Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лех Валэнса вылучыў на Нобэлеўскую прэмію міру Станіслава Шушкевіча


Альгерд Невяроўскі, Менск Пра гэта сёньня, 24 жніўня, паведаміў мэдыям сам намінант. Станіслаў Шушкевіч ганарыцца такой ініцыятывай былога лідэра “Салідарнасьці” і прэзыдэнта Польшчы. Паводле Станіслава Шушкевіча, ініцыятыва Леха Валэнсы ёсьць праявай высокай міжнароднай падтрымкі дэмакратычных сілаў Беларусі.

Пра тое, што Лех Валэнса зьбіраецца вылучыць кандыдатуру Станіслава Шушкевіча на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру 2007 году, былы прэзыдэнт Польшчы паведаміў былому кіраўніку Беларусі яшчэ напрыканцы мінулага году падчас іх сустрэчы ў Гданьску. У той час Станіслаў Шушкевіч чытаў курс лекцый у Вышэйшай палітычнай школе ў Познані. Былы польскі прэзыдэнт меў права вылучаць кандыдатуру Станіслава Шушкевіча, бо сам зьяўляецца ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру 1983 году.

Спадар Шушкевіч такой зьвесткай быў уражаны. Ён успрыняў ініцыятыву Леха Валэнсы як падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі.

“Я вельмі ганаруся тым, што вылучаны. Калі такія ўплывовыя людзі, як Лех Валэнса (а гэта легендарны чалавек), вылучаюць, і калі я ведаю, што мяне падтрымалі іншыя вартыя людзі, – гэта вельмі прыемна: адчуць, што пра цябе яшчэ нехта памятае. Адрозна ад нашага, так сказаць, кіраўніка, які пазбавіў мяне пэнсіі са свайго ўласнага жаданьня. А іншыя гэта разумеюць неяк інакш – людзі прыстойныя, адрозна ад тутэйшых”.

Паводле спадара Шушкевіча, зь ініцыятывы Леха Валэнсы ягоную кандыдатуру таксама падтрымалі іншыя вядомыя ў сьвеце асобы. Але бязь іхнае згоды называць імёны былы кіраўнік Беларусі ня будзе.

Станіслаў Шушкевіч на Нобэлеўскую прэмію міру быў вылучаны, сярод іншага, за ініцыятыву і рэалізацыю вываду тактычнай і стратэгічнай ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі, а таксама за ініцыятыву віскулёўскай сустрэчы ў сьнежні 1991 году кіраўнікоў трох рэспублік былога СССР.

Свае шанцы стаць ляўрэатам Станіслаў Шушкевіч не ацэньвае высока. Бо сярод сёлетніх кандыдатаў – былы канцлер Нямеччыны Гельмут Коль, экс-віцэпрэзыдэнт ЗША Альбэрт Гор, іншыя вядомыя ў сьвеце палітыкі і праваабаронцы.

Ляўрэат прэміі будзе вызначаны ў другой палове кастрычніка ў сталіцы Нарвэгіі Осла.

Летась на Нобэлеўскую прэмію міру вылучалі кіраўніка зьліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.
XS
SM
MD
LG