Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпёка: у выйгрышы вытворцы піва і гандляры кандыцыянэрамі


Ігар Карней, Менск У Беларусі ўжо некалькі дзён – надзвычайная сьпёка. Перавышаныя тэмпэратурныя рэкорды, якія трымаліся болей за паўстагодзьдзя. Паводле спэцыялістаў гідрамэтэацэнтру, у сталіцы максымальная тэмпэратура ўчора склала 33,5 градуса цяпла. Папярэдні рэкорд (29 градусаў) быў зафіксаваны ў 1938 годзе. А ў Лельчыцах на Гомельшчыне зарэгістраваны абсалютны рэкорд -- 36 градусаў. Чакаецца, што ўжо сёньня атмасфэрны фронт з захаду прынясе ў Беларусь вільготнае паветра.

Ці прыстасаваны беларусы да жыцьця і працы ва ўмовах гарачыні?

Калі ўладальнікі сучасных аўтамабіляў, абсталяваных сыстэмай клімат-кантролю, на сваё жаданьне могуць штучна ствараць у салёнах аўтамабіляў практычна любое надвор’е, то пасажыры грамадзкага транспарту езьдзяць у “жалезных скрынях”, як у перасоўных парылках. Да 30 градусаў вулічнай сьпёкі ў транспарце дадаюцца гарачыя “пасажырскія” градусы. Ніводная мадэль тралейбусаў, аўтобусаў, трамваяў, вырабленых у Беларусі, не кандыцыявана. Зрэшты, узімку ў грамадзкім транспарце іншая скрайнасьць – мінусавая тэмпэратура. Як канстатуюць мэдыкі, у анамальную сьпёку асноўны кантынгент шпіталёў – людзі з сардэчна-сусудзістымі і нэўралягічнымі захворваньнямі. Многія са шпіталізаваных ад духоты і нястачы сьвежага паветра гублялі прытомнасьць наўпрост на працоўных месцах, бо і вытворчыя, і офісныя памяшканьні ў Беларусі, як правіла, не кандыцыянаваны.

Над дарогамі – воблакі дыму

У розных месцах краіны гэтымі днямі назіраецца задымленьне тарфянікаў. Побач зь Менскам на Валожынскім кірунку машыны едуць праз сапраўднае дымавое воблака. Аднак прадстаўнік Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Віталь Навіцкі кажа, што сытуацыя пакуль пад кантролем:

“Ёсьць нязначнае падвышэньне колькасьці пажараў у прыродных экасыстэмах, але агульная колькасьць іх вельмі нязначная. Усё на пачатковай стадыі ліквідуецца і ніякіх глябальных праблем няма. За мінулыя суткі ў нас здарыўся 21 пажар па краіне ў памянёных экасыстэмах. Зразумела, дым будзе і тут нікуды не падзенесься. Але ніякіх сур’ёзных праблем няма, хоць усе й чакаюць, што пры анамальнай гарачыні можа нешта надарыцца. Не, усё ў норме”.

Справа ў тым, –дадае Віталь Навіцкі – што пасьля працяглай сьпёкі прырода зазвычай рыхтуе іншыя сюрпрызы – перадусім у выглядзе моцных навальніц і ўраганаў.

Спажываньне піва прывязана да тэмпэратуры паветра

Хто выйграў ад надзвычайнай сьпёкі, дык гэта вытворцы прахаладжальных напояў, сокаў і – найперш – піва. Па ацэнках экспэртаў, за тыдзень спажываньне вадкасьці вырасла мінімум утрая, калі параўноўваць з аналягічным, больш халодным, пэрыядам. Гаворыць адзін з прадстаўнікоў Рэчыцкага бровару:

“Усё ў парадку – не сумнявайцеся. Увогуле тут сытуацыя прапарцыянальная: ад тэмпэратуры, ад умоў надвор’я спажываньне залежыць наўпрост. А цяпер надвор’е ня проста гарачае, а духотнае. Дык вось калі духота, тады піва ўвогуле выдатна ідзе, па ўсіх пазыцыях – і разьліўное, і ў бутэльках, і ПЭТ. Усё цудоўна разыходзіцца, асабліва – на разьліў. Канечне, яно больш востра рэагуе на кліматычны зьмены. Бо калі духотна, чалавек у бары вып’е ня келіх, а тры келіхі – як варыянт”.

На руку гарачыня й гандлярам кліматычным абсталяваньнем. У адной зь менскіх фірмаў мне паведамілі, што цягам тыдня прадалі столькі ж пабытовых кандыцыянэраў, колькі за ўвесь ліпень. Не палохае пры гэтым пакупнікоў і няпэўнасьць сытуацыі, агучанай гарадзкімі ўладамі наконт змаганьня зь “неэстытычнымі скрынямі” кандыцыянэраў на фасадах будынкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG