Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мой адрас – ня дом і ня вуліца. Аграгарадок!


Ігар Карней, Менск Згодна зь дзяржаўнай праграмай, да 2010 года ў Беларусі зьнікне 1,5 тысячы вёсак і зьявіцца столькі ж паселішчаў новага тыпу – аграгарадкоў. Ці ўдасца беларускім уладам выканаць задачу, пастаўленую яшчэ ў часы бальшавікоў, – зблізіць вёску з горадам?

Сёлета ў траўні дэпутаты абедзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу ўхвалілі папраўкі ў закон аб адміністратыўна-тэрытарыяльным падзеле Беларусі. Сэнатар Анатоль Малафееў прызнаўся, што папраўкі былі распрацаваныя дзеля нарматыўнага замацаваньня статуса аграгарадкоў як самастойнага віду населеных пунктаў.

Адной з умоваў для выбару месца пад аграгарадок зьяўляецца патэнцыйна высокі ўзровень дэмаграфічнага і вытворчага патэнцыялу, а таксама транспартная, інжынэрная і сацыяльная інфраструктура. Такім чынам, пад узбуйненьне аўтаматычна патрапілі цэнтры калгасаў да саўгасаў.

Аграбацькі: Хрушчоў, Машэраў, Лукашэнка

Аграгарадкі нарадзіліся на ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі, але не на парожнім месцы. Алесь Петрашкевіч у бытнасьць загадчыкам аддзелу культуры ЦК КПБ на ўласныя вочы бачыў, як спрабавалі ўкараніць ідэю ўзбуйненьня вёсак, кінутую яшчэ Хрушчовым. Пазьней за ідэю ўхапіўся Машэраў, які пачаў ствараць паказальныя гаспадаркі з узорнымі цэнтрамі:

“Ня думаю, што Аляксандар Рыгоравіч – пасьлядоўнік Пятра Машэрава. Ён шукае сваё выйсьце. Але ніякай перабудовы ў гэтых варунках быць ня можа. Тут справа эканамічная: вёскі будуюць, а гарачай вады няма, ваннаў няма, лазьняў таксама не пабудавалі. Прыбіральняў нават няма! І ў гэтыя дамкі, якія будуюць па 40 тысяч даляраў, ня кожны з гаспадарнікаў рызыкуе ўкладаць такія грошы. Дый будуюцца яны, як аказалася, вельмі няякасна. Гэта не Верцялішкі, гарадок сапраўды па вышэйшаму клясу. Але ж ён адзін будаваўся 16 гадоў”.

Уга Чавэс – адзіны прыхільнік вясковай урбанізацыі

Двойчы Герой Сацыялістычнай працы, экс-кіраўнік калгасу “Рассвет” Васіль Старавойтаў за савецкім часам быў прызнаны адным з лепшых рэалізатараў ідэі набліжэньня вёскі да горада. Праўда, скончылася для Старавойтава гэта сумна – турэмным тэрмінам. І больш у паказальныя гарадкі з вясковым калярытам ён і ня верыць:

“Гэта ўсё нядоўгавечна. У прыватнасьці, разумны чалавек разумее, што гэта нядоўгавечна, а ўсё гэта толькі часовыя забавы. Я калі пачынаў нешта аналягічнае рабіць, гэтаксама верыў: працую, каб прыгажэйшым быў “Расьсвет”, каб прыгажэла зямля і багацела пры гэтым дзяржава. А што атрымаў?”

Досьвед будаўніцтва ў Беларусі аграгарадкоў вырашана распаўсюдзіць і ў СНД, і ў замежжы. На адным з паседжаньняў кіраўнікоў СНД у Душанбэ ўхваленая рэзалюцыя наконт перайманьня "станоўчага вопыту Беларусі" ў разьвіцьці аграгарадкоў. Але пакуль у СНД да беларускага досьведу прыглядаюцца, заакіянскі сябра Аляксандра Лукашэнкі, прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс запрасіў беларусаў будаваць аграгарадкі ў ягонай краіне.

Юры Кротаў, прадстаўнік аднаго зь беларускіх горадабудаўнічых інстытутаў, якраз нядаўна вярнуўся з Каракаса, дзе вёў перамовы на гэтую тэму. Адказ з Вэнэсуэлы чакаецца бліжэйшым часам. Спадар Кротаў спадзяецца, што ён будзе станоўчы:

“Вэнэсуэла таксама спрабуе выбудаваць ўласную сыстэму сваіх апорных паселішчаў. І так атрымліваецца, што нашы аграгарадкі якраз падпадаюць пад апорныя паселішчы сельскай сыстэмы”.

Міністэрствам будаўніцтва і архітэктуры распрацаваны 1480 генэральных плянаў аграгарадкоў. Найбольш іх збудуюць у Менскай вобласьці – 325. Меней за ўсіх патрэбу ва ўсярэдненай форме паміж вёскай і горадам маюць на Магілёўшчыне – тут заплянаваныя толькі 202 аграгарадкі.


Аграгарадкі ці “аграхаткі”? 23.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG