Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Шумчанка: у прадпрымальнікаў быў нэрвовы зрыў


Юлія Шарова, Менск Прадстаўнікі Міністэрства падаткаў і збораў і дробныя бізнэсоўцы зь менскага рынку Ждановічы заяўляюць: канфлікт між імі вычарпаны. Такім чынам, ждановіцкія прадпрымальнікі ня бачаць падстаў страйкаваць. Настрой гандляроў у многіх рэгіёнах Беларусі – іншы.

Як паведаміў кіраўнік прадпрымальніцкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка, сёньня крамы на трэцім паверсе цэнтру “Сьвет моды” аднавілі працу. Тыя некалькі дзясяткаў прадпрымальнікаў, што пачуліся ў небясьпецы пасьля нядзельнага інцыдэнту, зноў гандлююць. Такі галоўны вынік учорашніх перамоў прадпрымальнікаў з прадстаўнікамі Міністэрства падаткаў і збораў.

Спадар Шумчанка ўдакладняе:

“Накладзены мараторыюм на праверкі гэтых прадпрымальнікаў. Пытаньні наконт таварных накладных будуць вырашацца бліжэйшым часам. Яны яшчэ сказалі: калі б вы сёньня да нас не прыйшлі, то хоць мы доўга Ждановіч не чапалі, але мелі вялікую ахвоту накіраваць туды масавую праверку”.

Прычынай інцыдэнту стала спроба падаткавікоў апісаць тавар адной з прадпрымальніц, якая працуе ў цэнтры “Сьвет моды”. Яна ня мела патрэбных дакумэнтаў на тавар, і яе, да таго ж, падазраюць у заніжэньні прыбытку. Гэты адзінкавы выпадак скалануў іншых гандляроў, і яны выйшлі на стыхійны мітынг. Аднак насамрэч гэта не было спробай уладаў зрабіць захады супраць прадпрымальнікаў увогуле – тлумачыць дарадца міністра падаткаў і збораў Аляксандар Жыгуліч:

“Мы запыталіся ў іх канкрэтна па гэтай сытуацыі: няўжо ня маеце такіх дакумэнтаў? Яны адказалі: ну, што вы – гэтыя дакумэнты павінны быць, мы ўсе іх маем. Ну, тады якая праблема, чаму не гандлюеце? Дый годзе. Інцыдэнт вычарпаны”.

Справу прадпрымальніцы будзе разглядаць суд. Астатнім гандлярам падаткавыя органы паабяцалі зладзіць сэмінары. Такім чынам, гаворкі пра страйк на Ждановічах няма – цьвердзіць Анатоль Шумчанка:

“Гэта быў вынік нэрвовага зрыву прадпрымальнікаў у шэрагу тых падзеяў, якія адбываюцца ў краіне з канфіскацыяй тавараў паводле гігіенічных сэртыфікатаў і ўсяго астатняга. Людзі, натуральна, паглядзелі, што спрабуюць канфіскаваць тавары, і гэтая пагроза можа перакінуцца на іх. Яны, натуральна, баранілі сваё”.

Між тым, на 1 верасьня ў шэрагу беларускіх гарадоў прызначаны страйк прадпрымальнікаў супраць адвольных канфіскацыяў. Ідэю акцыі пратэсту падтрымліваюць многія дробныя бізнэсоўцы са Слуцку, Сьветлагорску, Салігорску й Барысава.

• Прадпрымальнікі на рынку ў Ждановічах спынілі працу, 21.08.2007 • Экспэртыза “Свабоды”: “Тавар могуць канфіскаваць за любыя парушэньні”, 20.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG