Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымэтрычныя захады МЗС супраць амэрыканскіх чыноўнікаў


Ігар Карней, Менск Беларускія ўлады плянуюць у аднабаковым парадку спрасьціць афармленьне візаў грамадзянам ЗША для ўезду з гасьцявымі і дзелавымі мэтамі. МЗС Беларусі адзначае: ужо бліжэйшым часам будзе вызначаны парадак, у адпаведнасьці зь якім візы на ўезд на тэрмін да 30 дзён грамадзянам ЗША будзе афармляцца без запрашэньняў і на падставе запоўненых візавых анкет. Разам з тым, у адказ на “несяброўскія захады кіраўніцтва ЗША” Беларусь уводзіць візавыя абмежаваньні адносна пэўных катэгорый афіцыйных амэрыканскіх асоб.

МЗС Беларусі мае свой “чорны сьпіс” амэрыканскіх чыноўнікаў

Напачатку жніўня афіцыйны Вашынгтон пашырыў сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім абмежаваны ўезд у ЗША. Як патлумачыла прадстаўніца МЗС Беларусі Марыя Ваньшына, ува ўмовах такіх “аднабаковых нематываваных дзеяньняў з боку ЗША” Беларусь вымушана гэтаксама зрабіць сымэтрычныя захады.

Спадарыня Ваньшына ўдакладніла: гэтак жа, як ЗША склалі сьпіс неўязных беларускіх кіраўнікоў, “чорны сьпіс” амэрыканскіх чыноўнікаў маецца і ў зьнешнепалітычным ведамстве Беларусі:

“Натуральна, што існуе сьпіс адносна пэўных катэгорый амэрыканскіх афіцыйных асоб. І, па-мойму, з гэтым момантам павінна быць усё зразумела”.

Джонатан Мур: здараліся й раней адмовы ў візах для амэрыканскіх чыноўнікаў

На просьбу Радыё Свабода рашэньне беларускіх уладаў пракамэнтаваў Часовы павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Джонатан Мур:

“Мы пакуль афіцыйна не паінфармаваныя МЗС Беларусі, чым выклікана такое рашэньне і каго з амэрыканскіх афіцыйных асоб яно будзе тычыцца. Але здараліся й раней адмовы ў выдачах візаў для амэрыканскіх чыноўнікаў – з розных прычын. Прыкладам, летась была анулявана беларуская віза намесьніку Дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы Дэну Фрыду. Пра наваўводзіны мы чакаем афіцыйнай інфармацыі з МЗС Беларусі”.

Што тычыцца абвінавачаньняў беларускага МЗС у ранейшых “недружалюбных кроках ЗША”, спадар Мур адказаў: амэрыканскі крок грунтуецца галоўным чынам на непакоі ЗША адносна сытуацыі ў Беларусі. Джонатан Мур падкрэсьліў, што ЗША папярэджвала афіцыйны Менск: калі ня будуць вызвалены палітвязьні, то Амэрыка ўвядзе адпаведныя санкцыі супраць рэжыму і людзей, якія зь ім супрацоўнічаюць.

Беларуска-амэрыканскія стасункі мінімальныя

Практычна ўсе візыты афіцыйных дэлегацый ЗША ў Беларусь прыпадаюць на пэрыяд да 1994 году. У студзені 1994 году, першы і пакуль апошні раз у гісторыі незалежнай Беларусі, Менск наведаў тагачасны прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі кантакты на вышэйшым узроўні былі практычна спынены.

У тых жа 1990-х яшчэ па інэрцыі ў Беларусь ехалі валантэры дабрачынных арганізацый, якія аказвалі падтрымку перадусім пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але й гуманітарная дапамога аказалася беларускім уладам непатрэбнай, і паступова супрацоўніцтва сышло на мізэр.

Турыстычныя патокі грамадзянаў ЗША гэтаксама абмінаюць Беларусь. У лепшым выпадку тут на суткі спыняюцца амэрыканцы, якія транзытам едуць у Расею з Заходняй Эўропы.

Што да мэтавых візытаў, то гэты сьпіс узначальваюць пастары эвангельскіх канфэсій, якія езьдзяць па ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Беларусь, зь місіянэрскімі мэтамі. Некалькі амэрыканцаў навучаюцца ў беларускіх ВНУ; адзінкі мэнэджэраў прадстаўляюць тут інтарэсы амэрыканскіх кампаній.

Міжнародныя адносіны выратуе спорт?

Бадай, самы вядомы амэрыканец у Беларусі – Курт Фрэйзэр, галоўны трэнэр зборнай Беларусі ў хакеі. Але і ён тут зьяўляецца толькі падчас збораў нацыянальнай каманды перад афіцыйнымі матчамі.

Міністар унутраных спраў Беларусі Ўладзімер Навумаў, які хоць і ў сьпісе неўязных чыноўнікаў, але ў рангу кіраўніка Фэдэрацыі хакею Беларусі трымае пэрсанальнае апекаваньне Фрэйзэра, ня лічыць амэрыканска-беларускія адносіны “тупіковымі”. Падчас нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі з нагоды прызначэньня Фрэйзэра на пасаду галоўнага трэнэра Навумаў заявіў:

“Я не сказаў бы, што ў нас такія складаныя стасункі з ЗША. Я і па гэтай грамадзкай працы сустракаюся з прадстаўнікамі Амэрыкі, якія дапамагаюць нашай краіне, і па асноўнай працы. Цягам апошніх трох гадоў супрацоўнікі беларускай міліцыі працуюць у ЗША. Кожныя паўгода група супрацоўнікаў адзін аднаго мяняюць. Мы разам раскрываем агульныя злачынствы, зьвязаныя зь дзіцячай парнаграфіяй. Натуральна, у нас ёсьць пытаньні, яны будуць заставацца, але, як прыклад, той жа спорт стаіць крыху вышэй, чым палітычныя пытаньні між краінамі. Так заўсёды было й так будзе”.

Апроч вышэйшых кіраўнікоў Беларусі, якія ўжо даўно зьяўляюцца неўязнымі, у пашыраны “чорны сьпіс” ад пачатку жніўня патрапілі чыноўнікі ўзроўню намесьнікаў міністраў, генэральны пракурор з намесьнікамі, афіцэры МУС і КДБ у званьнях вышэй за падпалкоўніка, супрацоўнікі ідэалягічных аддзелаў выканкамаў, кіраўнік прэзыдэнцкай Адміністрацыі з намесьнікамі, старшыня Канстытуцыйнага суду, члены Цэнтравыбаркаму, старшыні абласных выбарчых камісій ды іншыя афіцыйныя асобы. Неўязнымі аб’яўлены й сужэнцы пералічаных чыноўнікаў.

Паводле амэрыканскага кіраўніцтва, пашырэньне сьпісу было зьдзейсьнена ў зьвязку з тым, што праз год пасьля ўвядзеньня візавых абмежаваньняў супраць вышэйшых кіраўнікоў Беларусі ўлада Лукашэнкі працягвае перасьледаваць грамадзянаў за выказваньні ў абарону дэмакратыі, правядзеньне мірных дэманстрацый і выступы супраць рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму.


Беларусь уводзіць візавыя абмежаваньні для амэрыканскіх чыноўнікаў, 22.08.2007 Новыя абмежаваньні на ўезд у ЗША для беларускіх урадоўцаў, 7.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG