Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня на фэстывалі “Be2gether” выступяць тры беларускія гурты


Іна Студзінская, Нарвілішкі Як праходзіў першы дзень музычнага фэстывалю “ ў Нарвілішках на беларуска-літоўскім памежжы, якая была атмасфэра?

Карэспандэнтка: “На фэсьце ўсе танцуюць, весяляцца. Якраз выступае папулярны амэрыканскі гурт “Нью-Ёрк ска джаз”. Народ таньчыць, вельмі цёпла прымае гэты гурт, ён грае больш заплянаванага часу, бо гэта сапраўды здорава.

Шмат беларусаў, абгорнутых бел-чырвона-белымі сьцягамі. Толькі што мы сустрэлі амбасадара Літвы ў Беларусі спадара Багдонаса, які задаволены арганізацыяй. Побач паабал дарогі – намётавыя мястэчкі. Ёсьць беларускія намёты, дзе таксама лунаюць бел-чырвона белыя сьцягі. Даволі разьняволеная атмасфэра – піва, шашлыкі...”

Каліноўскі: “А хто зь беларускіх музыкаў прыбыў на фэстываль?”

Карэспандэнтка: “У суботу ў праграме будуць тры беларускія гурты – “IQ 48”, “Ляпис Трубецкой” і “Drum Extasy”. Яны правядуць прэсавую канфэрэнцыю і выступяць на дзьвюх сцэнах. Тут дзьве вялікія сцэны, і па чарзе на адной і на другой выступаюць музыкі. Субота – менавіта беларускі дзень”.

Каліноўскі: “9 жніўня беларускае МЗС распаўсюдзіла заяву, дзе заклікае “не дапусьціць прапагандысцкіх акцый непрыязнай, недабрасуседзкай, антыбеларускай скіраванасьці” гэтага фэстывалю. Ці не заўважылі вы якіх “антыбеларускіх правакацый”, у разуменьні МЗС?”

Карэспандэнтка: “Гэтага мы, дзякуй богу, пакуль не заўважылі, але ў Вільні ўчора была прэсавая канфэрэнцыя былога мэра Вільні Артураса Заокаса, і ён распавядаў пра імпрэзу, якая будзе ў 2009 годзе: Вільня –культурная сталіца Эўропы. І вось гэты фэстываль распачынае падрыхтоўку за два гады да гэтага.

Я задала пытаньне – як вы паставіліся да заявы МЗС? Ён сказаў, што гэта вельмі станоўча, калі на нас зьвяртаюць увагу, што гэта такі прыемны момант. Ён таксама сказаў, што некалі быў грандыёзны канцэрт у Бэрліне паміж сьценамі – тут таксама такі апэндыкс літоўскай тэрыторыі, які ўдаецца ў Беларусь, літаральна побач мяжа, і там таксама чуваць гэтую музыку. Хацелі зрабіць сцэну над мяжой, каб гэта быў такі своеасаблівы мост – на гэты раз гэта не ўдалося, але ў 2009 годзе будзе грандыёзны рок-фэстываль, і вось там, ён паабяцаў, гэтая сцэна над межамі будзе ўсталяваная”.

Фэстываль “Be2gether” ладзіцца і для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, 24.08.2007
XS
SM
MD
LG