Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Пазьняк: "Путч быў цьвіком у труну СССР і КПСС”


Сяргей Навумчык, Прага Шаснаццаць гадоў таму пацярпеў паразу путч, арганізаваны так званым “ГКЧП” з мэтай спыніць дэмакратычныя рэформы ў Савецкім Саюзе і прадухіліць сувэрэнізацыю рэспублік. Супраць путчыстаў выступілі антыкамуністычныя сілы як у Маскве, так і ў Менску, Кіеве, сталіцах Балтыі. У выніку падзеі 19-21 жніўня 1991 году зрабіліся каталізатарам працэсаў, адваротных тым, якіх жадалі ініцыятары путчу – былыя савецкія рэспублікі заявілі аб сваёй незалежнасьці.

Гадавіна путчу сёлета засталася амаль незаўважанай як у Беларусі, гэтак і ў Расеі, і ў іншых дзяржавах былога СССР. Што да Расеі, дык нядаўняе апытаньне, праведзенае маскоўскімі сацыёлягамі Левада-цэнтру, паказвае, што 48 адсоткаў расіянаў лічаць путч ўсяго толькі эпізодам ў барацьбе за ўладу тагачаснай кіруючай эліты.

Генадзь Бурбуліс, які ў 1991 годзе быў палітычным дарадцам Барыса Ельцына, у інтэрвію расейскай службе Свабоды выказаў шкадаваньне, што вынікам путчу быў распад СССР:

Бурбуліс: “З аднаго боку, радуюся таму, што нічога падобнага шаснаццаць гадоў з намі не адбываецца. З другога боку, я пастаянна пераконваюся, што ўрокі 1991 году і ацэнка путчу не атрымлівае чалавечай і гістарычнай адэкватнасьці. Людзі ўсё менш і менш усьведамляюць, што путчысты на нашу агульную калектыўную бяду зрабілі незваротным распад нашай радзімы".

Іншую ацэнку выказаў Зянон Пазьняк, тагачасны лідэр парлямэнцкай апазыцыі БНФ, якая ў жніўні 1991 году дамаглася скліканьня пазачарговай сэсіі ВС і наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы.

Пазьняк: “Гэты путч, які рыхтаваўся з мэтай выратаваць КПСС і Савецкі Саюз, аказаўся цьвіком у труну СССР і КПСС. 19-га пачаўся путч, праз тры дні ён пацярпеў крах, а 25 жніўня мы ўжо абвясьцілі Незалежнасьць Беларусі. Так што гэты путч і гэты крах паспрыяў нашай Незалежнасьці. І гэта для нас вельмі істотна. Фактычна, ён прысьпешыў распад Савецкага Саюза і вызваленьне з-пад акупацыі. У парадку гумару магу дадаць, што гэты путч паўплываў на ўспрыманьне расейскага мастацтва: цяпер дастаткова толькі пачуць "Танец маленькіх лебедзяў" Чайкоўскага і -- і ўспамінаецца путч".
XS
SM
MD
LG