Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вялікія Аўцюкі: “Цяпер ніхто не памірае бокам. Усе паміраюць ракам”


Зьміцер Бартосік, Вялікія Аўцюкі Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 7 жніўня

Некалькі гадоў назад пісьменьнік Уладзімер Ліпскі напісаў кнігу “Чыстая брахня”. Героі таго твору, жыхары вёскі Вялікія Аўцюкі, называюць адзін аднаго, залежна ад полу, каласкамі і калінкамі. Пры гэтым нястомна жартуюць. Стараньнямі пісьменьніка ў Вялікіх Аўцюках два разы на год праводзіцца фэстываль гумару. І едучы ў афіцыйную сталіцу беларускага сьмеху, я хацеў пабачыць вясёлыя твары гаманкіх аўцюкоўцаў. Ці прывезьці адтуль, у якасьці сувэніра, хаця б адзін трапны жарт. І я ж яго прывёз. Але пра ўсё па парадку.

Падарожжа Свабоды, Вялікія Аўцюкі

Даўжэзная, ці не бясконцая галоўная вуліца Аўцюкоў патанае ў зеляніне старых дрэў і ў соннай летняй сьпёцы. І, о дзіва! Першы ж сустрэты мною аўцюк выглядае гэтак, быццам адно мяне й чакаў. Невысокі таўстун з дабрадушным тварам і ў саламяным брылі. Гэткі аўцюкоўскі Несьцерка. Завуць таго вяскоўца Мікола Верабей. Дарэчы, ён зусім не зьдзівіўся майму візыту. І сходу пачаставаў колькімі анэкдотамі.

Падарожжа Свабоды, Вялікія Аўцюкі

Мікола: “Два аўцюкі вырашылі выпіць. Адзін аднаму кажа: “Давай мытню зробім”. “Ну, давай!” Перакрылі дарогу. Напісалі: “Мытня”. Кіі пабралі. Едуць бранскія. Тармозяць. “Што такое?” “Усё, хлопцы. Мытня. Давайце пошліну плаціце”. “А колькі вам трэба?” – адзін пытае: “А па чым у Ганны самагонка?” “Тры тысячы”. “Нам шэсьць тысяч – і далей можаце ехаць”. Каманда: “Хлопцы, выйдзіце адлічыце”. Утрох выйшлі, здаравушчыя. “Адлічылі”. Адзін аўцюка ў лес закінуў, а другі ў канаве ляжыць. “Мікола, ты нумар бачыў?” “Бачыў”. “Які?” “43-44”. “А літары якія?” “А які ж дурань на ботах літары піша?”

Скажу шчыра, весялосьці ад кніжнага анэкдоту не паболела. І я, з парады спадара Вераб’я, пайшоў да пэнсіянэркі Тацяны Баравік. Спадарыня Тацяна, зграбная кабета гадоў 60-ці, у Вялікіх Аўцюках – фігура знакавая. Пра такіх кажуць: ёй больш за ўсіх трэба. Яна галоўная ўдзельніца ўсіх фэстывальных імпрэзаў. Сьпявачка, майстрыца, ініцыятарка пабудовы царквы. У вачах суседзяў аўтарытэт ейны значна ўзьняўся, калі Тацяна асабіста сустракалася з Лукашэнкам падчас ягонага афіцыйнага візыту ў Аўцюкі.

Падарожжа Свабоды, Вялікія Аўцюкі

Тацяна: “У нас сяло... Людзі працалюбівыя. Прыгожыя. Во, як я – прыгажуняю. Ад чаго й прыпеўка ідзе. Аўцюкі, аўцюкі, чым жа яны славяцца? Вольхамі, бярозамі, ды дзеўкамі, як розамі. Сільна рабочы народ у нас. Мужчыны любяць патроху выпіваць. Піць дык піць, працаваць дык працаваць. Мы задумалі зрабіць царкву ў сяле. Мы сабралі суботнік. Ведаеце, колькі людзей сабралася? Я з працягнутай рукой пахадзіла ў кожную хату па сваім сяле. Хто дзесяць, хто пяць, а хто й сотню тысяч рублёў. І я назьбірала болей за мільён. А другое: вельмі нашы бабы любяць нашываць, ткаць, вязаць, прасьці”.

У Тацянінай хаце, убранай ручнікамі ўласнай работы, я налічыў ужо тры фатапартрэты, дзе гаспадыня падносіць Лукашэнку кветкі.

Тацяна: “Палюбуйцеся, якая я з Лукашэнкам на партрэце”.

Карэспандэнт: “А калі гэта было?”

Тацяна: “Летась. Прыяжджаў у нашу гаспадарку. І мне давялося зь ім сустрэцца. Я яму свайго ручніка падаравала”.

Карэспандэнт: “І што за чалавек? Як ён Вам падаўся?”

Тацяна: “Мне ён спадабаўся. Просты чалавек”.

Карэспандэнт: “Просты ці прытвараецца простым?”

Тацяна: “Я думаю, што не прытвараецца. Як можна прытварыцца? Гэта ж дзякуючы Лукашэнку мы так жывём”.

Пра тое, як жа мы жывём, мне патлумачылі Тацяніны аднавяскоўцы – моцны загарэлы мужык 60-ці гадоў і дзьве ягоныя галасістыя суседкі. Ад гэтага лета аўцюкоўцам не да жартаў.

Падарожжа Свабоды, Вялікія Аўцюкі

Кабета: “21 год хадзілі ў лес. А на 22-гі ўжо ўсё. Ужо райвыканкам распарадзіўся: тут радыяцыю знайшлі”.

Спадар: “Радыяцыю зьнялі. Пэнсіі ня плацяць за радыяцыю”.

Спадарыня: “Мы чакаем гэтага няшчаснага лета, як Бога”.

Спадар: “І стары, і малы, і п’яніца – любы ідзе ў лес...”

Спадарыня: “Каб выжыць. За зіму няможна хлеба купіць. Няма за што. І дзеці зьяжджаюцца. Наташа плача: “Мама, я думала, хоць прыеду капейку зараблю”. А тут ужо распарадзіліся – будзе базавых велічынь багата штрафу. Ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь нам”.

Спадар: “Жанчыны зьбіраліся пісаць у Менск проста прэзыдэнту. Даў ён права такое ці не?”

Спадарыня: “Якое права? Летаць прэзыдэнт казаў: хто не лянуецца, – грошы ў сваіх руках. Не лянуйцеся, ідзіце. Сёньня ўжо – “бах”.

Спадар: “Перамянілася ўлада”.

Пра гэту праблему я ўжо чую ў палесскіх вёсках не ўпершыню. І зразумець лёгіку ўладаў, сапраўды, немагчыма. Можа, за дваццаць адзін год пасьля Чарнобыльскай аварыі ў палесскіх лясах рэзка ўзрос радыяцыйны фон? Разоў у сто – калі меркаваць з памеру штрафаў. Тады чаму адмянілі чарнобыльскія надбаўкі? Ці, можа, за кошт гэтых людзей улада спадзяецца падлатаць раённы бюджэт? Думаю, ня надта падлатае. Зрэшты, духам – як глянуць на твары – мае сурзмоўцы ня падаюць. Кампанія праводзіла мяне, як сказаў стары, “народнай” песьняй.

Сьпяваюць: "Шумеў камыш дзярэўя гнулісь".

Любімая песьня ўсіх п’яніц былой Расейскай імпэрыі яшчэ доўга разьлівалася па Вялікіх Аўцюках. І заціхла толькі на другім канцы вёскі, дзе мяне чакала яшчэ адна вясёлая размова з купкаю бабулек. З тых слоў, якімі беларускі народ называе свайго кіраўніка, ужо можна складаць калекцыю. Я чуў і паважлівае “Рыгоравіч”, і лісьлівае “наш прэзыдэнт”, і панібрацкае “шурык”. Тут я пачуў новенькае. У гэтай жыцьцярадаснай кампаніі галоўная праблема – ня ягады і ня пэнсія.

Старая: “Я сказала б Лукашэнку: “Папачка мілы. Што Вы робіце? Нашто нам тыя рэклямы? Выпусьцілі сэрыял – пруць і пруць тыя рэклямы, баб тых голых ды абы якіх”.

Карэспандэнт: “І ўсё? Акрамя рэклямы, усё харашо?”

Старая: “Грошы ў час дае. А рэклямы тыя надакучаюць”.

Карэспандэнт: “А не малавата дае?”

Старая: “Малавата. А дзе ён возьме, як няма болей? І там бура, і там бура. Дзе ён, бедненькі, возьме. У яго, беднага, мо, і лісапеты няма”.

Карэспандэнт: “У Лукашэнкі няма лісапеты?”

Старая: “Няма ў яго, бедненькага папы нашага, лісапеткі”.

Карэспандэнт: “Бачылі б Вы тую лісапетку. Там харошая лісапетка з харошым прапэлерам”.

У беларускай вёсцы можна наракаць на жыцьцё і нізкі заробак. Можна кідацца ў п’янку і скарачаць свае дні. А можна знайсьці любімую справу – і ў Аўцюках адчуваць сябе ня горш, чым у Рыа дэ Жанэйры. Прынамсі, так робіць Андрэй Васілевіч – малады дырэктар Аўцюкоўскай школы і настаўнік біялёгіі. Спадар Андрэй зрабіў у некалькіх школьных кабінэтах Афрыку з Паўднёвай Амэрыкай. Уявіце сябе звычайную аўдыторыю, застаўленую пальмамі, бананавымі і кававымі дрэвамі ды зь нейкімі ліянамі па сьценах. Тут не хапае хіба папугаяў з малпамі. Трыццацігадовы Андрэй, тыповы інтэлігент, у гарнітуры і акулярах, адчыніў мне дзьверы ў свой батанічны сад з жэстам шчодрага магната.

Падарожжа Свабоды, Вялікія Аўцюкі

Карэспандэнт: “І якая любімая расьлініна? Чым найбольш ганарыцеся?

Андрэй: “Усе мне даспадобы. Кожная па-свойму. Вось, напрыклад, гранат. Вось кава арабійская”.

Карэспандэнт: “І зь яе пасьля можна будзе зерне зьбіраць?”

Андрэй: “Так. Зерне высьпявае. А вось на гэтым кактусе сасьпяваюць смачныя ягады. Вельмі карысныя для мужчын. У пляне мужчынскай сілы. А вось гэты вельмі ядавіты. Дзеці пыталіся, што будзе, калі пакаштаваць на смак. Я кажу: знайдзі на могілках месца, а пасьля – на смак. Цяпер ніхто нават лісточка не кранае. У мяне яшчэ ёсьць расьліна. У старажытнасьці яшчэ рымляне давалі яе рабам – каб не размаўлялі, пакуль іх перавозілі зь месца на месца. Давалі пажаваць кусманчык ліста. Калі пажаваць, чалавек два дні ня можа ні есьці ні гаварыць. Адзін вучань адарваў маленькі кавалачак. Паўдня хадзіў шапялявіў. Дзеці, канечне, сьмяяліся зь яго. Плакаў, пытаў, ці будзе размаўляць нармальна. Я кажу: “Будзеш”. І да канца дня нармальна стала”.

Так, сапраўды. У гэтым аўцюкоўскім трапічным лесе сумаваць дзеткам не выпадае. Абы толькі каторую ягадку чароўную ня зьелі. Радыяцыйная маліна, пэўна ж, бясьпечней.

Фірмовы аўцюкоўскі жарт я пачуў, разгаварыўшы на вуліцы двух клясычных вясковых бабулек. Запытаўся, ці было калі ў Аўцюках вясёла.

Падарожжа Свабоды, Вялікія Аўцюкі

Марыя: “У тых гадах, калі я дзяўчынкаю была, з хлопцамі гуляла, дык Госпадзі! Як прыйдзем з работы... У нас ні рукі ні ногі тады не балелі. Ідзем – вуліца гнецца ад песень. Сьпяваем на ўсю вуліцу. Усіх людзей пабудзім песьнямі. А былі такія мужчыны – выйдзе на вуліцу, возьме гармонік і заграе на вуліцы. Дык мы ўсе туды бяжым. Давай танцаваць вакол. Сільна весела было ў Аўцюках. А цяпер моладзі няма. Адно стар’ё”.

Карэспандэнт: “Дзіўна. Раней жылі галодна, але вясёла. А цяпер сталі жыць сытней, але весялосьці...”

Марыя: “Кілбасы ня хочам”.

Вера: “Ніякай”.

Марыя: “Сёньня ўсе калекі. Таму, што гэта радыяцыя паела ўвесь народ. Паела. Раней не было ні бэркулёзу, ні раку гэтага. А цяпер хто памёр – рак усярэдзіне”.

Вера: “Цяпер ніхто не памірае бокам. Усе паміраюць ракам”.

З падзякай пачуўшы ад старых чыста беларускі, хай грубаваты і невясёлы, але ж трапны жарт, я зразумеў: з гумарам у Беларусі пакуль усё ў парадку.
XS
SM
MD
LG