Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стабільнасьць ці магчымы дэфолт: вайна крэдытных рэйтынгаў Беларусі


Юры Дракахруст, Прага 21 жніўня міжнароднае рэйтынгавае агенцтва “Standard & Poor''s” прысвоіла Беларусі сувэрэнны крэдытны рэйтынг: доўгатэрміновы ў замежнай валюце "В+", кароткатэрміновы ў замежнай валюце – "В", доўгатэрміновы рэйтынг у нацыянальнай валюце – "ВВ", кароткатэрміновы рэйтынг у нацыянальнай валюце – "В". Што азначаюць гэтыя паказчыкі? Як яны стасуюцца з прагнозамі некаторых эканамістаў аб хуткім краху беларускай эканомікі?

Крэдытны рэйтынг – ацэнка фінансавага здароўя краіны, на гэты паказьнік арыентуюцца банкі і ўрады, калі вырашаецца пытаньне, на якіх умовах даваць гэтай краіне крэдыты. Чым горшы рэйтынг, тым больш рызыкоўным зьяўляецца яе крэдытаваньне, тым з большай неахвотай і пад большы працэнт ёй даюць крэдыты.

Ацэнка, выстаўленая агенцтвам Standard & Poor''s Беларусі – сярэдняя. У камэнтары да яе агенцтва адзначае “дамінаваньне дзяржавы ў эканоміцы, слабую зьнешнюю ліквіднасьць, а таксама цэнтралізаванасьць палітычнай сыстэмы, якая зьніжае прадказальнасьць палітычных рашэньняў”.

Беларускае міністэрства фінансаў выказала задавальненьне атрыманым рэйтынгам, прыблізна такі ягоны паказьнік міністэрства і чакала. На думку міністэрства, рэйтынг адлюстроўвае стабільнасьць узроўню эканамічнага разьвіцьця краіны. Мінфін зьвяртае ўвагу на выснову Standard & Poor''s, паводле якой “эканоміка Беларусі зьяўляецца адной з найбольш разьвітых сярод краін яе катэгорыі рэйтынгу”.

Тым часам некаторыя незалежныя эканамісты ацэньваюць эканамічны і фінансавы стан краіны як вельмі кепскі, яны лічаць вельмі верагоднымі дэвальвацыю і нават дэфолт. Чаму ж міжнароднае агенцтва дае такі параўнаўча высокі рэйтынг Беларусі? Гаворыць кіраўнік дасьледнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка.

“Усе падлікі рэйтынгаў будуюцца на ранейшай інфармацыйнай базе, скажам, адносна Беларусі – ад 1995 да 2006 году. А тут усё было выдатна: ніякіх замежных даўгоў, праўда, і ніякіх інвэстыцый, устойлівы абмены курс з 2000 году, праўда, да 2000 году ў Беларусі ня ведалі, што такое ўніфікаваны абмены курс.

У краіне не адбывалася ніякіх фінансавых крызысаў, не абрынаўся фондавы рынак, якога няма. Тут ёсьць загадка – як аналізаваць чаканьні фінансавых рынкаў. Не было дэвальвацыі грашовай адзінкі, тры гады таму была 2140 за даляр і цяпер тое самае. Банкі працуюць прадказальна, бо крок управа, крок улева – і банк будзе зачынены, а старшыня сядзе. Палітычнае кіраўніцтва неверагодна стабільнае, яму нічога ня можа зрабіць ані Эўразьвяз, ані Крэмль.

Гэтыя чыньнікі і даюць такую ацэнку. Яна сярэдняя, невысокая. Наагул чакаць на працягу паўгода-году рэзкага пагаршэньня фінансавага становішча ў Беларусі не выпадае.

Таму сёньня ні Standard & Poor''s, ні іншыя сур''ёзныя аналітыкі ня кажуць, што ў Беларусі бліжэйшым часам адбудзецца фінансавая катастрофа.

Аналітыкі прагназуюць, што да канца году не адбудзецца моцных эканамічных забурэньняў. Магчымы нейкі ціск на абменны курс увосень, пагаршэньне фінансавай сытуацыі к канцу году. Тым ня менш правалаў ня будзе”.

Падчас апошняга беларуска-расейскага газавага крызысу мы паведамлялі пра ацэнку, дадзеную беларускай эканоміцы іншым міжнародным рэйтынгавым агенцтвам – Globalinsight. Паводле гэтай ацэнкі, краіна знаходзіцца на мяжы дэфолту. Цяперашняя ацэнка, дадзеная Standard & Poor''s, значна больш аптымістычная. У чым прычына такіх адрозьненьняў у ацэнках? Гаворыць аналітык кампаніі Globalinsight Натальля Лешчанка:

“Разьбежка толькі ў тым, як мы ацэньваем магчымы адказ беларускага ўраду на тыя праблемы, якія цяпер існуюць. Нашы агенцтвы маюць аднолькавы погляд на тое, якія праблемы трэба вырашаць Беларусі: у эканоміцы пануе дзяржаўны сэктар, валютных рэсурсаў недастаткова для пакрыцьця зьнешніх абавязкаў, канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў вельмі нізкая. І нельга чакаць вялікага прытоку інвэстыцый з-за мяжы. Ацэнка сытуацыі ў нас насамрэч падобная. Дарэчы, рэйтынг, які даў Standard & Poor''s, належыць да катэгорыі спэкуляцыйных.

Таму тут няма вялікай падставы для аптымізму. Нашы ацэнкі адрозьніваюцца тым, што Standard & Poor''s больш аптымістычна глядзіць на магчымасьць структурных рэформаў у беларускай эканоміцы. А нам, кампаніі Globalinsight здаецца, што магчымасьць таго, што беларускі ўрад пойдзе на гэты крок, меншая, чым гэта здаецца Standard & Poor''s.

Мы не адмаўляемся ад нашай ацэнкі, нашы эканамісты працягваюць лічыць, што Беларусь – у вельмі цяжкім становішчы. Насамрэч, справа ня ў тым, што наш рэйтынг такі нізкі, справа ў тым, што рэйтынг Standard & Poor''s не такі высокі, як здаецца і падаецца".
XS
SM
MD
LG