Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці ўтрымае дзяржава беларускія бровары?


Юлія Шарова, Менск Дзяржава ня мусіць страціць высокапрыбытковай піваварнай галіны – такую заяву зрабіў сёньня Аляксандар Лукашэнка ў часе нарады ў пытаньнях разьвіцьця гэтай галіны. Кіраўнік краіны мяркуе, што ў беларускія бровары дзяржаве трэба ўкласьці 125 мільёнаў даляраў, каб на іх варылі піва высокай якасьці. Таксама ён настойвае на ўжываньні толькі айчыннай сыравіны.

Сёньня ў Беларусі вытворчасьцю піва займаюцца 12 спэцыялізаваных заводаў. Нацыянальная праграма разьвіцьця піваварнай галіны краіны патрабуе павялічыць вытворчыя магутнасьці да 64 мільёнаў дэкалітраў у год да 2010 году.

Сёлета за сем месяцаў на беларускіх броварах зварылі больш за 21 мільён дэкалітраў піва. Імпартавалі ў Беларусь за першае паўгодзьдзе больш за 4 мільёны дэкалітраў напою.

“Ад гэтага якасьць ня зьменіцца – выхад зьменіцца, страты заводу будуць...”

На шэрагу прадпрыемстваў галіны ўжо цяпер канстатуюць праблемы. Так, напрыклад, пагоршыўся стан менскага бровару “Крыніца”. У першым паўгодзьдзі сёлета аб’ём вытворчасьці тут зьнізіўся на 7 адсоткаў. Згодна з падлікамі экспэртаў, заводу тэрмінова патрэбны 25–26 мільёнаў эўра на працяг рэканструкцыі. На акцыі “Крыніцы” прэтэндуюць шмат якія замежныя кампаніі, напрыклад – «Heineken», аднак прадаваць бровар дзяржава не сьпяшаецца.

Колькі тыдняў таму зьявілася інфармацыя, што на аршанскім бровары вялікія завінавачанасьці, а таму прадпрыемства могуць прадаць з аўкцыёну. Перастаў існаваць гарадзенскі бровар.

Адносна пасьпяховыя заводы сёлета скардзяцца на праблемы з сыравінай. Беларускі піваварны ячмень няякасны, з высокім утрыманьнем бялку, але яго прымушаюць набываць. Вось што мне апавяла спэцыяліст аднаго з буйных бровараў:

“Канечне ж, праблемы ёсьць. Нам проста зьмянілі паказьнікі. Але ж з улікам таго, што навокал няма ні збожжа, ні соладу, а імпартны солад будзе вельмі дарагі, то, магчыма, за кошт выхаду... Ад гэтага якасьць ня зьменіцца – выхад проста зьменіцца, страты заводу будуць”.

Як патлумачыла мая суразмоўца, завод папросту змушаны будзе набыць болей ячменю, каб дастаць зь яго патрэбны экстракт.

М.Залескі: “Што мы хочам – гэта адно, а што мы робім – зусім іншае”

Эканаміст Міхал Залескі называе заявы кіраўніка краіны чарговым папулісцкім крокам. На думку экспэрта, дзяржава ня мае ня толькі грошай, але й стратэгіі разьвіцьця беларускіх бровараў. Ён не выключае, што пасьля заяў пра магчымасьць дзяржавы ўзьняць піваварную галіну без дапамогі замежных інвэстараў, усё ж пачнецца продаж пакетаў акцый айчынных бровараў – для аплаты іншых дзяржаўных патрэб.

Залескі: “Калі патрэбны грошы, гаворка вядзецца не пра тое, што мы залучаем рэальныя інвэстыцыі (абсталяваньне, тэхналёгіі), а мы пачынаем партфэльныя інвэстыцыі залучаць – прадаваць пакеты акцый, вельмі падобна. Чым нам замінаў той самы «Velcom»? Што мы хочам – гэта адно, а што мы робім – зусім іншае. І давайце будзем глядзець на нашы вынікі й справы, а не на нашы жаданьні. А вынікі й справы такія: мы хацелі мець шмат. А цяпер паглядзім, каму належыць наш магутны мазырскі завод. І каму належаць нашы некаторыя іншыя рэчы, ня менш цікавыя, – напрыклад, “Белтрансгаз”? Так будзе й зь півам”.

Гарадзенскага піва больш не існуе, 16.07.2007 Ці забароняць у Менску прадаваць піва на вуліцах?, 6.04.2007
XS
SM
MD
LG