Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Савецкі студэнт на стыпэндыю мог штодня харчавацца бутэрбродамі...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 25 жніўня 2007 году.

Для сёньняшняга агляду я выбраў з пошты апошніх тыдняў некалькі лістоў, у якіх слухачы разважаюць пра вартасьці і заганы сучаснай беларускай моладзі. Пачну размову з допісу нашага апанэнта Ігара Пастнова – дзіцячага лекара зь Віцебску. Слухач зьвяртае ўвагу найперш на моладзевы апазыцыйны рух, які, як ён лічыць, выбраў няправільны кірунак. Цытата зь ліста:

“Шкада, што свае ўнівэрсытэты гэтыя актывісты праходзяць за турэмнымі кратамі. Становяцца, так бы мовіць, прафэсійнымі рэвалюцыянэрамі. Чаму яны так лёгка “падстаўляюцца”, настройваюць супраць сябе людзей? Напрыклад, чаго вартыя гэтыя палітычныя графіці? Яны ж псуюць прыгожыя будынкі. Хуліганства ніякімі палітычнымі ідэямі не апраўдаеш. Людзі лаюцца, калі бачаць такія надпісы. Напрыклад, мая маці – пэнсіянэрка, далёкая ад палітыкі. Але што яна казала пра гэтых пісакаў, калі ёй давялося ацэтонам выводзіць пісаніну!.. Няхай бы пайшлі нашы маладафронтаўцы на курсы псыхалёгіі, канфлікталёгіі – можа, набраліся б досьведу…”

Далей Ігар Пастноў выказвае ўласны пункт гледжаньня на тое, як моладзі належыць змагацца за справядлівасьць:

“На тое ёсьць мноства законных спосабаў. Падай запыт у гарвыканкам, у Палату прадстаўнікоў – там абавязаны адрэагаваць. Тады людзі бачылі б канкрэтныя справы, дапамогу, а не хуліганскія выхадкі зь нецэнзурнай лаянкай.

Распусьцілася моладзь. Калісьці я сам удзельнічаў у руху БНФ, быў на соймах Пазьняка. Хадзіў туды дэманстратыўна, з камсамольскім значком. Шчыра хацеў дабра, свабоды і праўды. Але і тады, і цяпер бачу: у кіраўніцтве гэтых рухаў шмат гэткіх папоў Гапонаў, якія адмыслова развальваюць арганізацыю. Яны нібы наўмысна крыўдзяць людзей, прыніжаюць іх пачуцьці і ў канчатковым выніку адхіляюць ад сябе.

А газэту “Народная Воля” я перастаў чытаць яшчэ тады, калі яе было поўна ў шапіках. Папросту ўбачыў бруд і прыніжэньні паважаных у Беларусі асоб. І зразумеў, што на гэтым нехта зарабляе статус дысыдэнта і дазвол на жыхарства на Захадзе”.

Ці ведаеце Вы, спадар Пастноў, колькі разоў той жа “Малады Фронт” зьвяртаўся да чыноўнікаў розных узроўняў, падаваў дакумэнты на рэгістрацыю, прасіў дазволу легальна весьці дзейнасьць – у поўнай адпаведнасьці з законам? У адказ – суцэльныя адмовы зь няўцямнымі абгрунтаваньнямі. А потым – крымінальныя справы “за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, і арышты, і турэмныя тэрміны. Якія яшчэ запыты і ў якія інстанцыі тут магчымыя?

Тое ж можна сказаць і пра цяперашняе становішча газэты “Народная Воля”. Галоўны яе рэдактар Іосіф Сярэдзіч куды толькі ні зьвяртаўся, каб у поўнай адпаведнасьці з законам друкавацца на тэрыторыі Беларусі і распаўсюджваць выданьне праз сыстэму “Белсаюздруку” ды “Белпошты”. Так, камусьці могуць не падабацца палітычная накіраванасьць, стылістыка газэты, хтосьці, як Вы, бачыць там бруд і зьнявагі. Дык на тое ёсьць суд. І колькі ўжо такіх працэсаў перажыла “Народная воля”! Але зьнішчыць яе спрабуюць якраз пазасудовымі мэтадамі, выганяючы з друкарняў і шапікаў.

Аўтар наступнага ліста – Леанід Лукін зь Менску.

“Часта сустракаюся і размаўляю з моладзьдзю. Сумныя гэтыя размовы і назіраньні. Пра тое, якой магутнай і багатай краінай быў Савецкі Саюз, амаль нічога ня ведаюць. Пытаюцца ў мяне: “А колькі тады каштавала кватэра ў Менску?” Адказваю: “Нічога не каштавала, дзяржава давала кватэры бясплатна”. Ня вераць! І пра тое, што савецкі студэнт на сваю стыпэндыю мог штодня харчавацца бутэрбродамі з каўбасой і гарачымі абедамі ў сталоўцы, – таксама ня вераць. І што за гурткі, спартыўныя сэкцыі, адпачынак у санаторах і летніках мы нічога не плацілі…

Калі вы там, на “Свабодзе”, за праўду, то павінны расказваць маладым, як насамрэч жылі людзі ў Савецкім Саюзе. А вы – толькі пра сталінскія рэпрэсіі ды пра ўвод савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну...”

Так, спадар Лукін, мы – за праўду. Але ў такім разе, расказваючы моладзі пра бясплатныя кватэры, трэба ўдакладняць: каб дачакацца сваёй чаргі на такую кватэру, людзям даводзілася дзесяцігодзьдзямі туляцца зь дзецьмі па інтэрнатах (асобнае жыльлё многія атрымлівалі толькі перад выхадам на пэнсію). І з каўбасой было ня ўсё так проста: сёньняшняя моладзь жахнулася б, калі б убачыла савецкую чаргу па каўбасу, у якой стаялі гадзінамі. Гэта пры ўмове, што яшчэ знойдзеш краму, куды тую каўбасу, як тады казалі, “выкінулі”. А што да, нібыта, “бясплатных” пуцёвак у санаторы, то бясплатнымі і даступнымі яны былі хіба толькі для тых, хто іх разьмяркоўваў. Прытым, усё тое, так бы мовіць, “бясплатнае” аплочвалася ў канчатковым выніку за кошт усяго грамадзтва. Прыніжальна нізкімі і амаль аднолькавымі былі заробкі ў настаўніка, доктара, інжынэра. Многія дагэтуль спамінаюць тыя стандартныя 120 рублёў у месяц.

Наш слухач Юрай Шпак-Рыжкаў зь Менску ў лісьце на “Свабоду” апісвае зьяву, якую ён называе “бязьлітаснай эксплюатацыяй працоўных”. Пры гэтым спасылаецца на ўласны досьвед працы грузчыкам у адной з крам у менскім мікрараёне “Серабранка”.

“Ужо хутка я заўважыў падазрона вялікую цякучку кадраў. За тры месяцы, што мне далі там парабіць, з трох грузчыкаў звольніліся два. Аказалася: у краме заўсёды хранічны недахоп кадраў – ня толькі сярод грузчыкаў, але і сярод прадавачак ды іншых шэрагоўцаў. А дырэкцыі гэта выгодна. Вось хоць бы мой прыклад. З трох месяцаў я, згодна з кантрактам, за першы і апошні месяц прэміяльных не атрымаў – толькі голы аклад. Дарма адрабіў стажыроўку. З прычыны штучна створанай цякучкі амаль увесь час працавалі ўдвох, робячы аб’ём за трох, але атрымліваючы, як і звычайна.

А з вуснаў адміністрацыі бясконца гучаць абразы, нецэнзурная лаянка. Табе ўвесь час нагадваюць, што ты – ніхто і ня маеш аніякіх правоў на пратэст. Традыцыйная справа – прымусіць працаваць у выходныя. А потым пра абяцаныя адгул ці даплату ўвогуле забываюць.

Тых, хто не згаджаецца ці хаця б выказвае незадаволенасьць, выжываюць хутчэй за іншых. Такіх перасьледуюць прыдзіркамі і кпінамі з боку кіраўніцтва. Вытрымаць падобныя зьдзекі могуць толькі загартаваныя. Таму й цякучка вялікая. Гэта – канвэер, арганізаваны хцівымі і бязьлітаснымі людзьмі”.

Далей Юрай Шпак-Рыжкаў апавядае, што ўяўляе зь сябе прафсаюзная суполка ў краме:

“Як можа абараняць правы працоўных кіраўнічка прафсаюзу, што па сумяшчальніцтве працуе адміністратаркай гэтай жа крамы? Навошта ёй сварыцца з дырэктаркай, якая й ёй можа ў адзін момант паказаць на дзьверы? І ці патрэбны падобным установам ды іхным кіраўнікам-махлярам наагул прафсаюзы, тым болей – свабодныя? Гэта ж для іх – чыстая сьмерць!”

Адміністрацыі незалежныя прафсаюзы, вядома, нязручныя. А вось шэраговым работнікам яны, мяркуючы з апісанай Вамі, спадар Юрай, гісторыі, вельмі неабходныя. Рана ці позна людзі гэта ўсьвядомяць і зробяць адпаведныя высновы.

Ня думаю, што і адміністрацыі крамы дужа выгодная сытуацыя, калі кадры нестабільныя і ўвесь час даводзіцца займацца гэтай праблемай. Калі работнік не трымаецца за сваё працоўнае месца, гэта адбіваецца і на дысцыпліне, і на адказнасьці, а ў канчатковым выніку – і на прыбытках прадпрыемства.

На заканчэньне – ліст, які пакіну бэз камэнтару. Пра наступствы “газавага” канфлікту Беларусі і Расеі нам піша Кастусь Сырэль з Вушачаў:

“Узрост Аляксандра Рыгоравіча не пакідае ніякай надзеі на зьмену ягонага характару. Так што, паважанае спадарства, нас чакае яшчэ многа канфліктаў ды скандалаў у самых розных сфэрах. Вы запярэчыце мне: а як жа выбары? Забудзьцеся, шаноўныя! Ня дзеля таго Рыгоравіч захопліваў уладу, каб аддаць яе праз такую драбязу, як выбары. Нічога – людзі ж перажываюць неяк землятрусы, вывяржэньні вулканаў, цунамі, пажары. Перажывём Рыгоравіча і мы. А калі ня мы, то нашы дзеці і ўнукі.

Нядаўна паслухаў адказы Станіслава Багданкевіча на пытаньні слухачоў “Свабоды”. Ня згодзен зь ягонай пазыцыяй наконт таго, што ўрад разам зь Сідорскім у нечым вінаваты за газавы канфлікт. Напэўна, Багданкевіч забыў, што ў нашай дзяржаве нават мыш ня пісьне без дазволу Рыгоравіча. І таму чакаць нейкіх самастойных дзеяньняў ад ураду – марна”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG