Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Вярцінскі: Пімен Панчанка напісаў бы зноў “Паэму сораму і гневу”


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Сёньня споўнілася 90 гадоў зь дня нараджэньня беларускага паэта Пімена Панчанкі. У другой палове 1980-х, пачатку новай хвалі беларускага адраджэньня, ён узьняў свой голас у абарону нацыянальных каштоўнасьцяў. Ягоны верш “Разьвітаньне”, надрукаваны ў “Літаратуры і мастацтве”, многімі быў успрыняты як маніфэст нацыянальнай інтэлігенцыі. Пра гэты верш Панчанкі узгадвае тагачасны галоўны рэдактар “ЛіМу” Анатоль Вярцінскі.

Ракіцкі: “Асабіста я ніколі не забуду, як у перабудовачныя часы ў “ЛіМе” раптам зьявіўся верш Пімена Панчанкі “Разьвітаньне”. Там былі такія радкі:

“Гэта ўжо не сьвітаньне, Гэта наша настала зьмярканьне, Гэта з мовай маёй, Гэта зь песьняй маёй Разьвітаньне”.

Гэты верш стаў шокам для беларускай інтэлігенцыі. Ці ня ўпершыню ўслых такі аўтарытэтны паэт, як Пімен Панчанка, заявіў практычна пра сьмерць беларускай мовы. Анатоль Ільіч, як вы наважыліся надрукаваць гэты верш?”

Вярцінскі: “Пімен Емяльянавіч пазваніў мне і сказаў: “Анатоль, вось у апошнія дні напісаўся мне верш, які, баюся, вельмі цяжка будзе надрукаваць нават табе, хоць я лічу цябе вельмі сьмелым рэдактарам. Бо ў гэтым вершы ёсьць радкі, якія, відавочна, нашаму начальству ня вельмі спадабаюцца. Ён меў на ўвазе не заключныя радкі, якія вы працытавалі, а іншыя радкі гэтага верша:

“Вялікая дзяржава — Вялікая ідэя. I ўсё ж, таварыш мой, Мазгамі шавяльні: Каля агню братэрства Растуць і ліхадзеі I расьцьвітае Вялікадзяржаўны шавінізм.

Малыя народы — Як грошы разьменныя ў касах. На бронзавых конях Усюды сядзяць палкаводцы: То пакарэньне Каўказа, То высяленьне Каўказа, То Беластоцкая вобласьць, То ваяводзтва”.

Яшчэ адзін быў небясьпечны, крамольны матыў:

“А нашы псэўдаасьветнікі, Сабраныя на канцылярскіх сьметніках, Магутныя бюракраты Уласным сьцьверджаньням рады: «Гаворыш па-руску — Інтэрнацыяналіст; Гаворыш па-беларуску — Нацыяналіст. Вучы дзяцей францускай, Ангельскай, эспэранта, Але не беларускай...»

Вось такі быў верш.”

Ракіцкі: “Але, нягледзячы на такую рэзкую пазыцыю адносна тых, хто пачаў сваё кіраваньне дзяржавай са зьнішчэньня мовы, яны, высокае начальства, прыйшлі на пахаваньне паэта. Нягледзячы на тое, што пахаваньне адбывалася па-беларуску і пад бел-чырвона-белым сьцягам, на разьвітаньне ў Дом літаратара прыйшоў і Аляксандар Лукашэнка...”

Вярцінскі: “Ён тады толькі пачынаўся як прэзыдэнт. Такога роду пахаваньне было апошнім. Пра наступныя балюча нават успамінаць, і не таму, хто там прыйшоў ці не прыйшоў, а таму што пахаваньні сапраўдных сыноў Беларусі ўжо такімі не былі. Тое, што тыя былі апошнімі, сьведчаць разьвітаньні і з Васілём Віткам, і Аляксеем Русецкім, і Васілём Быкавым... Памятаем, што ўяўлялі сабой праводзіны ў тое лепшае жыцьцё Васіля Быкава... І нарэшце – апошняе пахаваньне Янкі Брыля”.

Ракіцкі: “Які б верш, калі б заставаўся жывым, напісаў Пімен Панчанка сёньня, 23 жніўня 2007 году, у дзень свайго 90-годзьдзя?”

Вярцінскі: “Ён напісаў бы верш у стылі сваёй паэмы, якая так і называлася, – “Паэма сораму і гневу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG