Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – радзіма гарэлкі?


Алена Струвэ, Менск Да высновы, што Беларусь – радзіма гарэлкі, прыйшоў менскі экспэрт Вадзім Дзеружынскі, галоўны рэдактар выданьня “Секретные исследования” --> http://secret-r.net , вядомы сваімі нечаканымі падыходамі ў галіне анамальных зьяваў, лінгвістыкі, гісторыі, рэлігіі. Гэтым разам Дзеружынскі вырашыў аспрэчыць распаўсюджаную на постсавецкай прасторы тэорыю пра “расейскія карані” гарэлкі.

Вадзім Дзеружынскі спасылаецца на кнігу памерлага некалькі год таму расейскага гісторыка Вільяма Пахлёбкіна “История водки”. Пахлёбкін піша, што брэнд “водка” ёсьць выключна расейскім. Аднак Дзеружынскі выкарыстоўвае аргумэнты Пахлёбкіна як доказы супраць тэорыі “расейскіх каранёў” на карысьць “беларускага паходжаньня” алькагольнага напою.

Я.Колас: “Каб ты смалы ўжо быў напіўся!..”

Паводле Пахлёбкіна, сучасная тэхналягічная вытворчасьць гарэлкі ідзе ад распаўсюджанага сярод славянаў 15-га стагодзьдзя смалакурэньня. Крыху пазьней, паводле аналёгіі са смалакурэньнем, узьнікла вінакурэньне. Як піша Пахлёбкін, цэнтрамі смолакурэньня “трэба лічыць Полацкую Русь, Беларусь, Літву”. Галоўнымі ж смалакурамі былі жыхары цяперашняй Смаленшчыны ды памежных зь ёй сучасных беларускіх земляў.

Як сьведчыць Дзеружынскі, “Пахлёбкін указвае на Беларусь, не разумеючы, што “і “Полацкая Русь” (IX-XIII стагодзі), і “Літва” (афіцыйна назва Беларусі з XIII стагодзьдзя да 1860-х гадоў), і “Белоруссия” (уведзены расейскім царом пасьля паўстаньня Каліноўскага ў 1864 замяняльны тэрмін) – адна зямля, якая ўпершыню стала расейскай (маскоўскай) у 1795-м”.

Беларускі мастак і культуроляг Міхал Анемпадыстаў са скепсісам ставіцца да тэорыі “беларускіх каранёў” гарэлкі:

“Паміж палякамі і расейцамі адбылася спрэчка на дзяржаўным узроўні. І тады расейцы далі заданьне Пахлёбкіну абгрунтаваць, што гарэлка ўзьнікла ў Расеі. І гэтае дасьледаваньне выкарыстоўвалася ў гандлёвых спрэчках”.

С.Дайнэка: у іх – гарэлка, у нас – крамбамбуля

Паводле іншага экспэрта і аднаго з лабістаў старажытных гатункаў напояў, менскага прадпрымальніка Сяргея Дайнэкі, сапраўдным помнікам беларускай старажытнай пітной культуры ёсьць “крамбамбуля”. Яе вынаходнікі – вялікія князі літоўскія Радзівілы. Гэта моцная гарэлка-самагон, у склад якой уваходзілі шматлікія зёлкі, перац і цынамон. Ад гэтага, як пісаў гісторык Адам Мальдзіс, “у роце ўсё гарэла”.

“Па той інфармацыі, што мы маем на 15 стагодзьдзе, гэта быў вельмі распаўсюджаны моцны напой на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта тады пілі “крамбамбулю”, а слова "водка" было невядомае. У кожнай краме напой меў свой смак, кожная крама рабіла яе зь нейкім водарам. Аснова – жыта. На самагонным апараце з жыта праз дыстыляцыю атрымлівалі моцны напой, потым дадавалі розныя інгрэдыенты”.

У 2005 годзе продаж сьпіртовых напояў у Беларусі склаў на чалавека 10 літраў у пераліку на чысты алькаголь (гэта без уліку самагонкі). Сытуацыя лічыцца небясьпечнай, калі гэты паказчык роўны 8 літрам.

13 літраў алькаголю выпівае за год сярэдні беларус, 8.08.2007 У Брусэлі вырашылі, з чаго можа быць гарэлка, 19.06.2007 Што ў Беларусі лічыцца гарэлкай?, 19.06.2007
XS
SM
MD
LG