Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каму на рынку цікава слухаць тваё жальбаваньне, што ня маеш грошай?..”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 22 жніўня 2007 году

У большасьці лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя жнівеньскія дні, па-ранейшаму галоўнай тэмай застаюцца беларуска-расейскія дачыненьні, а таксама эканамічныя праблемы, што напаткалі Беларусь у выніку падаражаньня расейскага газу.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу на гэту тэму, дасланага нашым даўнім сябрам, настаўнікам Мікалаем Буслам зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну:

“Гідка назіраць, як рупліўцы зь дзяржаўна-ідэалягічнай канторы з сур’ёзным выглядам абгрунтоўваюць яўную лухту. А што яны нясуць на адрас Расеі! Яна, вядома, далёка не ідэальная краіна. Дык і паводзьце сябе сур’ёзна, і ня шыйцеся ёй у сябры.

Скажыце, каму на рынку цікава слухаць чыё-кольвек жальбаваньне, што ня мае грошай? Жыві па кішэні і не наракай на няўдзячных прадаўцоў. Дык не ж – пакрыўляцца трэба.

І яшчэ вось якая акалічнасьць. Нейкая жанчына, адказваючы на ваша пытаньне наконт аплаты газу, заўважыла, што мы даўно плацім па сто даляраў за тысячу кубамэтраў. Але ж гэта спадарыня памылілася ў сем з паловай раз. Падаю просты разьлік. Калі верыць штампу на бляшцы, у сумленна запраўленым балёне – 20 кіляграм газу. Гэта прыблізна 16 кубамэтраў. І гэтыя 20 кіляграм каштуюць 26 тысяч рублёў, ці 13 даляраў. Значыць, 1000 кубоў каштуе нам 750 даляраў. Вось і ўвесь разьлік.

То бок шэраговым спажыўцам газ прадаецца па добрай заходнеэўрапейскай цане – да прыкладу, як у Нідэрляндах. Але заробкі і ўзровень жыцьця там нашмат вышэйшыя, чым нашы. Яшчэ 15 год таму пагадзінная аплата працы ў іх была – 19 даляраў. За два дні галяндзец зарабляў, як беларус цяпер за месяц.

Дык мне падаецца дзіўным, што яшчэ жывы міт пра “танны” газ. Мо, на ўваходзе да Лукашэнкі ён і танны, але на выхадзе пасьля яго цана – о-го-го! Што з гэтага вынікае? А тое, што ўраду няма аніякіх падстаў падвышаць цану на газ і на вытворную зь яго прадукцыю. Бо кошт і так даўно падвышаны”.


Разьлікі Вашы, спадар Бусел, не зусім слушныя. Кошты звадкаванага газу і таго газу, які пампуецца па трубах, значна адрозьніваюцца. Але ўвогуле Вы маеце рацыю: беларускія спажыўцы даўно плацяць за паліва значна даражэй, чым расейскія, хоць Беларусь аж да жніўня атрымлівала газ фактычна па ўнутрырасейскіх цэнах. Для даведкі: той 20-літровы балён звадкаванага газу, які ў Сьветлагорскім раёне каштуе 13 даляраў, у падмаскоўных Мыцішчах спажыўцы купляюць за 9.

Аўтар наступнага ліста – Васіль Валошка з Радашкавіч Маладэчанскага раёну. Напісаў ён нам пасьля таго, як пачуў па “Свабодзе” камэнтар старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай да ўвядзеньня ўрадам Злучаных Штатаў Амэрыкі новых візавых санкцыяў дачынна шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

“Вельмі я зьдзівіўся, калі спадарыня Ярмошына параўнала такія дзеяньні Захаду з мэтадамі Сталіна. Упэўнены, яна ўжо не адзін раз пашкадавала, што так сказала. Бо ўсе добра ведаюць, як наш цяперашні галоўнакаманднік ставіцца да таго галоўнакамандніка, чыім імём названа мітычная “лінія Сталіна”. А што да забароны на выезд… Мяне больш хвалюе тое, што ўлада фактычна забараніла выяжджаць за мяжу на аздараўленьне нашым дзецям. Ці ня ёсьць менавіта гэта мэтадам так званага “бацькі народаў”?”

Параўнаньні са Сталіным і сталінскім рэжымам у Беларусі гучаць часта – дарэчы і недарэчы. Праводзіць нейкія паралелі з той эпохай у такой справе, як свабода перамяшчэньня па сьвеце, даволі складана. Савецкія грамадзяне пры Сталіне за мяжу ўвогуле ня езьдзілі. І справа ня толькі ў тым, што ў пераважнай большасьці не было на тое ні грошай, ні пашпартоў. Нават тыя нямногія (пераважна камуністычная намэнклятура), у каго і грошы, і дакумэнты былі, за мяжу ня надта рваліся. “Быў за мяжой? Значыць, завэрбаваны, шпіён” – такія абвінавачаньні ў 30-ыя гады былі выстаўлены да дзясяткаў тысяч людзей, асуджаных у сталінскім СССР на катаргу і сьмерць.

Наш слухач Леанід Цыбульскі з Рэчыцы – чалавек сталага веку: яму 71-ы год. За плячыма – галоднае ваеннае і пасьляваеннае дзяцінства, ня надта заможнае юнацтва… Азіраючыся назад, на мінулыя гады і дзесяцігодзьдзі, Леанід Фядосавіч спамінае, параўноўвае, робіць высновы:

“Падчас вайны хлопчыкам мне давялося сядзець разам з маці ў хляве, дзе людзі чакалі сьмерці. Немцы нас ганялі, як мінэраў, па шляху – каб у выпадку выбуху ўзарваліся мы, а не яны… Мы галадавалі, харчаваліся лебядой, гнілой бульбай, жалудамі. А скончылася вайна – улада гатова была задушыць нас падаткамі. Але й сёньня, перажыўшы столькі пакут, я ня бачу палёгкі”.

Далей Леанід Цыбульскі піша пра сваю сям’ю, пра тое, як жывуць ягоныя ўжо дарослыя дачка і сын. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Сын на выдатна скончыў вэттэхнікум і вэтакадэмію. Працуе галоўным лекарам у адным з калгасаў Лоеўскага раёну. Аклад у яго – 246 тысяч рублёў. Заробак выдаецца залежна ад наяўнасьці грошай у калгасе. Напрыклад, за травень заплацілі 160 тысяч. За гэты час у гаспадарцы зьмяніліся тры дырэктары. Сын абслугоўвае тры фэрмы – больш за тысячу галоў быдла. З зарплаты вылічваюць за нізкую якасьць малака, за падзёж. Быў выпадак: племянны бык зламаў агароджу і ўтапіўся ў сіласнай яме. Дык вінаватым чамусьці палічылі вэтдоктара – і вылічваюць 357 тысяч рублёў. Вось так ставяцца да маладых спэцыялістаў. Спачатку давялося за свой кошт вучыць сына, а цяпер мушу і ўтрымліваць яго на сваю пэнсію.

Дачка зь зяцем і ўнукам жывуць у мяне. Ужо дзявяты год будуюцца. Былі праблемы з электрычнасьцю, з вадаправодам. Цяпер вось – з газам. Трэба пракласьці 300 мэтраў трубы па вуліцы. Зьвярнуліся да ўлады. Адказ: “Няма грошай, стварайце каапэратыў”. А на нашай жа вуліцы жывуць пераважна дзеці вайны, пэнсіянэры. Тым ня менш, каапэратыў стварылі, унесьлі год таму больш як мільён рублёў. Грошы “круцяцца”, прыносяць газавым магнатам прыбытак, а мы па-ранейшаму нічога ня маем. Вось такі клопат пра чалавека. За мінулы год куды я толькі ні пісаў – і прэзыдэнту, і ў газэты. Усе інстанцыі займаюцца адпіскамі, а скаргі ў канчатковым выніку перасылаюцца мясцовым чыноўнікам”.


Рэчыца – нагадаю – якраз той самы горад, дзе сёлета будуць сьвяткаваць усебеларускія Дажынкі. З гэтай прычыны у райцэнтры працуюць дзясяткі будаўнічых брыгад з усёй Магілеўшчыны: фарбуюць фасады, мяняюць дахі, укладаюць тратуарную плітку і новы асфальт на вуліцах. А на ўзьбярэжжы Дняпра будуюць нават амфітэатар. Дажынкі забяруць зь бюджэту мільёны даляраў. Пры гэтым, старшыня мясцовай вэртыкалі спадар Баранаў на афіцыйным сайце Рэчыцкага райвыканкаму паведамляе, што зь фінансаваньнем пытаньняў няма, ёсьць пытаньні толькі да будаўнікоў, да якасьці іх працы. Турботы з газавай трубой, на якую не стае грошай і ад якой гэтулькі гадоў залежыць сям’я Цыбульскіх, у праграму падрыхтоўкі да Дажынак ня ўпісваюцца. Відаць, таму, што на вонкавы воблік гораду адсутнасьць газавай трубы ніяк не ўплывае.

На заканчэньне – ліст ад пэнсіянэра Валера Грыневіча зь вёскі Вішнявец Стаўбцоўскага раёну.

“Мяне даўно хвалююць праблемы моладзі. Як вядома, афіцыйна ў Беларусі дзейнічае пралукашэнкаўскі моладзевы саюз. Там хлопцаў і дзяўчат адурманьваюць прывілеямі ды ідэалёгіяй, як і нас некалі – ідэалёгіяй сталінізму. На маю думку, у нас трэба стварыць сапраўдную народную моладзевую арганізацыю, каб зьяднаць адданую беларускай справе моладзь. Назваць гэту арганізацыю трэба па-бальшавіцку: ”Народная Воля” ці “Нарадавольцы”. А вось слова “Фронт” у назве выкарыстоўваць ня варта: ідэолягі Лукашэнкі запалохалі народ франтамі, людзі думаюць, што пад гэтай назвай хаваюцца тэрарысты. Дапамагчы стварыць такую арганізацыю, на маю думку, маглі б Калякін і Лябедзька”.

У Беларусі, спадар Грыневіч, нямала моладзевых арганізацыяў дэмакратычнага кірунку. І галоўная іхная праблема – ня ў назвах, а ў тым, што ўлада адмаўляецца іх рэгістраваць, а значыць, яны змушаны дзейнічаць у напаўлегальных умовах.

Што да назвы “Народная Воля”, то яна зусім не бальшавіцкая. Гэтак называлася рэвалюцыйна-народніцкая арганізацыя, якая дзейнічала ў Расейскай імпэрыі 130 год таму. Бальшавіцкая партыя тады яшчэ не існавала.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG