Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Суд Маскоўскага раёну Берасьця прысудзіў Паўлу Севярынцу 15 сутак арышту</B>


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня судзьдзя Маскоўскага раёну Берасьця Вольга Сьмірнова вынесла прысуд Паўлу Севярынцу. Палітык пакараны на 15 сутак арышту паводле артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу – “паўторнае парушэньне Закону аб сходах і масавых мерапрыемствах”.

Перад абвяшчэньнем перапынку ў судзе Павал Севярынец атрымаў слова. Сваю заяву палітык агучыў і на просьбу Радыё Свабода:

“Тое, што адбылося 19 жніўня і ў наступныя дні – беззаконьне. Як і шмат з таго, што творыцца цяпер у Беларусі. За гэтае беззаконьне давядзецца адказваць перад судом чалавечым і судом Божым. “Якім судом судзіце, такім і вас судзіць будуць”, – нагадаў я суду Эвангельле паводле Мацьвея. І я лічу: тыя, хто верыць у Бога і Беларусь, перамогуць”.

У суд Маскоўскага раёну Берасьця Паўла Севярынца міліцыянты даставілі сёньня раніцай. У гэты ж суд выкліканыя таксама 14 паплечнікаў Паўла, якія бралі ўдзел у прэзэнтацыі кнігі “Лісты зь лесу” 19 жніўня. Судзьдзя Вольга Сьмірнова напачатку заявіла, што “разгляд справы Паўла Севярынца адбудзецца цягам адной гадзіны”, а пасьля маюць зьдзяйсьняцца суды над іншымі”. Затым спадарыня Сьмірнова паўторна прагледзела міліцэйскую відэастужку пра затрыманьне. Прысутныя ў залі суду такой магчымасьці ня мелі, – кажа юрыст Раман Кісьляк:

“Учора гэтую стужку праглядалі на экране ноўтбуку, а сёньня – толькі на відэакамэры. Публіка, і я ў тым ліку, не маглі практычна ні бачыць, ні чуць таго, што адбывалася”.

Сёньня тлумачэньні суду даваў падпалкоўнік Анатоль Сьцяпанаў. Гэта ён 19 жніўня кіраваў затрыманьнямі ў зарэгістраваным офісе БНФ. Паводле Рамана Кісьляка, цяпер міліцыянт адпрэчвае скаргі на грубыя дзеяньні – уласныя і падначаленых яму міліцыянтаў:

“Ён не прызнае, што дзейнічаў няправільна. Больш за тое: ягоныя паказаньні супярэчаць паказаньням супрацоўніка міліцыі Іванца, які сьведчыць, што міліцыянты ведалі пра сход партыі БНФ. Сьцяпанаў жа даводзіў, што там адбывалася “зладзейская сходка”.

Хаду суду ў першай палове дня камэнтуе праваабаронца Ўладзімер Вялічкін:

“Уся цяпер адказнасьць – на сумленьні міліцыі. Яна, пэўна, шукае магчымасьці апраўдаць свае захады, неадэкватныя сытуацыі. Была выкарыстаная структура, якую ўзначаліў Сьцяпанаў, – выехала са спэцсродкамі і ўзбраеньнем, каб адрэагаваць на сыгнал”.

Пасьля перапынку ў судзе сьведчыў удзельнік сходу Віталь Кісель. Ён заявіў, што Павал Севярынец ня быў арганізатарам сустрэчы ў Берасьці. Адвакат Павал Алесін прапанаваў спыніць справу супраць Севярынца. Рашэньне суду зачытала судзьдзя Вольга Сьмірнова – 15 сутак.

***

Паўла Севярынца арыштавалі ў Берасьці 19 жніўня падчас прэзэнтацыі ягонай кнігі “Лісты зь лесу”. Разам зь ім было затрымана 28 чалавек.

Раней Павал Севярынец быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту пасьля затрыманьня напярэдадні сьвяткаваньня гадавіны абвяшчэньня дзяржаўнага сувэрэнітэту 27 ліпеня.

Ад часу вяртаньня Паўла Севярынца зь вёскі Малое Сітна на Віцебшчыне, дзе палітык адбываў амаль два гады абмежаваньня волі, мінула 90 дзён. З “хіміі” спадара Севярынца вызвалілі сёлета ў траўні на чатыры месяцы раней, чым меў скончыцца тэрмін пакараньня.


Павал Севярынец нарадзіўся 30 сьнежня 1976 году ў Воршы. У 2000 годзе закончыў геаграфічны факультэт БДУ. У 1994–1999 гадах працаваў рэпартэрам у шэрагу дзяржаўных і камэрцыйных выданьняў. У верасьні 1997 году на Ўстаноўчым сойме быў абраны сустаршынём незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». У 1999–2003 гадах – намесьнік старшыні партыі БНФ. Ад 1999 да 2004 – старшыня «Маладога фронту».

Аўтар кніг «Ды-джэй Адраджэньня (1998 г.), «Пакаленьне «Маладога фронту» (2002 г.), «Нацыянальная ідэя. Фэміналёгія Беларусі» (2005 г.), «Лісты зь лесу» (2007 г.).


• У Берасьці падчас суду над Севярынцам паказалі відэастужку , 22.08.2007 • У судзе над Севярынцам аб’яўлены перапынак да заўтра, 21.08.2007 • Берасьце: Паўла Севярынца абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе, 20.08.2007 • Берасьце: падрабязнасьці затрыманьня ўдзельнікаў сустрэчы з П. Севярынцам, 20.08.2007 • Берасьце: затрымана каля 40 прыхільнікаў хрысьціянскіх дэмакратаў, 19.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG