Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<B>М.Халезін: “Адпусьцілі толькі дзяцей. Затое на кватэры французаў праводзяць ператрус”</B>


Алег Грузьдзіловіч, Менск У памяшканьні Савецкага РАУС працягваюць утрымліваць каля 50 актораў і гледачоў “Свабоднага тэатру”, якія бралі ўдзел у пастаноўцы і праглядзе п’есы “Адзінаццаць кашуль” паводле п’есы Эдварда Бонда. Каля 23.00 сувязь з рэжысэрам тэатру Мікалаем Халезіным аднавілася.

“Нас усіх утрымліваюць у вялікай зале. Тут неверагодная сьпякота, але піць не даюць. Доўга не пускалі дзяўчат у прыбіральню, у некаторых пачалася істэрыка. Дамоў адпусьцілі толькі трох малалетніх дзяцей з бацькамі, якія прыйшлі паглядзець спэктакль. Дый тых папярэдне перапісалі. Абвінавачаньняў пакуль ня выставілі. Дый што яны могуць сказаць? Няўжо спэктакль у хатніх умовах – гэта злачынства?”, – сказаў Мікалай Халезін.

Тым часам Мікалай Халезін атрымаў на тэлефон паведамленьне, што міліцыянты пачалі ператрус у кватэры, якую зьнялі францускія госьці “Свабоднага тэатру”. “Мне вядома, што іх забралі адсюль і павезьлі ўдзельнічаць у ператрусе. Гэта тры акторы тэатру-студыі “Артфотвіль”. Што зь імі цяпер – мне невядома. Гэтаксама, як і з двума галяндцамі, якіх таксама затрымалі на спэктаклі. Іх спачатку адпусьцілі, а потым зноў затрымалі”, – паведаміў Мікалай Халезін.

“Свабодны тэатар”, якім ён кіруе, ня мае сваёй сцэнічнай пляцоўкі і дзяржавай не фінансуецца. За два гады існаваньня тэатру ў ім пастаўлена 7 п’ес, тэатр удзельнічаў у шэрагу фэстываляў. Сёлета “Свабодны тэатар” быў прыняты ў Эўрапейскую тэатральную канвэнцыю.
XS
SM
MD
LG