за газавы канфлікт. Напэўна, Багданкевіч забыў, што ў нашай дзяржаве нават мыш ня пісьне бяз дазволу Рыгоравіча, і таму чакаць нейкіх самастойных дзеяньняў ад ураду – марна”.

Мікалай Бусел, вёска Дуброва Сьветлагорскага раёну:

“Гідка назіраць, як рупліўцы зь дзяржаўна-ідэалягічнай канторы з сур’ёзным выглядам абгрунтоўваюць яўную лухту. А што яны нясуць на адрас Расеі! Яна, вядома, далёка не ідэальная краіна. Дык і паводзьце сябе сур’ёзна, і ня шыйцеся ў ейныя сябры.

Скажыце, каму на рынку цікава слухаць тваю жальбу, што ня маеш грошай? Жыві па кішэні і не наракай на няўдзячных прадаўцоў. Дык не ж – пакрыўляцца трэба.

І яшчэ вось якая акалічнасьць. Нейкая жанчына, адказваючы на ваша пытаньне наконт аплаты за газ, заўважыла, што мы даўно плацім па сто даляраў за тысячу кубамэтраў. Але ж гэта жанчына памылілася у сем з паловай разоў. Вось просты разьлік.

Калі верыць штампу на бляшцы, у сумленна запраўленым балёне 20 кіляграмаў газу. Гэта прыблізна 16 кубамэтраў. І гэтыя 20 кіляграмаў каштуюць 26 тысяч рублёў, ці 13 даляраў. Значыць, 1000 кубоў каштуюць для нас 750 даляраў. От і ўвесь разьлік.

То бок нам, простым спажыўцам, газ прадаецца па добрай заходнеэўрапейскай цане – да прыкладу, як у Нідэрляндах. Але заробкі і ўзровень жыцьця там нашмат вышэй, чым у нас. Яшчэ 15 год таму пагадзінная плата была – 19 даляраў. За два дні галяндзец зарабляў, як беларус за месяц цяпер.

То мне падаецца дзіўным, што яшчэ існуе міт пра “танны” газ. Мо, на ўваходзе да Лукашэнкі ён і танны, але на выхадзе пасьля яго цана – о-го-го. Што з гэтага вынікае? А тое, што ўраду няма аніякіх падстаў падвышаць цану на газ і на прадукцыю, атрыманую зь ягоным спажываньнем, бо цана і так даўно падвышана”.

Пра апазыцыйную моладзь і барацьбу за справядлівасьць

Ігар Пастноў, Віцебск:

“Шкада, што свае ўнівэрсытэты гэтыя актывісты праходзяць за турэмнымі кратамі. Становяцца, так бы мовіць, прафэсійнымі рэвалюцыянэрамі. Чаму яны так лёгка “падстаўляюцца”, настройваюць супраць сябе людзей? Напрыклад, чаго вартыя гэтыя палітычныя графіці? Яны ж псуюць прыгожыя будынкі. Хуліганства ніякімі палітычнымі ідэямі не апраўдаеш. Людзі лаюцца, калі бачаць такія надпісы. Напрыклад, мая маці – пэнсіянэрка, далёкая ад палітыкі. Але што яна казала пра гэтых пісакаў, калі ёй давялося ацэтонам выводзіць пісаніну… Няхай бы пашлі нашы маладафронтаўцы на курсы псыхалёгіі, канфлікталёгіі – можа, набраліся б досьведу…

А каб змагацца за справядлівасьць, ёсьць мноства законных спосабаў. Падай запыт у гарвыканкам, у Палату прадстаўнікоў – там абавязаны адрэагаваць. Тады б людзі бачылі канкрэтныя справы, дапамогу, а не хуліганскія выхадкі зь нецэнзурнай лаянкай.

Распусьцілася моладзь. Калісьці я сам удзельнічаў у руху БНФ, быў на соймах Пазьняка. Хадзіў туды дэманстратыўна з камсамольскім значком. Шчыра хацеў дабра, свабоды і праўды. Але і тады, і цяпер бачу: у кіраўніцтве гэтых рухаў шмат гэткіх папоў Гапонаў, якія адмыслова развальваюць арганізацыю. Яны нібы наўмысна крыўдзяць людзей, прыніжаюць іх пачуцьці і ў канчатковым выніку адхіляюць ад сябе.

А газэту “Народная Воля” я перастаў чытаць яшчэ тады, калі яе было поўна ў шапіках. Проста ўбачыў бруд і прыніжэньні паважаных у Беларусі асобаў. І зразумеў, што на гэтым нехта зарабляе статус дысыдэнта і дазвол на жыхарства на Захадзе”.

Валер Грыневіч, вёска Вішнявец Стаўбцоўскага раёну:

“Мяне даўно хвалююць праблемы моладзі. Як вядома, афіцыйна ў Беларусі дзейнічае пралукашэнкаўскі моладзевы саюз. Там хлопцаў і дзяўчат абалваньваюць прывілеямі ды ідэалёгіяй – як і нас некалі адурманьвалі ідэалёгіяй сталінізму. На маю думку, у нас трэба стварыць сапраўдную народную моладзевую арганізацыю, якая б аб’ядноўвала адданую беларускай справе моладзь. Назваць гэту арганізацыю трэба па-бальшавіцку: “Народная Воля” ці “Нарадавольцы”. А вось слова “Фронт” у назьве выкарыстоўваць ня варта: ідэолягі Лукашэнкі запалохалі народ франтамі, людзі думаюць, што пад гэтай назвай хаваюцца тэрарысты. Дапамагчы стварыць такую арганізацыю, на маю думку, маглі б Калякін і Лябедзька”.

Мікалай:

“Колькі можна зьдзекавацца зь лепшых прадстаўнікоў нашай моладзі? Адны сядзяць у турме, як Зьміцер Дашкевіч, другія адбываюць так званую “хімію”, трэціх вернікаў-маладафронтаўцаў абвінавачваюць у брыдкаслоўі і арыштоўваюць. Б’юць так, што маладзёны трапляюць у шпіталь з чэрапна-мазгавымі траўмамі. А Паўла Севярынца арыштавалі за прэзэнтацыю сваёй кнігі. Гэта ж злачынства супраць свайго народа з боку улады. Ганьба!”

Усакова Алена Канстанцінаўна:

“Я, вэтэран пэдагагічнай працы з саракагадовым стажам, выказваю сваё глыбокае абурэньне тым людзям, калі можна так назваць, якія судзілі і судзяць нашу моладзь. Самыя лепшыя гэта нашы маладзёны. Многія зь іх ужо сядзелі па турмах. І яны не зламаліся. Яны сталі больш загартаваныя, бо яны моцныя духам. Зламаць іх проста немагчыма. Канечне, здароўя ад гэтага не дадасца. Тое, што робіць гэты злачынны рэжым разам са злачыннай судовай сыстэмай – гэта злачынства. Такога ня можа быць нідзе ў цывілізаваным сьвеце, каб людзі, якімі ганарыцца народ, такія як Севярынец, Дашкевіч, Казулін, каб яны па турмах, па “сутках”, са штрафамі. Гэты рэжым проста іх баіцца, каб яны ня сталі ім канкурэнтамі. Такія людзі ім, як костка ў горле. І злачынную судовую сыстэму чакае суд Божы”.

Пра сталінскія мэтады ў палітыцы

Васіль Валошка, Радашковічы Маладэчанскага раёну:

“Вельмі я зьдзівіўся, калі спадарыня Ярмошына, выступаючы па Свабодзе, параўнала уведзеныя ЗША візавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў з мэтадамі Сталіна. Упэўнены, яна ўжо не адзін раз пашкадавала, што так сказала. Бо ўсе добра ведаюць, як наш цяперашні галоўнакамандуючы ставіцца да таго галоўнакамандуючага, чыім імем названа мітычная “лінія Сталіна”. А што да забароны на выезд… Мяне больш хвалюе тое, што ўлада фактычна забараніла выяжджаць за мяжу на аздараўленьне нашым дзецям. Ці ня ёсьць менавіта гэта мэтадам так званага “бацькі народаў”?

Пра клопаты ўлады аб простым чалавеку

Леанід Цыбульскі, Рэчыца:

“Падчас вайны хлопчыкам мне давялося сядзець разам з маці ў хляве, дзе людзі чакалі сьмерці. Немцы нас ганялі, як мінёраў, па шляху – каб у выпадку выбуху ўзарваліся мы, а не яны… Мы галадалі, харчаваліся лебядой, гнілой бульбай, жалудамі... А скончылася вайна – улада гатова была задушыць нас падаткамі. Але і сёньня, перажыўшы столькі пакутаў, я ня бачу палёгкі.

Мой сын на выдатна скончыў вэттэхнікум і вэтакадэмію. Працуе галоўным урачом у адным з калгасаў Лоеўскага раёну. Аклад у яго – 246 тысяч рублёў. Заробак выдаецца ў залежнасьці ад наяўнасьці грошай у калгасе. Напрыклад, за травень заплацілі 160 тысяч. За гэты час у гаспадарцы зьмяніліся тры дырэктары. Сын абслугоўвае тры фэрмы – гэта больш за тысячу галоў быдла. З зарплаты вылічваюць за нізкую якасьць малака, за падзеж. Быў выпадак: племянны бык зламаў агароджу і ўтапіўся ў сіласнай яме. Дык вінаватым чамусьці палічылі вэтурача – і вылічваюць 357 тысяч рублёў. Вось так ставяцца да маладых спэцыялістаў. Раней даводзілася за свой кошт вучыць сына, а цяпер мушу і ўтрымліваць яго на сваю пэнсію.

Дачка зь зяцем і ўнукам жывуць у мяне. Ужо дзявяты год будуюцца. Былі праблемы з электрычнасьцю, з вадаправодам. Цяпер праблема з газам. Патрэбна пракласьці 300 мэтраў трубы па вуліцы. Зьвярнуліся да ўлады. Адказ: “Няма грошай, стварайце кааператыў”. А на нашай вуліцы жывуць жа ў асноўным дзеці вайны, пэнсіянэры. Тым ня менш, кааператыў стварылі, унесьлі год таму больш як мільён рублёў. Грошы “круцяцца”, прыносяць газавым магнатам прыбытак, а мы па-ранейшаму нічога ня маем. Вось такі клопат аб простым чалавеку.

За мінулы год куды я толькі ні пісаў – і прэзыдэнту, і ў газэты. Усе інстанцыі займаюцца адпіскамі, а скаргі ў канчатковым выніку перасылаюцца на месцы”.

Слухач:

“Чаму гэтак няроўна дзеліць Бог? Побач жыве палкоўнік, які выконваў свой службовы абавязак палітработніка і ў 45 гадоў атрымаў пэнсію ў памеры мільён дзьвесьце тысяч рублёў. А яшчэ побач жыве жанчына, якая адпрацавала рабочай 35 гадоў – яе пэнсія складае каля двухсот тысяч рублёў. Я гаварыў зь ёй, маўляў, чаму ты ня пойдзеш на Пляц Кастуся Каліноўскага, як цяпер у народзе называюць Кастрычніцкую плошчу ў Менску, каб агучыць тое, з чым ты ня згодна? Аднак, кажа: не паеду ў Менск, бо за несанкцыянаваны мітынг могуць арыштаваць і пасадзяць за краты. Лепей стану на бойкім масцы каля крамы ды з-пад палы прадам бутэльку ці пачак цыгарак – кажа кабета. Праўда, трэба круціць галавой ва ўсе бакі, каб не падкраўся міліцыянт і не ўлупіў штраф. Вось так і жывем”.

Шукаль Ларыса Ўладзімераўна:

“Зараз мы з жахам назіраем страшную карціну зьяўленьня цэлай арміі жабракоў, абяздоленых людзей, каторыя апынуліся за бортам грамадзтва. Іх пастаянна папаўняюць тыя, хто застаўся бяз працы, а потым і без жытла, так званыя бамжы. То бок прыніжаныя і абражаныя сучаснай Беларусьсю. Немагчыма спакойна глядзець на тое, што ў краіне будуюцца палацы, шыкоўныя катэджы, ездзяць дарагія іншамаркі, а пра гэтых людзей ніхто не клапоціцца. Дзяржаўная палітыка накіраваная на дапамогу багатым – то бок рабаўнікам і забойцам. Бедных, старых, адзінокіх і хворых людзей чакае доля зьнішчэньня, бо “ворагі народу” стараюцца папоўніць свае кішэні за кошт гэтых абяздоленых. Пры гэтым яны выкарыстоўваюць алькаголь, наркотыкі, псыхушкі, кілераў ды іншае. Нават у адсталай царскай Расеі для бамжэй існавалі “начлежкі” і месцы для людзей, якія апынуліся бяз сродкаў да існаваньня і дакумэнтаў, можна згадаць п’есу Горкага “На дне”. Зараз жа такія людзі вымушаныя знаходзіць прытулак на гарышчах, падвалах. Паміраюць з голаду ад хвароб, замярзаюць зімою на марозе. Ці не самы час грамадзтву запатрабаваць у дзяржаўных чыноўнікаў зьвярнуць увагу на гэтую праблему і перапыніць генацыд народу? У краіне павінны быць арганізаваны месцы прыбываньня для людзей, якія апынуліся ў крызысным становішчы. Там павінны працаваць мэдыкі, псыхолягі, юрысты. А фінансавыя сродкі павінны быць накіраваныя не на будоўлю палацаў, а на сацыяльнае жытло, шпіталі, стварэньне новых працоўных месцаў. А таксама на пэнсію, заробкі і сацыяльную дапамогу”.

Пра эксплюатацыю працоўнага люду

Юрай Шпак-Рыжкаў, Менск:

“Уладкаваўшыся грузчыкам у краму, я заўважыў падазрона вялікую цякучасьць кадраў. За тры месяцы, што мне далі там парабіць, з трох грузчыкаў звольніліся два. Акзалася, у краме заўсёды хранічны недахоп кадраў – ня толькі сярод грузчыкаў, але і сярод прадавачак, і іншых шарагоўцаў. А дырэкцыі гэта выгадна. Вось хоць бы мой прыклад. З трох месяцаў я згодна з кантрактам за першы і апошні месяц прэміяльных не атрымаў – толькі голы аклад. Дарма адрабіў стажыроўку. З прычыны штучна створанай цякучасьці амаль увесь час працавалі ўдвох, робячы аб’ём за траіх, але атрымліваючы, як і звычайна.

Пры гэтым з вуснаў кіраўнікоў адміністрацыі бясконца гучаць абразы, нецэнзурная лаянка. Табе ўвесь час нагадваюць, што ты – ніхто, і ня маеш аніякіх правоў на пратэст.

Звычайная справа – прымусіць працаваць у выходныя. А потым аб абяцаных адгуле ці даплаце ўвогуле забываюць.

Тых, хто не згаджаецца ці проста выказвае незадаволенасьць, выжываюць хутчэй за іншых. Такіх перасьледуюць прыдзіркі і кпіны з боку кіраўніцтва. Вытрымаць падобныя зьдзекі могуць торлькі загартаваныя. Таму і цякучасьць вялікая. Гэта проста канвэер, арганізаваны хцівымі і бязьлітаснымі людзьмі.

Як можа абараняць правы працоўных кіраўнічка прафсаюзу, якая па сумяшчальніцтву працуе адміністратаркай гэтай жа крамы? Навошта ёй сварыцца з дырэктаркай, якая і ёй можа ў адзін момант паказаць на дзьверы? І ці патрэбны падобным установам ды іхным кіраўнікам-махлярам наагул прафсаюзы, тым болей – свабодныя? Гэта ж для іх – чыстая сьмерць!”

Спадар:

“У афіцыйных СМІ пастаянна гаворыцца пра посьпехі, якіх дасягнула Рэспубліка Беларусь за апошнія гады ў прамысловасьці і сельскай гаспадарцы. А ў друку паведамляецца, што на Захадзе, да прыкладу ў Германіі, назіраецца крызыс у сельскай гаспадарцы, няма каму зьбіраць выгадаваны ўраджай. 11 траўня гэтага году газэта “Беларуская Ніва” пісала: “Немцы ня хочуць ісьці працаваць на поле з-за вельмі нізкіх расцэнак за цяжкую працу. За месяц цяжкой працы без выходных яму застаецца толькі каля 900 эўра. Канечне, для нас гэта вялікія грошы, але не для немца. Гэта ж няшмат больш, чым дапамога па беспрацоўі, для атрыманьня якога ня трэба нічога рабіць. Тыя ж беспрацоўныя немцы, якія ўсё ж вырашаюць папрацаваць у сельскай гаспадарцы, вельмі хутка разумеюць сваю памылку.” Гэты матэрыял падрыхтаваў Аляксандр Цыбульскі. Дастаткова параўнаць немца, які зарабляе 900 эўра на месяц, і беларуса, які атрымлівае некалькі соцень тысяч беларускіх рублёў, каб пераканацца ў якім стане знаходзіцца аплата працы ў нашай Рэспубліцы. А што да беспрацоўных у краіне, дык яны амаль нічога не атрымліваюць. Толькі некалькі месяцаў ім плацяць мізэрную дапамогу па беспрацоўі. А часьцей і зусім нічога ня плацяць”.

Пра савецкае мінулае

Леанід Лукін, Менск:

“Часта сустракаюся і размаўляю з моладзьдзю. Сумныя гэтыя размовы і назіраньні. Пра тое, якой магутнай і багатай краінай быў Савецкі саюз, амаль нічога ня ведаюць. Патаюцца ў мяне: “А колькі тады каштавала кватэра ў Менску?”. Адказваю: “Нічога не каштавала, дзяржава давала кватэры бясплатна”. Ня вераць! І пра тое, што савецкі студэнт на сваю стыпендыю мог штодня харчавацца бутэрбродамі з каўбасой і гарачымі абедамі ў сталоўцы – таксама ня вераць. І што за гурткі, спартыўныя секцыі, адпачынак у санаторыях і летніках мы нічога не плацілі…

Калі вы там, на “Свабодзе”, за праўду, то павінны расказваць маладым, як насамрэч жылі людзі ў Савецкім саюзе. А вы – толькі пра сталінскія рэпрэсіі ды пра ўвод савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну…”

Пра становішча беларускай мовы

Аляксандр Яцкевіч, Віцебск:

“Учора пачуў выступ самога Чаргінца па тэлебачаньні. Дыктарка распавядала пра Купальле, і ўсё на рускай мове. Гэта страшэнна. Дзе яшчэ такое можа быць? У якой краіне? Толькі ў нашай няшчаснай Беларусі. Нават пінгвіны і тыя на сваёй мове размаўляюць. Калі ўжо пра Купальле ня можам сказаць па-беларуску, пра што ж тады разважаць далей? Гаварыць няма пра што”.

Спадар:

“Пакуль Лукашэнка будзе пры ўладзе у Беларусі, беларускай мовы ня будзе. А расіяне ня любяць беларускую мову, яны ня ведаюць яе. А лукашыст пазваніў і не падабаецца яму, каб Беларусь гаварыла толькі па-беларуску. А што ж тады будзе за Беларусь, калі будзе гаварыць на чужой мове?”

Спадар:

“Слухаў званок аднаго таварыша, каторы быў незадаволены тым, што рускамоўныя інтэрвію вы перакладаеце на беларускую мову. Ня ведаю, што ён у гэтым знайшоў благога. Я лічу сябе рускамоўным беларусам, нармальна разумею беларускую мову і бяз розьніцы на якой мове прагучала тое ці іншае інтэрвію. Галоўнае, што Радыё Свабода гаворыць праўду. Малайцы. Так і працуйце. У сьвеце ёсьць нямала краін, дзе афіцыйных моваў ня дзьве, як у нас, а некалькі. І калі б гэты таварыш быў незадаволены там, яго, найхутчэй, палічылі б за ідыёта і прапанавалі б яму адпачыть трошкі і падлекавацца”.

Спадар:

“Немаведама для каго стараюцца дыктары белрадыё ў сваёй моўнай хвілінцы. Ці хто чуў, каб па-беларуску публічна прамаўлялі Шэйман, Канаплёў, Ярмошына, Чаргінец, Касьцян, Каткевіч? Таму, што галоўны беларус выбірае рускую альбо ангельскую мовы. Здаецца, апошні раз ён публічна размаўляў на тытульнай мове 3 ліпеня 2003 году. Няўжо раз на пяцігодку? Тады наступны сьпіч чакаем у 2008?”
XS
SM
MD
LG