Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каб не было так, што замежнікі ўсё прыватызуюць, а нам нічога не застанецца”


Радыё Свабода, Віцебск Жыхары Віцебску адказваюць на пытаньне, як яны ставяцца да прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Cпадар: “Да прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў я стаўлюся добра, калі гэтая прыватызацыя будзе працаваць на Беларусь. Калі будуць праводзіцца рынкавыя рэформы і разам з гэтымі рэформамі будзе праводзіцца прыватызацыя, то нядрэнна. Але каб не адбылося так, што неграмадзяне Беларусі ўсё прыватызуюць, а беларусам нічога не застанецца”.

Хлопец: “Усё залежыць ад канкрэтнай асобы. Канечне, раз нехта захацеў, то няхай прыватызуе. Але за гэтым мусяць сачыць: што прыватызуюць, хто і навошта”.

Спадарыня: “Я мяркую, што гэта ніякім чынам ня зьменіць сытуацыі: як не было грошай у дзяржаве, так іх і ня будзе – пакуль будзе такое бязладзьдзе ў эканоміцы. Акцыі раскупяць, але ж гэта будуць ня “людзі з вуліцы”, а тыя, хто блізка да палітыкі, – “патрэбныя людзі”, адным словам. Ня так проста ўсё ў нас!”

Спадар: “Увогуле ня шкодзіць задумацца, дзеля чаго гэта. Ці варта нешта прыватызоўваць. Раз я хачу пазбавіцца ад нейкіх сваіх рэчаў, значыць, яны мне зусім не патрэбныя? Вось як вы сваю асабістую рэч прадавалі б? Каб найбольш выгодна, праўда? Значыць, і за нармальны кошт, і нармальным людзям – ня нейкім круцялям”.

Хлопец: “Прыватныя рукі – ніколі ня ёсьць дрэнна. Таму што прыватнік лепш даглядае сваю маёмасьць. На прыктыцы ўжо ўсе ў гэтым пераканаліся”.

Дзяўчына: “Але наша ж дзяржава ніколі не прадасьць таго, што прыносіць прыбыткі. Яна гатова аддаць на прыватызацыю толькі тое, што ёй не патрэбна, – стратнае ці нязручнае”.

Спадар: “Я думаю, што наш урад паводзіць сябе правільна: праводзіць прыватызацыю паступова, нясьпешна, памяркоўна. Лічу, што на дадзены момант прыватызацыйная палітыка слушная”.

Хлопец: “Папраўдзе, адкуль я магу ведаць? Вось у Расеі незадаволены, што там усё прыватызавана. Паглядзіш па тэлевізары навіны адтуль – усе незадаволены, што ўсё паразьбіралі. А ў нас засталося ў дзяржавы, і людзі зноў-такі незадаволены. Вам ведаеце да каго трэба? Да Сідорскага. Ён прэм’ер-міністар, і ад яго ўсё залежыць. А што мы тут гаворым з вамі – гэта лухта”.
XS
SM
MD
LG