Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах прайшла талака ля помніка ахвярам рэпрэсій


Алег Грузьдзіловіч, Менск Яраслаў Грышчэня ды іншыя актывісты “Маладога фронту” з Баранавіч правялі талаку ля крыжа, усталяванага ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Тым часам ўлады Беларусі не выказваюць жаданьня ўшанаваць памяць ахвяраў сталінізму з нагоды 60-х ўгодкаў пачатку вялікага тэрору.

Сёньня ў Баранавічах актывісты “Маладога фронту” Яраслаў Грышчэня, Віктар Парначоў, Арцём Ластавіцкі, Наста Здрох, Кася Радчанкава ды іншыя прыбіралі тэрыторыю вакол крыжа ў гонар ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Яраслаў кажа, што ім ніхто не замінаў, але ніхто з мінакоў да талакі мадафронтаўцаў не далучыўся:

“Сёньня выкарчоўвалі ўсе старыя кусты і пасохлыя кветкі, якія ёсьць вакол крыжа. Прыбярэм паперы, бутэлькі ды іншае сьмецьце ў сквэры, а потым высадзім кветкі, якія зацьвітуць пазьней. Такім чынам, ў верасьні тут ужо тут будуць кветкі.”

У пачатку 1990-х прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці ў Баранавічах дамагліся ўсталяваньня крыжу ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Першапачаткова крыж стаяў у цэнтры гораду, але пазьней яго перанесьлі ў іншае месца – у маленькі сквэр на вуліцы Крупскай. Паводле Яраслава Грышчэні, мясцовыя ўлады зусім не сочаць за гэтым помнікам. У выніку на ім часта зьяўляюцца правакацыйныя надпісы, якія потым зафарбоўваюць маладафронтаўцы.

Алена Макарэвіч зь менскай суполкі “Маладога фронту” кажа, што яе сябры ў розных гарадох Беларусі часта ладзяць падобныя талакі. Сама Алена найчасьцей працуе ў Курапатах:

“Прыкладам, ў Менску мы кожную суботу ходзім прыбіраць Курапаты. Таксама прыбіраем на Кальварыйскіх могілках, шмат дзе ў іншых месцах. Толькі мы ня робім з гэтага паказуху”.

У лічаных гарадох Беларусі ёсьць памятныя знакі ў гонар ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Звычайна гэта драўляныя крыжы, грошы на якія сабрала грамада, як ў Курапатах пад Менскам. У мясцовых ўладаў па-ранейшаму не даходзяць рукі да будаўніцтва капітальных помнікаў.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Мілінкевіч ў 1990-х працаваў у Гародні віцэ-мэрам. Ён згадаў, што тады ўлады горада прынялі рашэньне пабудаваць помнік ахвярам рэпрэсій. “Але палітыка зьмянілася і помнік гэтак і не пабудавалі, хаця рашэньне дагэтуль не адмененае”, -- кажа Аляксандр Мілінкевіч. На яго думку, вярнуцца да былых плянаў магчыма толькі пасьля зьмены палітычнага курсу:

“Мяркую, немагчымы працэс дэсталінізацыі ў краіне, дзе будуюць “Лініі Сталіна”, альбо, як на нашай Гарадзеншчыне ў Сьвіслачы, усталёўваюць помнік Сталіну. Улада будуе схему, якая ў пэўным сэнсе паўтарае схемы тых часоў, толькі што няма масавых расстрэлаў. Але ёсьць іншыя злачынствы. Таму мяркую, што пакуль ў Беларусі ня будзе дэмакратычных выбараў, ані помнікаў рэпрэсаваным ня будзе, ані праўды пра тыя часы мы афіцыйна не пачуем”, – сказаў Свабодзе Аляксандар Мілінкевіч.

Супраць актывіста “Маладога фронту” Яраслава Грышчэні ў Баранавічах заведзена крымінальная справа. Юнака абвінавацілі ўва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі, яму пагражае некалькім гадоў турмы.

• Менскі гарадзкі суд пацьвердзіў рашэньне аб нерэгістрацыі “Маладога фронту” , 17.08.2007 • П.Севярынец: “Мы чакаем узмацненьня рэпрэсій”, 11.08.07
XS
SM
MD
LG