Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Начная аБЛОГа” – 21 жніўня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.

Беларускія карыстальнікі форумаў TUT.by абмяркоўваюць заявы ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Юшчанкі. Ён ня хоча, каб украінскую мову напаткаў лёс беларускай, таму не разглядае магчымасьць увесьці расейскую мову ў якасьці другой дзяржаўнай. Камэнтары ўдзельнікаў:

“Асабіста я, калі размова з украінцамі заходзіць пра пытаньне дзяржаўнай мовы, заўжды прыводжу як прыклад становішча беларускай мовы ў так званым "раўнапраўі" з расейскай. У выніку, мала які ўкраінец жадае сваёй мове такую ганебную долю, нават расейскамоўныя супраць. Таму пан Юшчанка цалкам мае рацыю”.

“Разумны дзядзька: ведае, што няма мовы – ня будзе й народу”.

“Пра што вы? Ва Ўкраіне палова народу як размаўляла па-ўкраінску (яшчэ да рэвалюцыі напэўна), гэтак і размаўляе, усё адно як і па-расейску. А ў Беларусі як амаль ніхто не размаўляў па-беларуску, гэтак і не размаўляе. І ня будзе размаўляць”.

Блогер Be1arus апавядае пра тое, як яго ўчора спрабавалі выклікаць у КДБ бяз позвы. Малады чалавек навучаецца ў Варшаве па праграме Каліноўскага, таму спэцслужбы зацікавіла “інфармацыя дзяржаўнай важнасьці”. Супрацоўнік КДБ спаслаўся на заканадаўства, згодна зь якім у такіх выпадках грамадзянаў могуць выклікаць бяз позвы. Малады чалавек папрасіў час, каб пракансультавацца зь юрыстамі. “За некалькі гадзінаў я пракансультаваўся ў найлепшых праваабаронцаў свайго гораду й быў цалкам гатовы да вечаровага тэлефанаваньня, бо ведаў, што артыкул 11 мне прачыталі не да канца, а завяршаўся ён такімі словамі – пры асабістым жаданьні грамадзянаў. Жаданьня асаблівага хадзіць па КДБ я ня меў. Самае цікавае, што ўвечары мне ніхто не патэлефанаваў! ТРЭБА ВЕДАЦЬ СВАЕ ПРАВЫ І АДСТОЙВАЦЬ ІХ!!!”

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч у сваім блогу падае такую статыстыку: “У 3,5 тысячы разоў беларускі высокахуткасны інтэрнэт даражэйшы за японскі. У нас ён каштуе 986 даляраў на месяц. У Японіі – 0,27 даляра за месяц. Другая ва ўсясьветным рэйтынгу Паўднёвая Карэя (0,45 даляра за месяц), трэцяя – Ісьляндыя (4,99 даляраў за месяц). Нават у Расеі высокахуткасны інтэрнэт каштуе ў 300 разоў таньней. У суседняй зь Беларусьсю Латвіяй за гэтую паслугу вы б заплацілі 21 даляр, у Польшчы – 20 даляраў, у Літве – 18 даляраў”.

На сайце Гарадзенскі блог працягваюць абмяркоўваць асаблівасьці мясцовай гарадзенскай рэклямы. Гэтым разам адзін з наведнікаў сайту зьмясьціў фота шматпавярховага шэрага будынку. У двух вокнах бачныя белыя сукенкі нявестаў – проста й без залішніх словаў.

А на афіцыйным сайце ўпраўленьня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму зьявіліся вынікі інтэрнэт-апытаньня “Ці ведаеце вы свайго ўчастковага?”. 76 адсоткаў апытаных адказалі, што нават ня чулі пра яго існаваньне.
XS
SM
MD
LG