Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на Свабоду: “Прыстойны чалавек шануе Канстытуцыю”


Радыё Свабода, Менск Агляд званкоў на "Свабоду" за 23 жніўня, чацьвер. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24

Анастас Семяновіч: “Партыя прэзыдэнта Казахстану Назарбаева перамагла на нечарговых выбарах у ніжнюю Палату парлямэнту, набраўшы 88% галасоў. Я зьдзіўлены: чаму так мала? Чаму ня 105 адсоткаў? У нас Ярмошына, мяркую, абвесьціць больш за 100%. Менавіта таму выбарчы закон не мяняюць і дэмакратаў не пускаюць. Назарбаеў гаворыць: я не разумею, чаму Пуцін пакідае сваю пасаду? Адказ: прыстойны чалавек шануе Канстытуцыю. У нас яе зрабілі цацкай. Калі вы, як вы сябе лічыце, прыстойны чалавек, дык скажыце на ўвесь сьвет, што жыцьцё ў нас, як у Эўропе. Народ пасьля бальшавікоў падмануць вельмі лёгка. Таварыш Назарбаеў, раю вам, не марудзячы, сыходзіць у адстаўку. Тады вас і гісторыя, і народ згадаюць. Наш галоўны начальнік, мяркую, партыю ствараць ня будзе, але можа і возьме ваш прыклад, як людзям можна вешаць лапшыну на вушы”.

Усакова Алена Канстанцінаўна: “Я, вэтэран пэдагагічнай працы з саракагадовым стажам, выказваю сваё глыбокае абурэньне тым людзям, калі можна так назваць, якія судзілі і судзяць нашу моладзь. Самыя лепшыя – гэта нашы маладзёны. Многія зь іх ужо сядзелі ў турмах. І яны не зламаліся. Яны сталі больш загартаваныя, бо яны моцныя духам. Зламаць іх проста немагчыма. Канечне, здароўя ад гэтага не дадасца. Тое, што робіць гэты злачынны рэжым разам са злачыннай судовай сыстэмай, – гэта злачынства. Такога ня можа быць нідзе ў цывілізаваным сьвеце, каб людзі, якімі ганарыцца народ, такія як Севярынец, Дашкевіч, Казулін, каб яны па турмах, па “сутках”, са штрафамі. Гэты рэжым проста іх баіцца, каб яны ня сталі ім канкурэнтамі. Такія людзі ім, як костка ў горле. І злачынную судовую сыстэму чакае суд Божы”.

Спадарыня: “Практычна ўсе перадачы беларускіх тэлеканалаў суправаджаюцца рэклямай піва, каторае адносіцца да алькагольных напояў, і яго рэкляма забаронена ва ўсіх цывілізаваных краінах. Прапагандысты забываюцца папярэдзіць, што наступствы піўнога алькагалізму – гэта ня толькі “дах паехаў”, але і хворыя печань, сэрца, ныркі, парушаны гарманальны статус, калі мужчына ператвараецца ў рыхлую, тлустую цётку з абвіслым жыватом”.

Спадарыня: “Паслухала Радыё Свабода. Зь Віцебску нейкі доктар гаварыў, маўляў, у нас цяпер культура, у нас цяпер добра. Ня праўда! Хамства, як было, так яно і ёсьць. Ніякай культуры ня будзе, бо мовы няма нашай беларускай. Маладыя баяцца гаварыць па-беларуску. Няма культуры. А яшчэ я чула, што ў верасьні будзе гучаць Данчык, – гэта проста цудоўна”.

Спадар: “Я хачу сказаць пра веру. Гавораць, быццам камуністы задушылі вернікаў. Гэта ж падман. І вы гэты падман прапагандуеце. Адкуль тады зараз узялося столькі праваслаўных? У мяне жонка праваслаўная, хрышчаная – 1952 году нараджэньня. Сын хрышчаны ў 1985 годзе. І пра якія ганеньні вы гаворыце? Я сам асабіста езьдзіў у Браслаў у 1972 годзе – касьцёлы усе працавалі. Ніякага ганеньня не было. І ў Менску ў цэрквы заходзіў. Камуністычная партыя і любая рэлігія жылі рука ў руку. Гэта вы хочаце нас усіх разьдзяліць, каб мы біліся з каталікамі, з празаходнімі”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Замежныя інвэстары дрэнна ведаюць Лукашэнку. Сёньня ён прадаў прадпрыемства, а заўтра забярэ назад, каб пасьлязаўтра прадаць яшчэ раз іншаму інвэстару”.

Ільля Копыл, Менск: “Паслухаў некалькі разоў тэлефонныя званкі на Свабоду Ігара Партнова. Можа, ён і мае рацыю? Ён прыдумаў для сябе казачную краіну Беларусь, у якой дзяржава клапоціцца пра людзей. У гэтай краіне ёсьць свабода слова, можна атрымаць любую інфармацыю. Шмат сродкаў для выказваньня думак грамадзянам. Усе скаргі, просьбы вэртыкаль разглядае і дае адказы. Гарлапаніць на плошчы – гэта не для яго. Радыё Свабода ён назваў органам Кангрэсу ЗША. Але што цікава – ён прагна слухае Свабоду і нават тэлефануе. А гэта азначае, што ўсё ж яму інфармацыі зь дзяржаўных СМІ не хапае. Заклікаю слухачоў Свабоды быць цярпімымі да яго. Мы ўсе грамадзяне адной краіны, хоць і думаем па-рознаму”.

Ларыса, Менск: “Пра незалежнасьць нашай краіны гаворыць і апазыцыя і урад, на чале з прэзыдэнтам, але аб’яднацца так і не змаглі. А на справе мы бачым, наколькі мы залежныя ад Расеі. Сваіх крыніцаў энэргіі ў нас няма і за доўгія гады не змаглі вырашыць гэтае пытаньне. Усё думалі – абыдзецца. А не абышлося. Вось і патрапілі ў пастку. Палітыка падкачала. Навукоўцы падказвалі, што трэба рабіць, але на іх прапановы махалі рукою. Вось цяпер і будзем расплачвацца. Крэдыты браць – справа няхітрая, толькі як іх потым аддаваць? І хто гэта будзе рабіць? Нашы дзеці і ўнукі? Але ж і падзячаць яны нам за такі падарунак! Аб’яднайцеся з апазыцыяй і перастаньце перасьледаваць маладых і саджаць іх на 15 сутак. Трэба лепей прачытаць кнігу Севярынца, можа там ёсьць падказка”.

Спадар: “Не магу прамаўчаць наконт тэлефанаваньня доктара зь Віцебску. Як ён хваліць гэтую вэртыкаль. Якія яны там, маўляў, добрыя, харошыя спачуваюць усім – проста анёлы. Добра яго прынялі -- наабяцалі ўсяго. У красавіку сёлета мне самому давялося наведаць гэтую ўстанову. Можа, я па няведаньні ня ў тыя дзьверы ўвайшоў, ці ня так зьвярнуўся, толькі мяне нават выслухаць не захацелі і даволі груба выставілі за дзьверы. Вось вам і вэртыкаль! Вось як яна ставіцца да простых людзей! Магчыма, ён харошы доктар і яго ўсе ведаюць і ўсюды прымаюць, а я проста рабочы, таму мяне так і прынялі”.

Валеры: “Вялікі дзякуй пісьменьніку Леаніду Маракову за зьвесткі пра зьніклых вязьняў і пра тых катаў. Гэта патрэбна, каб болей гэта ніколі не паўтарылася. У мяне у 1938-м годзе зьнік мой дзядзька. Ён быў простым настаўнікам, а зрабілі ворагам народу толькі за тое, што памагаў людзям пісаць лісты. Дзе ён цяпер ляжыць?”
XS
SM
MD
LG