Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларускай мове ў Беларусі навучаецца толькі кожны пяты школьнік


Іна Студзінская, Менск Крыху больш чым праз тыдзень пачнецца новы навучальны год. Тэма сёньняшніх досьледаў -- колькі першаклясьнікаў сёлета пойдзе ў беларускія клясы? І колькі ўвогуле дзяцей мае магчымасьць навучацца ў Беларусі на роднай мове?

Паводле інфармацыі старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Таварыства беларускай школы” Алеся Лозкі, у 1993 годзе на беларускай мове навучаліся 76% першаклясьнікаў. У 2006-м – толькі 18%.

Найгоршая сытуацыя зь беларускамоўнымі школамі і клясамі ва ўсходніх, Магілёўскай і Гомельскай абласьцях. Адносна лепшая – у Менскай вобласьці: 92% беларускамоўных першаклясьнікаў там было ў 1993 годзе, і 31% – летась:

“Сытуацыя, па-сутнасьці, не мяняецца, таму што мы бачым падзеньне прыёму ў першыя клясы беларускамоўныя. Кожны год па краіне мы больш за 100 школ зь беларускай мовай навучаньня недалічваем, бо яны альбо пераводзяцца ў рускамоўныя, альбо наагул ліквідуюцца як малакамплектныя. У мінулым годзе было прынята толькі 18% дзетак у першыя беларускамоўныя клясы”.

Як кажа Алесь Лозка, выкарыстоўваюцца самыя розныя спосабы закрыцьця беларускамоўных школ ці клясаў. Так, сёлета Глыбоцкая сярэдняя школа №3 зь ліцэйскімі клясамі пачынае набор дзетак-шасьцігодак на расейскую мову навучаньня, хаця цягам шасьці гадоў школа працуе як цалкам беларускамоўная.

Складаная сытуацыя і ў сталіцы: летась толькі 3% першаклясьнікаў пайшлі ў беларускія клясы (у 1993 годзе – 58%). Але сёлета колькасьць беларускіх гімназій, школ і клясаў і сталіцы не скарачаецца ў параўнаньні зь мінулым годам. У прыватнасьці, гэта сьцьвярджае намесьніца начальніка Ўпраўленьня адукацыі Менгарвыканкаму Тацяна Харужая:

“Нічога не скарачаецца. Усё застаецца, мы свае беларускамоўныя гімназіі і школы шануем, як зрэнку вока. 4-я, 14-я, 23-я, 9-я і 26-я гімназіі, і школы ўсе засталіся. І нават мы спадзяемся, што пашырыцца колькасьць клясаў. Бо вялікую працу праводзілі, каб адкрылася больш першых клясаў”.

Спрабую пагутарыць з інспэктарам Міністэрства адукацыі Зояй Падліпскай:

Карэспандэнтка: “Які прагноз на новы навучальны год: горшы, лепшы, чым летась?”

Падліпская: “А думаю, ня горшы... Але каб з вамі гаварыць, я павінна атрымаць дазвол свайго кіраўніцтва”.

Кіраўніцтва ведамства сказала, што канкрэтныя лічбы на новы навучальны год назваць пакуль немагчыма, яны будуць вядомыя пазьней, бо яшчэ вядзецца набор першаклясьнікаў. Па статыстыку параілі зьвярнуцца ў кастрычніку.

Разам з тым старшыня ТБШ Алесь Лозка заўважае адзін аптымістычны паказчык, які ён вельмі трапна назваў “неафіцыйным рэфэрэндумам” за беларускую мову:

“Адзінае, што суцяшае: сёлета 87 тысяч абітурыентаў пажадалі здаваць тэст па беларускай мове. Беларускую мову выбіраюць нават тыя, хто вучыўся ў школах з рускай мовай навучаньня. Бо закончылі 11-годку зь беларускай мовай навучаньня толькі каля 20 тысяч чалавек”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі 3 979 сярэдніх школ. Па-беларуску выкладаньне вядзецца ў 2196 школах (пераважна гэта вясковыя школы), па-расейску – у 1489 школах.

На дзьвюх мовах выкладаюць у 205 школах. Усяго ў Беларусі летась было 1мільён 160 тысяч 877 школьнікаў. Па-беларуску навучалася 245 928 дзяцей – гэта 21,5% ад агульнай колькасьці вучняў.
XS
SM
MD
LG