Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Gazeta Wyborcza: “Мірон пасьмейваецца з Лукашэнкі”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Мірон пасьмейваецца з Лукашэнкі” – артыкул з такім загалоўкам друкуе сёньня польская Gazeta Wyborcza. Штодзёньнік расказвае пра невядомага беларускага патрыёта, высьветліць асобу якога ўлады ня могуць ужо шмат гадоў.

“Кім ёсьць Мірон, які ўжо 12 гадоў вывешвае бел-чырвона-белыя сьцягі на лініях электраперадач, найвышэйшых будынках, дзяржаўных установах – у месцах, якія здавалася б, недаступныя ?”, – пытаецца журналіст газэты і падае гісторыю Мірона, якая пачалася ад 1995 году.

Паводле Wyborczej, найбольш адважная і незвычайная акцыя Мірона мела месца ў 1998 годзе, калі бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся на добра ахоўваным будынку віцебскага аблвыканкаму.

“Тады ўлады распачалі крымінальную справу і затрымалі віцебскага апазыцыянэра Уладзімера Плешчанку. Але гэта ня быў Мірон. Калі Плешчанка сядзеў у вязьніцы, над Віцебскам зьявіліся новыя сьцягі, у тым ліку, што было асабліва адважным учынкам – насупраць сядзібы КДБ”, – піша газэта.

Журналіст штодзёньніка, як і беларускія міліцыянты і спэцслужбы, ня змог знайсьці легендарнага Мірона, пачуўшы толькі, што гэта “сапраўдны беларускі герой і асілак”.

Gazeta Wyborcza піша, што ў Мірона зьявіліся пасьлядоўнікі ва ўсёй Беларусі, а ягоныя ўчынкі сталіся натхненьнем для творчых асобаў, яму свае творы прысьвяцілі Рыгор Барадулін і Алесь Марачкін.

“Тыдзень таму віцебская міліцыя чарговы раз паведаміла, што Мірон схоплены. Затрыманы хлопец сапраўды спрабаваў павесіць бел-чырвона-белы сьцяг, але ня меў пры сабе тыповай для Мірона запіскі. Больш таго, у 1995 годзе, калі Мірон упершыню павесіў сьцяг, хлопцу было ўсяго 11 гадоў”, – піша аўтар артыкулу і завяршае матэрыял словамі віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайды: “Яны ніколі яго ня схопяць”.
XS
SM
MD
LG