Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліквідацыя пагражае яшчэ тром апазыцыйным партыям


Алесь Дашчынскі, Менск Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовыя папярэджаньні тром апазыцыйным арганізацыям – Партыі БНФ, Беларускай партыі “Зялёныя” і БСДП(Грамада). Чыноўнікі пагражаюць прыпыніць іх дзейнасьць альбо зьліквідаваць у судовым парадку.

Як заяўляе Міністэрства юстыцыі, нягледзячы на патрабаваньні і папярэджаньні, гэтыя партыі дагэтуль не ўтварылі неабходнай колькасьці аргструктур. Згодна з законам, палітычныя партыі мусяць мець Менскую гарадзкую і абласныя арганізацыйныя структуры ня менш чым у чатырох вобласьцях. Мінюст пагражае, што можа паставіць пытаньне аб прыпыненьні дзейнасьці партый альбо аб іх ліквідацыі ў судовым парадку.

БСДП(Грамада) мае зарэгістраванымі чатыры абласныя і Менскую гарадзкую арганізацыі. Паводле кіраўніка спраў Анатоля Сідарэвіча, у папярэджаньні Мінюсту ёсьць блытаніна ў дакумэнтах:

“Магчыма, чыноўнік атрымаў указаньне, але пераблытаў. Мусіць, чыноўнік, які пісаў гэты загад міністра, зблытаў нашу партыю зь нейкай іншай партыяй. Атрымліваецца, ён спасылаецца на дакумэнт, якога не было. Мы так і казалі: будзе, як з камуністамі спачатку, потым – з партыяй “Надзея”. І мы казалі, што наступнай з Саюзу левых партый” будзе наша”.

Старшыня арганізацыйна-праўнай камісіі Партыі БНФ Уладзімер Лабковіч патлумачыў: партыі не хапае адной абласной арганізацыі, каб адпавядаць дзейнаму заканадаўству:

“Мясцовая ўлада ў масавым парадку некалькі разоў адмаўляла нам у такой рэгістрацыі. Мы рабілі спробы такой рэгістрацыі ў Гарадзеншчыне некалькі разоў. Нам адмаўлялі ў юрыдычным адрасе, хаця давалі папярэднюю згоду. Тое ж было на Магілёўшчыне і на Віцебшчыне. Мы прыходзілі заключаць дамову, нас знаёмілі з памяшканьнем, а празь пяць хвілін тэлефанавалі, што ня могуць здаць памяшканьне. У некаторых месцах казалі: ну, вы ж самі ўсё разумееце”.

Юрыст Уладзімер Лабковіч называе папярэджаньне Мінюсту палітычным:

“Мы разглядаем гэта як падрыхтоўку да палітычнай кампаніі, парлямэнцкіх выбараў, Спачатку была партыя камуністаў, цяпер БНФ і іншыя палітычныя партыі. Гэта ўсё скіравана на стварэньне перашкод палітычным партыям для ўдзелу ў палітычнай кампаніі. У 2004 годзе былі зьліквідаваны грамадзкія арганізацыі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў былі зроблены зьмены ў Крымінальным кодэксе, паводле якіх перасьледуюць моладзевых актывістаў. Перад гэтымі выбарамі, я думаю, будзе спроба выключыць з барацьбы на парлямэнцкіх выбарах палітычныя партыі”.

Сярод партый, якім вынесена папярэджаньне, таксама Беларуская сацыяльна-спартовая партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды і Рэспубліканская партыя.

• ПКБ ня мае права карыстацца сваімі рахункамі, 02.08.2007 • Дзейнасьць ПКБ можа быць прыпыненая, 31.07.2007
XS
SM
MD
LG