Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь знайшла грошы, каб разьлічыцца з “Газпромам”


Ігар Карней, Менск Як паведамляюць прадстаўнікі прадпрыемства “Белтрансгаз”, беларускі бок за дзень да прызначанага тэрміну разьлічыўся з канцэрнам “Газпром” за спажыты сёлета ў ліпені расейскі газ. Сума плацяжу склала болей за 140 мільёнаў даляраў. Факт аплаты пацьвердзілі і ў маскоўскай штаб-кватэры “Газпрому”.

Як паведаміў прэсавы сакратар прадпрыемства “Белтрансгаз” Уладзімер Чэкаў, беларускі бок выканаў свае абавязаньні перад “Газпромам”, пералічыўшы сёньня неабходную суму:

“У адпаведнасьці з кантрактам, “Белтрансгаз” цалкам аплаціў “Газпрому” кошт пастаўленага ў краіну ў ліпені прыроднага газу”.

Карэспандэнт: “Многія агенцтвы пры гэтым указваюць і памер аплаты...”

“Гэта яны самі дзесьці шукаюць і знаходзяць... Канкрэтных лічбаў у мяне няма. Але што мы цалкам разьлічыліся, – я вам дакладаю афіцыйна”.

Са спасылкай на крыніцы ў “Белтрансгазе”, за атрыманы ў мінулым месяцы прыродны газ на рахункі “Газпрому” пералічана амаль 145 мільёнаў даляраў.

Зь якіх рэзэрваў плаціць надалей?

У інтэрвію Радыё Свабода факт атрыманьня грошай пацьвердзіў афіцыйны прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў. На пытаньне: ці ня першы гэта за апошнія гады выпадак, калі Беларусь разьлічылася своечасова, Купрыянаў адказаў:

“У нас ужо дастаткова працяглыя ўзаемаадносіны. Таму праблемы, якія былі ў ліпені і жніўні, я думаю, – хутчэй, выключэньне з правілаў. А што да аплаты за ліпень, то яна насамрэч паступіла”.

Экспэрты прагназуюць, што знаходзіць немалыя грошы на ўсё больш дарагія энэргарэсурсы будзе складана. Прынамсі, як кажа эканаміст Міхал Залескі, у сытуацыі, калі дзяржава будзе й надалей трымацца за стратэгічныя аб’екты, разьлічваць толькі на замежныя крэдыты не выпадае:

“Хто можа купіць кавалачак таго ж “Нафтану”? Гэта могуць быць розныя людзі – і французы, і амэрыканцы, і галяндцы, і кітайцы. Усе хто заўгодна могуць быць зацікаўлены. І вэнэсуэльцы тыя ж самыя. Тут могуць быць вельмі нечаканыя і нават дзіўныя схемы. Але ж мы каму прадаём? Альбо нікому, альбо Маскве. Вось і ўся пастаноўка пытаньня. І гэта няправільная, некапіталістычная пастаноўка пытаньня. Калі ў нас сацыялізм, дык усё трэба абвясьціць сацыялістычнай дзяржаўнай уласнасьцю і рабіць што хочаш. А так атрымліваецца: ад зямлі адарваліся, а да неба не дасталі”.

Рынкавыя адносіны набліжаюць да капіталізму

На пачатку верасьня чакаецца ацэнка рынкавага кошту акцый менскага прадпрыемства “Мотавела”. У адпаведнасьці з рашэньнем ураду, дзяржаўны пакет акцый будзе прададзены аўстрыйскай кампаніі ATEC Holding. Гаворка пра мільёны “жывых” грошай і пэрспэктыўныя інвэстыцыі – ня меней за 20 мільёнаў даляраў за пяцігодку.

Яшчэ больш значны прыбытак улады маюць атрымаць ад продажу кіпрскай кампаніі SB Telecom дзяржаўнай долі першага апэратара мабільнай сувязі VELCOM. У гэтым выпадку, са слоў самога Аляксандра Лукашэнкі, гаворка пра сотні мільёнаў даляраў прыбытку.

Як лічыць старшыня Саюзу прадпрымальнікаў, эканаміст Аляксандар Патупа, у сытуацыі абмежаванасьці вольных сродкаў дзяржаве нічога не застаецца, як ступаць на рынкавыя рэйкі:

“Адназначна, што дзяржава паўсюдна шукае грошы. Гэта відочна. Было чакана, што грошы для “Газпрому” знойдуцца. Спадзяюся, што ў наступныя месяцы яны таксама будуць трымацца нейкай дысцыпліны. Бо зноў здарыцца міжнародны скандал, калі будзе іншы варыянт. Таксама лічу, што продаж дзяржаўнага пакету VELCOM – нармальная падзея. Увогуле, ва ўсім сьвеце гэта тыпова прыватны бізнэс, мабільная тэлефанія. Што да “Мотавела”, дык гэта трэба было зрабіць яшчэ шмат гадоў таму: каб працаваць на сучасным рынку, трэба рабіць больш тэхналягічныя мадэлі, а дзеля гэтага патрэбны інвэстыцыі. Таму як факт продажу дзяржаўнага прадпрыемства – гэта таксама вельмі добра”.

Нагадаем, з прычыны несвоечасовай аплаты ўжо спажытага газу ў першым паўгодзьдзі 2007 году пры канцы ліпеня між Расеяй і Беларусьсю разгарэўся газавы канфлікт. Сума запазычанасьці склала больш за 450 мільёнаў даляраў. Пасьля сэрыі ўзаемных абвінавачаньняў “Белтрансгаз” аплаціў запазычанасьць толькі 8 жніўня. Ад 1 студзеня 2007 году кошт расейскага газу пры пастаўках у Беларусь падвысіўся больш чым удвая – ад 46,6 да 100 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. І хоць гэта самы нізкі экспартны кошт газу для “Газпрому”, Беларусь амаль ніколі не плаціла за сыравіну своечасова.


• Беларусь цалкам разьлічылася з “Газпромам”, 08.08.2007 • Трафэі “газавай вайны”, 08.08.2007 • Да пятніцы "Газпром" ня будзе камэнтаваць інфармацыі пра аплату за газ, 07.08.2007 • “Газпром” даў Беларусі адтэрміноўку на тыдзень, 03.08.2007 • Міністэрства энэргетыкі Беларусі: “Газпром” парушыў дамову, 03.08.2007 • “Белтрансгаз” пералічыў “Газпрому” 190 мільёнаў даляраў , 03.08.2007 • Сяргей Купрыянаў: “Наступная кантрольная дата – 10 жніўня, 10.00”, 03.08.2007 • Абмежаваньне пастаўкі газу ў Беларусь адкладзенае, 03.08.2007 • На расейскі газ Лукашэнка пазычыць у Чавэса, 02.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG