Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы: Прадаваць піўзаводы можна, але толькі не расейцам…


Радыё Свабода, Горадня Як вы лічыце: ці трэба прадаваць піўзаводы, ці палепшыцца ад гэтага якасьць беларускага піва? На гэтыя пытаньні нашага карэспандэнта адказвалі гарадзенцы.

Малады спадар: “Я ня думаю, што прадамо піўзаводы – і стане лягчэй, якасьць піва палепшыцца. Гэта ўсё залежыць ад нас саміх. Карацей: прадаваць ня варта: няхай будзе сваё піва”.

Спадар: “Калі заходнім кампаніям, дык прадаваць варта: няхай яны інвэстуюць грошы ў нашу піўную прамысловасьць. Таму што яна, лічу, знаходзіцца на мяжы банкруцтва – патрабуе новых тэхналёгій і абсталяваньня. А грошай, як заўсёды, няма. Патрэбны інвэстар, які ўкладзе грошы ў нашу піўную прамысловасьць, а ў адваротным выпадку расейцы зжаруць яе дашчэнту – і яна перастане наагул існаваць”.

Малады спадар: “Заводы нерэнтабэльныя прадаць можна, а “Крыніца”, “Аліварыя”, я думаю, самі могуць парадзіць сабе з праблемамі: якасьць у іх цяпер добрая. Што датычыць нашага гарадзенскага піўзаводу, дык тут усё вырашана – яго болей няма. Яшчэ раз кажу: заводы, якія цяпер на каленях, можна прадаць”.

Спадар: “Я думаю, што піўныя заводы падымаць трэба, а прадаваць ці не – гэтага я ня ведаю. Тое, што Беларусь робіць цяпер, – зусім няслушна. Нашага піва беларускага няма нармальнага. Асабліва крыўдна за гарадзенскі піўзавод: яму столькі гадоў было, а яго закрылі. Я думаю, гэта празь няправільную палітыку”.

Спадар: “Якасьць беларускага піва толькі палепшыцца. Бо замежнае піва значна смачнейшае – там лепшыя тэхналёгіі. Таму прадаваць нашы піўзаводы трэба”.

Малады спадар: “Калі якасьць нашага піва сапраўды палепшыцца, то замежны капітал – някепска. Толькі заводы ня трэба прадаваць цалкам. Але частка капіталу хай будзе замежнай – менш за пяцьдзесят адсоткаў, канечне”.

Спадар: “Трэба прадаваць. Прынамсі, палову. Бо піўзаводы ж нашы выміраюць”.

Малады спадар: “Беларускага піва я вельмі мала п’ю: ня вельмі яно мне падабаецца. А ці прадаваць заводы? Трэба, можа, папросту паспрабаваць палепшыць якасьць піва. А калі прадаваць, дык трэба выбіраць вядомыя брэнды, добра раскручаныя – і тады ім прапаноўваць. Як па мне, дык толькі не расейскім заводам прадаваць. Таму што Расея сама прадала ўсе свае заводы менавіта замежным кампаніям, і за кошт гэтага павялічыла аб’ёмы піва”.
XS
SM
MD
LG