Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"І давайце паважаць людзей, якія паважаюць краіну і кіраўніцтва”.


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 22 жніўня, сераду. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24

Мікалай Куксо: “З радасьцю пачуў па Радыё Свабода, што ў верасьні гэтага году на радыё будуць гучаць песьні ў выкананьні Данчыка. Каб ацаніць і палюбіць усім сэрцам і душою нашу цудоўную мову, пранікнуцца прыгажосьцю, анёльскай напеўнасьцю і мэлядычнасьцю гэтага найвялікшага скарбу нашага народа – варта паслухаць беларускія песьні ў выкананьні нашага народнага салаўя непараўнальнага Данчыка”.

Спадар: “У афіцыйных СМІ пастаянна гаворыцца пра посьпехі, якіх дасягнула Рэспубліка Беларусь за апошнія гады ў прамысловасьці і сельскай гаспадарцы. А ў друку паведамляецца, што на Захадзе, да прыкладу ў Германіі, назіраецца крызыс у сельскай гаспадарцы, няма каму зьбіраць выгадаваны ўраджай. 11 траўня гэтага году газэта “Беларуская Ніва” пісала: “Немцы ня хочуць ісьці працаваць на поле з-за вельмі нізкіх расцэнак за цяжкую працу. За месяц цяжкой працы без выходных яму застаецца толькі каля 900 эўра. Канечне для нас гэта вялікія грошы, але не для немца. Гэта ж няшмат больш, чым дапамога па беспрацоўі, для атрыманьня якой ня трэба нічога рабіць. Тыя ж беспрацоўныя немцы, якія ўсё ж вырашаюць папрацаваць у сельскай гаспадарцы, вельмі хутка разумеюць сваю памылку.”

Дастаткова параўнаць немца, які зарабляе 900 эўра на месяц і беларуса, які атрымлівае некалькі соцень тысяч беларускіх рублёў, каб пераканацца, у якім стане знаходзіцца аплата працы ў нашай рэспубліцы. А што да беспрацоўных у краіне, дык яны амаль нічога не атрымліваюць. Толькі некалькі месяцаў ім плацяць мізэрную дапамогу па беспрацоўі. А часьцей і зусім нічога ня плацяць”.

Марыя Іванаўна: “Мой першы ліст Аляксандр Уладзіслававіч Казулін атрымаў. Астатнія ж мае лісты Аляксандр Уладзіслававіч не атрымліваў. Пытаньне: Хто за гэтым стаіць? А колькі лістоў было даслана Лукашэнку, хай бы хоць адзін прачытаў – адны адпіскі. Вось так працуе пошта”.

Ігар Пасноў, Віцебск: “Хацелася б яшчэ раз сказаць пра тое, што такой павагі, якую мы маем зараз у Беларусі, не было ні пры якім кіраўніку: ні пры камуністах, пры Кебічы, ні пры Шушкевічы, дэмакратах. Сёньня кожная скарга, кожны зварот знаходзіць у адміністрацыі ў структурах вэртыкалі разуменьне.

Зараз трымаю ў руках паштоўку ў якой напісана: паведамляем Вам, што Ваш зварот на імя Віцебскага аблвыканкаму зарэгістравана пад нумарам ... цягам месяцу Вы атрымаеце адказ. Такой павагі да чалавека раней не было. Пытаньні вырашаюцца і вельмі многія пытаньні вырашаюцца дадатна. Вельмі хацелася, б каб Радыё Свабода мела інфармацыю ня толькі адмоўную, а таксама і дадатную. Гэта было б справядліва. Гэта было б сапраўды дэмакратычна і свабодна. А вырашаць праблемы людзей можна, і я па магчымасьці стараюся дапамагаць і шматдзетным маці і інвалідам. Я паважаю наша кіраўніцтва. І давайце паважаць людзей, каторыя паважаюць краіну і кіраўніцтва”.

Слухач: “Зьявілася нагода павіншаваць вас з прарывам. Нарэшце вы папыталіся ў мінакоў: ці чулі яны, што Эўразьвяз нешта там надумаў? І з дзесяці ці дванаццаці апытаных толькі два чалавекі чулі нешта, адным вухам, як кажуць. А я вас даўно прасіў рабіць апытаньні пачынаючы са словаў “ці чулі”. А вы ўсё рабілі па сваёй інструкцыі – спачатку тлумачылі людзям, што маўляў, ёсьць зьява нейкая і як вы да гэтага ставіцеся? Раю вам і надалей так рабіць. Спачатку запытацца, ці чуў чалавек пра тое, пра што вы пытаецеся. Тады зьявіцца сэнс, а ў слухачоў зьявіцца інтарэс да такіх апытаньняў. Гэта ўжо будзе не проста карцінка, а можна будзе рабіць высновы. І нарэшце, лёд крануўся, Лукашэнка пайшоў са зьнятым капелюшом пабірацца. Вось ужо італьянцы міластыню дадуць”.
XS
SM
MD
LG